Венесуэлу заклікалі паважаць свабоду мітынгаў
11 дзяржаў Лацінскай Амерыкі выказалі глыбокую занепакоенасць гібеллю людзей падчас акцый пратэсту ў Венесуэле. Нямецкі палітолаг мяркуе, што краіна знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны.
Напярэдадні
масавых акцый пратэсту ў Венесуэле 11 дзяржаў Лацінскай Амерыкі заклікалі ўлады
ў Каракасе паважаць свабоду дэманстрацый. Урад Венесуэлы павінен "гарантаваць права на правядзенне мірных
мітынгаў", гаворыцца ў сумеснай заяве, якую апублікавалі ў Багаце
ўвечары ў панядзелак, 17 красавіка, Аргенціна, Бразілія, Чылі, Коста-Рыка,
Гватэмала, Гандурас, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу і Уругвай.
Краіны, якія падпісалі заяву, выказалі глыбокую занепакоенасць гвалтам і гібеллю удзельнікаў акцый пратэсту ў Венесуэле, дзе ў апошнія дні ў выніку вулічных сутыкненняў паміж сіламі правапарадку і дэманстрантамі загінулі ўжо пяць чалавек.
На 19 красавіка апаненты прэзідэнта Нікаласа Мадура запланавалі новыя масавыя акцыі пратэсту. Яны абвінавачваюць Мадура ў глыбокім эканамічным крызісе ў краіне. Між тым Мадура абвясціў пра намер размясціць вайскоўцаў па ўсёй Венесуэле. Сваіх праціўнікаў ён называе здраднікамі.
На мяжы грамадзянскай вайны
Прэзідэнт Венесуэлы 17 красавіка таксама заявіў, што мае намер павялічыць колькасць узброеных народных дружын са 100 тысяч да 500 тысяч чалавек, прычым кожны новы дружыннік атрымае зброю.
Так званая Баліварыянская народная міліцыя была створана былым прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавесам для дапамогі ўзброеным сілам "ў абароне сацыялістычнай рэвалюцыі ад знешніх і ўнутраных ворагаў". Чавес планаваў давесці колькасць узброеных дружын да 1 мільёна чалавек.
Між тым нямецкі палітолаг Клаўс Бодэмер (Klaus Bodemer) выказаў меркаванне, што Венесуэла знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны. "Ёсць падставы баяцца, што сітуацыя цалкам выйдзе з-пад кантролю і ў справу ўмяшаецца армія", — сказаў ён у інтэрв'ю агенцтву AFP.
Паводле www.dw.com