РФ і Кітай дамаўляюцца пабудаваць падводны тунэль у Крым

У Крыме ўжо створаны расійска-кітайскі кансорцыум, які будзе займацца будаўніцтвам тунэля, сцвярджаюць крыніцы.

Да расіян дайшло, што на мост у Крым нельга разлічваць. Фота: Maxar Technologies

Да расіян дайшло, што на мост у Крым нельга разлічваць. Фота: Maxar Technologies

Расія дамаўляецца з Кітаем наконт будаўніцтва падводнага тунэля праз Керчанскі праліў у Крым. Пра гэта паведаміла газета «The Washington Post» у пятніцу, 24 лістапада.

Сцвярджаецца, што ў канцы кастрычніка таемныя перамовы правялі расійскія і кітайскія бізнесоўцы, звязаныя з урадамі сваіх краін.

«Перамовы, якія ўключалі сустрэчы ў канцы кастрычніка, былі справакаваны ростам занепакоенасці Расіі ў бяспецы 11-мільнага моста праз Керчанскі праліў, які служыў ключавой лагістычнай лініяй для расійскіх вайскоўцаў, але двойчы зазнаў бамбаванні Украіны і застаўся ўразлівай цэллю», — гаворыцца ў артыкуле.

Перамовы падкрэсліваюць рашучасць Расіі захаваць свой кантроль над Крымам, які яна анексавала ў 2014 годзе, а таксама паказваюць узрослую залежнасць Масквы ад Кітая як крыніцы глабальнай падтрымкі.

На думку афіцыйных асоб ЗША і інжынераў, такую ідэю будзе складана рэалізоўваць. На будаўніцтва, якое працягнецца гадамі, трэба будзе выдаткаваць не менш за 5 мільядраў долараў. Да таго ж, такія працы ніколі не праводзіліся ў зоне баявых дзеянняў.

Аўтары артыкула адзначаюць, што Керчанскі тунэль наўрад ці атрымаецца завяршыць своечасова, каб дапамагчы Расіі ў яе ваенных намаганнях. Але Крэмль можа разглядаць яго як доўгатэрміновую інвестыцыю, мэта якой — зрабіць бяспечнай сувязь з тэрыторыяй, за якую можна канкурыраваць на працягу дзесяцігоддзяў.

Акрамя таго, адзначаецца, што праект створыць палітычныя і фінансавыя рызыкі для Кітая, які ніколі афіцыйна не прызнаваў анексію Крыма Расіяй, і яго кампаніі могуць трапіць у пастку эканамічных санкцый, якія ЗША і ЕС наклалі на краіну-агрэсара.

Перахопленыя электронныя лісты сведчаць аб тым, што адна з найбуйнейшых будаўнічых кампаній Кітая заявіла пра гатоўнасць прыняць удзел. Яны нібыта былі прадастаўлены выданню ўкраінскімі чыноўнікамі.

«Сапраўднасць паведамленняў была пацверджана іншай інфармацыяй, асобна атрыманай «The Washington Post», у прыватнасці, карпаратыўнымі рэгістрацыйнымі файламі, якія паказваюць, што расійска-кітайскі кансорцыум з удзелам асоб, указаных у электронных лістах, нядаўна быў створаны ў Крыме», — піша газета.

У адным з такіх паведамленняў гаворыцца, што кітайская чыгуначная будаўнічая карпарацыя CRCC гатова забяспечыць будаўніцтва чыгуначных і дарожных аб'ектаў любой складанасці ў Крымскім рэгіёне. Раней гэтая карпарацыя неаднаразова супрацоўнічала з РФ, у прыватнасці, дапамагала ў пашырэнні ліній метро ў Маскве.

Выданне звязалася з расійскім бізнесоўцам Уладзімірам Калюжным, якога ў дакументах называюць генеральным дырэктарам кансорцыума. Ён заявіў, што ў гэтым пытанні «шмат гарачкі», а затым сказаў, што не будзе прадастаўляць ніякай інфармацыі «варожым СМІ», і раптам спыніў размову.

Нагадаем, што Крымскі мост атрымаў удары як мінімум двойчы. У кастрычніку 2022 года на ім адбыўся магутны выбух, які пацягнуў значныя разбурэнні. Пазней у СБУ заявілі, што гэта была спецаперацыя.

А ў ліпені 2023 года Крымскі мост паспяхова атакавалі Марскія дроны «Sea Baby».

Паводле korrespondent.net