Загнаць немца на выбары

У нядзелю, 22 верасня, Германія будзе абіраць парламент. Ад папярэдніх выбараў цяперашнія адрозніваюцца тым, што яшчэ ніколі так шмат у Германіі не казалі пра феномен няўдзелу выбаршчыкаў у галасаванні.



images14.jpg

Ужо зараз відавочна, што 22 верасня ў фокусе ўвагі будзе перш за ўсё лічба галасоў, пададзеная за лібералаў. Калі Партыя свабодных дэмакратаў не атрымае пяць працэнтаў (прахадны бал у Бундэстаг), Меркель давядзецца шукаць новага партнёра па кабінету.

Другая лічба, якая цікавіць усіх, звязаная з яўкай. Ці паб’юць выбары 2013-га антырэкорд выбараў 2009-га, калі 29 працэнтаў выбаршчыкаў ігнаравалі свой грамадзянскі абавязак? Чатыры гады таму гэта тэма мала каго цікавіла, аднак цяпер у ФРГ пра няяўку не гаворыць толькі лянівы. Быць нявыбаршчыкам у Германіі нечакана стала модна.

У доказ можна прывесці шмат фактаў. Адзін з іх — выбух нечаканага інтарэсу да партыі, якая так і называецца — “Партыя нявыбаршчыкаў” (Partei der Nichtwähler). Партыя была заснаваная яшчэ ў 1998 годзе для таго, каб, адпаведна праграме, дапамагаць у прамоцыі ідэі нізавой або прамой дэмакратыі. Гэтая нізавая дэмакратыя, на думку заснавальнікаў, перш за ўсё выражаецца ў свядомым выбары на карысць таго, каб не хадзіць на выбары. Забаўная праграма, аднак, не дапамагла партыі выжыць у палітычнай барацьбе. Пасля таго, як на зямельных выбарах у 2002 годзе яна атрымала ўсяго каля 200 галасоў, структура проста перастала існаваць.

Праз дзесяць гадоў “нявыбаршчыкі” трыумфальна вяртаюцца ў нямецкую палітыку. Іх запрашаюць на самыя папулярныя ток-шоў краіны, каб яны яшчэ раз заклікалі да байкоту выбараў. Гэта пры тым, што паралельна гэтай арганізацыі, як грыбы пасля дажджу, з’явіліся грамадзянскія ініцыятывы, якія прапануюць бюргерам прагаласаваць 22 верасня нагамі. 

У чым прычыны незвычайнага жадання немцаў не хадзіць на выбарчыя участкі? Перад тым, як адказваць на гэтае пытанне, намалюем сацыялагічны партрэт сярэднестатыстычнага нявыбаршчыка. Сацыёлагі вызначаюць чатыры асноўныя катэгорыі ў гэтай групе: 1) тыя, хто не цікавіцца палітыкай; 2) тыя, хто не галасуе з-за нейкіх рацыянальных прычын; 3) аматары прадэманстраваць свой пратэст супраць існуючай сістэмы праз байкот выбараў; 4) людзі, якія не прагаласавалі з-за нейкіх тэхнічных праблемаў.

На думку прэсы, рост няўдзелу ў выбарах адбыўся перш за ўсё за кошт росту колькасці тых, хто належыць да другой і трэцяй катэгорый. Тыя, хто галасуе ў сілу нейкіх перакананняў і здольны артыкуляваць прычыны такога кроку — у большасці ёсць былыя выбаршчыкі адной з партый. Яны расчараваліся ў былых кумірах, а новых не шукаюць. Выданне “Spiegel” паспрабавала высветліць прычыны такой фрустрацыі ў сегментах экс-прыхільнікаў кожнай з пяці вядучых партый ФРГ.

Атрымліваецца, што былым выбаршчыкам кансерватараў не падабаецца культ Ангелы Меркель, які пануе ў партыі. У экс-выбаршчыкаў сацыял-дэмакратаў дасюль траўма ад часоў кадэнцыі Шродэра. Шродэр ішоў на выбары 1998-га, абяцаючы правесці шырокі дэмакратычныя рэформы, аднак у выніку ў краіне мала што змянілася.

