Кныровіч: Імавернасць таго, што Беларусь уступіць у вайну — вельмі вялікая

Эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч ацаніў словы Лукашэнкі пра тое, што Беларусь і Расія будуць лётаць на сваіх самалётах і ездзіць на ўласных аўтамабілях. А таксама абгрунтаваў уласныя асцярогі наконт 29 верасня: ён мяркуе, што менавіта ў гэты дзень могуць абвясціць мабілізацыю ў Беларусі.

knyrovich9_2.jpg


На пытанне, калі ж можа стацца, што Беларусь і Расія створаць свае самалёты і аўтамабілі, ён адказаў коратка: ніколі.

— Калі ўспомніць эканамічную гісторыю, Савецкі Саюз з усёй сваёй моцай не стварыў уласнага аўтамабіля наогул. Гэтая задача загадзя нездзяйсняльная. Калі казаць пра самалёт, то расійскі выдатны праект, які 15 гадоў жарэ грошы з расійскага бюджэту, на 50% замежны, ніяк не расійскі, — сказаў эксперт у інтэрв'ю «Звычайнаму ранку».

Адышоўшы ад тэмы, блізкай да эканомікі, Кныровіч абгрунтаваў уласныя асцярогі наконт 29 верасня: эканаміст і блогер мяркуе, што менавіта ў гэты дзень у Беларусі могуць абвясціць мабілізацыю.

— Пасля заканчэння «рэферэндумаў» Дзярждума падпіша паперкі, што прыняла акупаваныя тэрыторыі ў склад Расіі. Праз пару дзён Пуцін абвесціць, што цяпер у нас паўнавартасная вайна паміж Расіяй і Украінай. Маўляў, на нашу тэрыторыю ляцяць снарады і заходняя зброя разам з наймітамі атакуюць нашу тэрыторыю. Гэта тое, што зусім дакладна адбудзецца.


А далей у нас ёсць Беларусь, якая з'яўляецца саюзнікам Расіі, падпісана АДКБ. Тут ужо пачынаецца ступень верагоднасці. Якім чынам будзе выкарыстана Беларусь? Так, як цяпер, у выглядзе аэрадрома і запаснога палка, які стаіць дзесьці ў мазырскіх лясах, і, можа быць, нападзе на Чарнігаўскую вобласць? Альбо яна будзе паўнавартасна выкарыстана ў ваенных дзеяннях? Імавернасць таго, што Беларусь уступіць у вайну — вельмі вялікая.

Калі мы паглядзім на сітуацыю далей, то колькасна беларускіх войскаў на паперы 65 тысяч, а рэальна ваяваць можа толькі некалькі тысяч. Усё астатняе, прабачце, як беларускія калгасы: яны нібыта ёсць, але насамрэч іх няма.

Пры гэтым, калі беларускія войскі ўсё ж паедуць ваяваць ва Украіну, то, на думку Кныровіча, на іх месца павінен хтосьці стаць.

— Таму што ўнутры краіны таксама неспакойна, і Лукашэнка вельмі баіцца. Таму далей патрэбная мабілізацыя, каб набраць нашых хлопцаў у склад нейкага войска, тлумачачы гэта як заўгодна.


І гэта не залежыць ад таго, прызнае Лукашэнка так званыя рэферэндумы на акупаваных тэрыторыях ці не. Сёння Лукашэнка ў такім статусе адносна Крамля, што яго афіцыйныя дзеянні не адыгрываюць ніякай ролі. Мы адмовіліся ад усялякага супрацоўніцтва з Еўропай, наш адзіны крэдытор сядзіць у Расіі.

Беларусь да гэтага часу не прызнала Крым расійскім, і ад гэтага нічога не адбываецца. Таму фармальнае прызнанне або непрызнанне Лукашэнкам тых жа «рэферэндумаў» ні на што не ўплывае.