Віталь Портнікаў: Калі б не Майдан, крах Украіны наступіў бы немінуча

Калі краіну ўзначальвае чалавек, гатовы садзейнічаць акупацыі яе тэрыторыі — гэта сведчанне дэградацыі дзяржавы.

dcf9b70d_ead4_4e9d_aa1c_72d844659609_w650_r0_s.avif

Вельмі часта даводзіцца чуць, што Расія скарысталася Майданам для акупацыі і анексіі Крыма. Але гэта не так. Расія скарысталася слабасцю ўкраінскай дзяржавы, дэградацыяй яе інстытуцый і сілавых структур, разважае на сайце Крым.Рэаліі журналіст і палітычны аналітык Віталь Портнікаў.

Перад тым, як ліквідаваць Чэхаславакію, Гітлер выклікаў да сябе ў рэйхсканцылярыю яе прэзідэнта Эміля Гаху і прымусіў яго адмовіцца ад незалежнасці краіны. Пуцін абышоўся з Януковічам падобным чынам — загадаў фактычна ўжо страціўшаму легітымнасць і збегламу з краіны прэзідэнту Украіны падпісаць прадстаўленне аб прызначэнні новага кіраўніка ўрада АРК — зразумела, Сяргея Аксёнава. Гэты дакумент і заклаў «юрыдычныя асновы» анексіі.

Але для таго, каб пагадзіцца з акупацыяй Чэхаславакіі, патрэбен быў Гаха. Каб пачаць працэс анексіі Крыма, патрэбны быў Януковіч. 


Глядзіце таксама

Сам факт наяўнасці на чале дзяржавы фігуры, гатовай садзейнічаць акупацыі тэрыторыі гэтай дзяржавы — ужо сведчанне дэградацыі. І паводзіны Януковіча і ягоных паплечнікаў, якія ўцяклі ў Расію ад народнага гневу і правасуддзя, гэта выдатна прадэманстравала.

Таму задачай Майдана было аднавіць функцыянаванне захопленай крыміналам і расійскай агентурай дзяржавы. Калі б не Майдан, крах наступіў бы немінуча. Майдан быў адчайнай спробай выратаваць тое, што яшчэ не было разбурана. З Майдана яго ўдзельнікі сыходзілі на фронт расійска-ўкраінскай вайны, запісваліся ў добраахвотніцкія батальёны, дапамагалі адбіцца і выжыць краіне, сілавыя структуры якой былі фактычна знішчаны, а казна пустая.

У Майдане Пуцін адчуў пагрозу, ён заўсёды баяўся народнага парыву

Драпежнікі — такія законы прыроды і палітыкі — на моцных не нападаюць. Нападаюць на слабых. Але з Украінай і Крымам было яшчэ горш. Пуцін аб'ектыўна рабіў усё магчымае, каб ва Украіне была слабая дзяржава. Слабы, хлуслівы, прагны прэзідэнт. Дэзарыентаванае грамадства. У Майдане Пуцін адчуў пагрозу, ён заўсёды баяўся народнага парыву. І таму вырашыў дзейнічаць імкліва, каб ухапіць хаця б нешта, пакуль украінская дзяржава зноў не здабудзе сябе. А Януковіч яму ў гэтым дапамог.

Майдан стварыў умовы для вяртання Крыма

Таму Майдан зусім не стварыў умоў для страты Крыма, не. Майдан стварыў умовы для яго вяртання. Таму што аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць можа толькі моцная дзяржава.

А слабая — можа толькі губляць.