А вось былым фанатам “Зялёных” не падабаецца тое, што партыя адмовілася ад пратэстнага духу. Апошнім часам “Зялёныя” сапраўды ўсё больш намагаюцца стаць выразнікам інтарэсаў гарадской буржуазіі. Што тычыцца ўчорашніх лібералаў, то яны забілі болт на выбары пасля таго, як іх партыя падтрымала ідэю Еўразоны. Той факт, што краінам-банкрутам у Езразоне дапамагаюць датацыямі і крэдытамі, абсалютна супярэчыць прынцыпам вольнай канкурэнцыі — альфа і амега лібералізму. Засталіся экс-левыя. Тут усё проста. Левыя стабільна праходзяць у парламент за кошт настальгіі па часах ГДР, аднак на важныя рашэнні яны ніколі не ўплывалі. Акрамя таго, такая формула экзістэнцыі, калі не трэба ні за што адказваць, часам заносіць іх у голы сацыяльны папулізм.

У прынцыпе, ніводная партыя ніколі не ёсць ідэальнай. Таму прычына пасіўнасці можа быць у іншым. Так, кампанія 2013-га атрымалася вельмі сумнай. Лідарства хрысціянскіх дэмакратаў ніхто на працягу усёй гонкі ўсур’ёз не аспрэчваў. Больш таго, на думку прэсы, сацыял-дэмакраты — вядучая партыя апазіцыі — абралі найбольш кепскага кандыдата на пасаду канцлера за ўсю пасляваенную гісторыю. Пра гэта лепш за ўсё сведчыць той факт, што самым яркім эпізодам кампаніі Пеера Штайнбрука стала дэманстрацыя непрыстойнага жэсту ў фотасесіі для аднаго з медыя. Выява сярэдняга пальца палітыка стала самай гарачай тэмай выбараў, а публіка проста паваліла на выступы Штайнбрука. Аднак, як прызнае прэса, гэта была ўжо не палітыка, а клаунада.

Іншыя палітолагі кажуць, што персоны апазіцыянераў і хібы ў партыйнай палітыцы тут не пры чым. Ёсць больш глабальныя фактары. Па-першае, соцыум зараз больш атамізаваны, і людзі не так моцна адчуваюць прыналежнасць да нейкай карпаратыўнай групы, з якой маюць ідэнтыфікацыю і за правы якой адчуваюць патрэбу змагацца. Сёння 57 працэнтам немцаў абыякава, як галасаваў яго сусед або сябра.

Натуральна, левыя палітолагі мяркуюць, што ва ўсім вінаваты дыктат карпарацый, які не дапускае зменаў праз выбары. Не дарма планку па колькасці нявыбаршчыкаў утрымліваюць бедныя кварталы. Дарэчы, абсалютны рэкорд негаласавання на парламенцкіх выбарах быў зафіксаваны ў 2009 годзе ў адным з раёнаў горада Галле, які знаходзіцца на ўсходзе, дзе крызіс з часоў падзення ГДР мае перманентны характар. Тут да выбарчых урнаў дабралася толькі 33 працэнты жыхароў, якія маюць права голасу.

Цікавы тэзіс пра тое, што немцы перажываюць крызіс здольнасці марыць аб новай сацыяльнай утопіі. І сапраўды, пра што марыць, калі на двары сусветны крызіс, а Германія па ўсіх паказчыках жыве лепш за ўсіх у Еўропе. Адным словам, драматызаваць сітуацыю не варта. Не дарма сацыёлаг Томас Кляйнхенц (Thomas Kleinhenz) піша, што забабоны не хадзіць на галасаванне маюць не сталы, а часовы эфект. У якасці прыкладу можна ўзгадаць, што папярэдні рэкорд па нізкай яўкі прыходзіўся на 1994 год, калі Гельмуту Колю, як цяпер Ангелы Меркель, здавалася, не было альтэрнатывы. Аднак дастаткова было з’явіцца новай генерацыі палітыкаў — Герхарду Шродэру, Ёшку Фішару і іншым, — як выбары вярнулі да сябе ўсеагульны інтарэс.