З цэлафану і палак. На мяжы з Казахстанам уцекачы ад мабілізацыі будуюць шалашы
Чаканне ў чарзе на мяжы з Казахстанам займае некалькі сутак. Людзі спрабуюць арганізаваць свой побыт. Не лепшая сітуацыя і на мяжы з Грузіяй.
На мяжы з Казахстанам рускія, якія бягуць ад мабілізацыі, пачалі будаваць хаціны з галінак дрэў і цэлафану.
У тэлеграм-каналах пішуць, што на КПП «Цёплае» ахвочыя збегчы з Расіі паляць вогнішчы ў полі, каб сагрэцца, і гатуюць на іх ежу.
Паводле папярэдніх звестак, чаканне ў чарзе на мяжы з Казахстанам займае некалькі сутак.
Складаная сітуацыя і на расійска-грузінскай мяжы. Там час праезду абедзвюх меж на асабістым транспарце складае, паводле падлікаў на 14 гадзін дня 28 верасня, больш за 6 сутак, піша тэлеграм-канал Мікалая Ліўшыца (14.00 28.09).
У чарзе з аўтамабіляў, даўжынёй больш за 30 кіламетраў, знаходзяцца больш за 6000 машын.
Праз нейтральную зону дазволілі пераходзіць пешшу, і зона забітая людзьмі — там чарга больш чым на суткі. Шмат хто спрабуе праязджаць мяжу на роварах.
У людзей у чарзе заканчваецца ежа і вада, з'явіліся некалькі валанцёрскіх арганізацый, якія дапамагаюць уцекачам.
На мяжу прыехалі некалькі аўтобусаў Расгвардыі. Асобам прызыўнога ўзросту, нягледзячы на запэўніванні Мінабароны РФ, позваў практычна не ўручаюць, і праверкі не вельмі дбайныя, аўтобус ваеннага камісарыята стаіць у аддаленні ад чэргаў і пакуль пустуе.
Паміж двума КПП
знаходзяцца больш за 500 грамадзян з рэгіёнаў Паўночнага Каўказа, якіх не
ўпускае Грузія, валанцёры прывезлі ім вады. Яны не збіраюцца вяртацца ў Расію,
але і грузінскі бок іх не прымае.