Вялікабрытанія. Уладу — палякам?
У Вялікабрытаніі прайшлі мясцовыя выбары, удзельнікамі якіх ўпершыню сталі кандыдаты ад партыі «Duma Polska».
Яна была зарэгістраваная ў лютым гэтага года. Асноўныя прычыны стварэння партыі брытанскіх палякаў на яе сайце гучаць наступным чынам: «Палякі фактычна з’яўляюцца самай буйной нацыянальнай меншасцю ў Лондане, але да гэтага часу не маюць сваіх прадстаўнікоў у мясцовых органах. Таму надышоў час, каб змяніць гэта. Палякам Брытаніі важна, як будуць працягвацца далейшыя перамовы наконт нашага статусу пасля выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюза».
У прынцыпе, “Duma Polska” — гэта асабісты праект экстравагантнага бізнесоўца Яна Жылінскага, які раней ён ужо балатаваўся на пасаду мэра Лондана, заняўшы ў выніку перадапошняе месца. Не асабліва паспяховым аказаўся і бенефіс яго партыі.
Ні адзін з 14 кандыдатаў ад праекту Жылінскага не трапіў у мясцовыя саветы. Зрэшты, этнічныя палякі ўдзельнічалі ў выбарах і па-за шэрагам структураў “Duma Polska”. Усяго з 16 тысяч кандыдатаў такіх было 118. Па выніках галасавання 14 этнічных палякаў усё ж здолелі атрымаць дэпутацкія мандаты.
Паводле польскай прэсы