Замежныя СМІ пра Беларусь: 9–14 сакавіка
Верагодна, беларускія сябры ўжо 100 разоў пашкадавалі, што здарыўся казус з растваральнікамі. У чэрвені 2012 года братоў-славян злавілі на схеме сыходу ад выплаты пошліны пры экспарце расійскіх
нафтапрадуктаў за межы Мытнага саюза. Але з Расіяй у цяперашнія часы жартаваць нельга. На думку расійскіх экспертаў, шкода, нанесеная бюджэту РФ, складае 1,5 мільярда долараў ЗША, якія Расія патрабуе
кампенсаваць. А дзе ў Беларусі такія грошы?
«Нафтагаз» (Расія)
З сыходам сябра Лукашэнкі Уга Чавеса Беларусь будзе ўсяго толькі адной з многіх краін, з якімі супрацоўнічае Каракас. У агульным аб’ёме знешняга гандлю
тавараабарот з Венесуэлай не перавышае і 2 адсоткаў. Афіцыйны Мінск працягвае пошук новых саюзнікаў у Лацінскай Амерыцы. Пра гэта сведчаць кантракты ў ваеннай сферы і па здабычы
нафты, падпісаныя раней з Эквадорам. Паведамляецца таксама, што і цяпер, у дні знаходжання ў Каракасе, прэзідэнт Беларусі правёў перамовы з кіраўнікамі Гаіці, Кубы і Балівіі аб перспектывах і
магчымасцях супрацоўніцтва. Пры гэтым стасункі з краінамі Лацінскай Амерыкі на фоне рознагалоссяў з Еўропай і ЗША Мінск па-ранейшаму будзе выкарыстоўваць як
прапагандысцкі сімвал знешнеэканамічнай дзейнасці кіраўніцтва, неўязнога ў заходнія краіны. На самай жа справе галоўныя інтарэсы дзяржавы Беларусь, і не толькі гандлёвыя, застаюцца на еўрапейскім
кантыненце — у Расіі і Еўрасаюзе.
«Deutche Welle» (Германія)
27 лютага на пасяджэнні ўкраінскага ўрада прынятая «Дзяржаўная праграма актывізацыі развіцця эканомікі на 2013–2014 гады». Прыярытэты
эканамічнай палітыкі сведчаць пра тое, што «рэфарматары» збіраюцца весці краіну па шляху кансервацыі і нават рэстаўрацыі структуры эканомікі савецкага ўзору і штучна падтрымліваць
яе жыццяздольнасць па беларускіх лякалах. Мы маем справу з прыкладам логікі эканамічнай палітыкі, якой вось ужо амаль два дзесяцігоддзі кіруецца беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Такі падыход
дае магчымасць утрымліваць параўнальна высокі «валавы выпуск» на атрыманых у спадчыну ад савецкага мінулага магутнасцях, аднак пры гэтым толькі пагаршаецца праблема
неканкурэнтаздольнасці эканомікі.
«Тиждень» (Украіна)
Пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, адносіны з ім патрабуюць паліткарэктнасці. Старанні па паляпшэнні адносін выклікаюць крытыку ў Літве і за мяжой. Грыбаўскайтэ падпала рэзкай крытыцы пасля сваёй неафіцыйнай сустрэчы з Лукашэнкам у Вільні, і калі яна ў 2010 годзе адправілася ў Мінск напярэдадні выбараў у Беларусі. Любое паслабленне выклікае папрокі, Літву могуць абвінаваціць у падтрымцы дыктатуры, абыякавасці да дэмакратыі і правоў чалавека. Кіраўнік адной з амерыканскіх няўрадавых арганізацый прапанаваў на сустрэчу Усходняга партнёрства на вышэйшым узроўні запрасіць у Вільнюс прадстаўнікоў апазіцыі, а не беларускіх уладаў.
«Обзор» (Літва)
Небывалай раней актыўнасцю вызначыўся (у Латвіі) Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. У Латвіі беларуская дыяспара невялікая — прыкладна сто тысяч чалавек. А Беларусь засяляе 10 мільёнаў чалавек. На гэтым фоне нашы сто тысяч — усяго толькі дробязь. Аднак варта ўлічваць, што балансуючую на мяжы банкруцтва «вотчыну» Аляксандра Лукашэнкі пакінулі больш за 900 тысяч чалавек працаздольнага ўзросту. З’ехалі працаваць у Расію, таму што там плацяць больш. Добраахвотна дадому не едуць, магчымасці рэпрэсій моцна абмяжоўваюць перамяшчэнні. Да таго ж, і Беларусь, і Расія ўваходзяць у Мытны саюз. У такой сітуацыі важна кожнае «цёплае слова», якое гучыць з-за мяжы, і па магчымасці трэба весці барацьбу з любым выказаным у асяроддзі суайчыннікаў крытычным меркаваннем.
«IR» (Латвія)