Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–30 мая

Арганізацыя чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску атрымала высокія ацэнкі спартовых экспертаў. Нават палітычныя апаненты прэзідэнта Лукашэнка прызнаюць: рахунак 1:0 на яго карысць. Разам з тым ацэнка фінансавай эфектыўнасці чэмпіянату, перспектыў далейшага выкарыстання пабудаваных да гульняў спартовых аб'ектаў і гасцінічных комплексаў пагражае не адной лыжкай дзёгцю ў бочку цяперашняга параднага мёду. «ВВС» (Вялікабрытанія)



smi4.jpg

Пра магчымасць запазычання кітайскага досведу неаднаразова выказваўся прэзідэнт Лукашэнка. У прыватнасці, яго прыцягвала выдатнае спалучэнне камуністычных ідэй з "цвёрдым капіталістычным падыходам да арганізацыі вытворчасці". Праўда, у экспертным асяроддзі існуе нейкі скепсіс адносна таго, што "кітайцы ўгавораць" Лукашэнку на рэформы. Рэальна ён зможа на іх рашыцца ў тым выпадку, калі пазбавіцца падтрымкі Расіі, як было ў 2008–2010 гадах. Пакуль жа ў адносінах саюзніц усё добра. На позве дня стварэнне Еўразійскага саюзу, за ўдзел у якім Беларусь атрымае чарговыя расійскія крэдыты.

«Независимая газета» (Расія)

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні — казаць пра тое, што даў ЧС Беларусі і які доўгатэрміновы эфект ад яго для краіны-гаспадыні, можна толькі праз пэўны час. Аднак ужо цяпер зразумела, што меркаванні і ацэнкі прыкметна разыходзяцца. Афіцыйныя СМІ сцвярджаюць, што атмасфера грандыёзнага свята пакіне Мінск яшчэ не хутка. Большасць незалежных аналітыкаў больш стрыманы ў ацэнках. Разам з тым адзначаецца, што міліцыя падчас чэмпіянату не затрымлівала людзей за скандаванне лозунгу: "Жыве Беларусь", што ў любой іншай сітуацыі амаль заўсёды было б нагодай для адміністрацыйнага арышту. А аналітыкі нагадваюць, што сумеснае заўзенне за сваіх спартоўцаў з'яўляецца будаўнічым для нацыі фактарам, што важна для Беларусі, дзе ёсць відавочныя праблемы з самаідэнтыфікацыяй.

«Deutsche Welle» (Германія)

Плацёжны баланс РБ аказаўся ў крытычным стане, асабліва пасля закрыцця "растваральнага" бізнэсу. Дэфіцыт бягучага рахунку з улікам экспартных мыт на вывазныя нафтапрадукты і выдаткаў па абслугоўванні замежных крэдытаў дасягнуў 7,3 мільярда долараў, што толькі на мільярд менш, чым у 2010-м (8,3 мільярда), што папярэднічала дэвальвацыйнаму крызісу вясны 2011 года. Так што пацверджаны крэдыт Масквы і выгандляваная ў яе саступка па вывазных мытах на нафтапрадукты вельмі дарэчы, каб "дзень прастаяць і ноч пратрымацца".

«ELITETRADER» (Расія)

Пасля Крыму можна чакаць, што аднойчы сур'ёзныя людзі ў Крамлі задумаюцца пра канчатковае рашэнне беларускага пытання. Тым больш, што тэхнічна гэта магчыма: рэспубліка мае агульную мяжу з Расіяй (досыць працяглую і зусім умоўную) і наводненая расійскімі войскамі. Момант праўды можа наступіць у самы блізкі час. Увосень 2015 года адбудуцца выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе ўпэўнены, што ведаюць прозвішча пераможцы загадзя, а прынцыповымі апанентамі дзейснага прэзідэнта стануць празаходнія апазіцыянеры. Аднак жыццё штораз паказвае, што апераваць штампамі бесперспектыўна і шкодна. У адзін цудоўны дзень супраць Лукашэнкі могуць падняцца не празаходнія лібералы-нацыяналісты "пад бел-чырвона-белым сцягам", а прарасійскія савецкія патрыёты, падперазаныя георгіеўскай стужачкай, з партрэтамі Пуціна і Леніна-Сталіна.

«Sensus Novus», (Расія)