Варшава: Марш незалежнай свядомасці

11 лістапада журналіст "Новага Часу" Алег Новікаў аказаўся ў эпіцэнтры «Маршу незалежнасці» ў Варшаве. Прапануем чытачам яго ўражанні ад пабачанага.



976223758.jpg

Па-першае, вельмі смешна чытаць заявы рускіх палітыкаў, абураных спробай падпалу расійскага пасольства падчас маршу ў Варшаве 11 лістапада. Па сутнасці саму ідэю мабілізацыі і правядзення штогод агульнанацыянальнай маніфестацыі польскія радыкальныя правыя імпартавалі з Расіі.

У 2005 годзе пракрамлёўская партыя «Родина» выступіла аўтарам ідэі правядзення масавай вулічнай акцыі 4 лістапада — у прыдуманы Пуціным (у той жа год) Дзень народнага адзінства. Акцыю вырашылі назваць «Рускі марш». Аднак утрымаць ініцыятыву Дзмітрый Рагозін і іншыя лідары «Родины» не здолелі. Хэдлайнерамі маніфестацый на Дзень адзінства на працягу двух гадоў сталі правыя радыкалы.

Падзеі ў Маскве выклікалі інтарэс у польскай прэсе, што нядзіўна. Як вядома, афіцыйна Дзень народнага адзінства ў Расіі прывязаны да дня вызвалення Масквы ў 1612 годзе ад войскаў Рэчы Паспалітай. Хутка ў асяроддзі польскіх правых узнікла ідэя правядзення свайго маршу.

Як і ў Расіі, у Польшчы зрабіць рэкламу маршу дапамог правы палітычны істэблішмент. У мінулым годзе фармальным арганізатарам масавай акцыі на 11 лістапада была вядучая апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» (PiS). Але карцінку на тэлебачанні ў выніку рабіў не лідар PiS Яраслаў Качыньскі, а група праварадыкальных фанатаў сталічнага клубу «Легія», якія паспрабавалі будаваць на вуліцы Маршалкоўскай нешта накшталт барыкады.

Пасля гэтага кансерватары, электарат якіх — яўна не футбольныя фанаты, вырашылі ўзяць дыстанцыю ад ультраправых і правесці ў гэтым годзе сваю галоўную акцыю ў Кракаве. Што тычыцца раскручанага ў грамадстве брэнда «Марша незалежнасці», то ён дастаўся правым сілам.

З іншага боку, назваць акцыю ў Варшаве копіяй «Рускага маршу» нельга. Узровень расізму і ксенафобіі сярод польскіх правых, прынамсі на першы погляд, на ступень ніжэй, чым у іх расійскіх калег. Напрыклад, ніхто нават не звярнуў увагу на нейкага арабскага прадпрымальніка, які на варшаўскай станцыі метро «Цэнтрум» прабег праз калону маніфестантаў з тэлефонам каля вуха, заклапочаны сваімі праблемамі. Спакойна працавалі ў арэале правядзення акцыі кропкі па продажу кебабаў і в’етнамскія кафе.

Такая ідэалагічная непаслядоўнасць праяўлялася і ў месцы пачатку правядзення акцыі. Марш стартаваў каля Палацу культуры і навукі, што на першы погляд проста нонсенс (будынак гэтага палацу — падарунак Саветаў, копія вядомых сталінскіх маскоўскіх высотак, з нагоды чаго правыя партыі даўно патрабуюць дэканструкцыі комплексу, які, на іх думку, нагадвае пра змрочныя часы сацыялізму).

Ідэалагічныя супярэчнасці маршу лезуць на кожным кроку. Калі верыць газеце «Polska Nepodlegla», якую раздавалі ў вялікай колькасці мінакам, марш павінен быў данесці да ўлады шэраг патрабаванняў. Большасць з іх маюць антыеўрапейскі характар. Арганізатары маршу патрабавалі, сярод іншага, перагляду Лісабонскай канстытуцыйнай дамовы ЕС на карысць пашырэння суверэнітэту краін — сяброў ЕС, захавання злотага як польскай валюты, забароны вывешвання сцягоў ЕС на афіцыйных установах Польшчы, абмежавання дыктату заходніх, перш за ўсё нямецкіх, канцэрнаў, якія манапалізуюць польскі рынак.

Аднак ніякіх праяў агрэсіі на адрас еўрапейскіх устаноў (камерцыйных або палітычных) падчас акцыі не было. І ўвогуле, цяжка сказаць, у якой форме іх можна пікетаваць у сучаснай Польшчы. Для гэтага ў маршы мусілі б удзельнічаць выключна «трезвенники и язвенники», паколькі польскі піўны рынак даўно кантралююць еўрапейскія піўныя кампаніі. Між тым, уявіць акцыю 11 лістапада без алкаголю немагчыма. Задоўга да скандавання лозунгаў маніфестанты пачалі падагравацца алкаголем. Дзе-нідзе ў натоўпе нацыяналістаў можна было пачуць пах марыхуаны.

Калі казаць пра сацыяльны профіль удзельнікаў акцыі, то можна выдзеліць дзве найбольш заўважныя групы. Па-першае, гэта сталічныя школьнікі і студэнты, якія выдзяляліся даволі дарагім адзеннем у стылі хіпстэраў.

976223136.jpg

Другая група — беспрацоўная моладзь з прыгарадаў і з правінцыі. Іх дэсанты высаджваліся на вакзале Варшава Цэнтральная. Правінцыялы яўна адсталі ад трэндаў сталічнай моладзевай моды. Яны дасюль апранаюць вопратку аля скінхэд, мода на якую прайшла. Адсотак іншых сацыяльных груп у складзе маніфестантаў, у тым ліку актывістаў аформленых праварадыкальных партый, быў невялікі.

Увогуле, хіпстэры і скінхеды — антаганістычныя субкультуры. Аднак ніякай канфрантацыі паміж імі 11 лістапада не было. Разгадка дзіўнага кансэнсусу вельмі простая. У першых і другіх была іншая агульная ўстаноўка — пабегаць ад паліцыі. З самага пачатку было зразумела, што іншага фіналу, акрамя бойкі, быць не можа. Увогуле, атака на будку ахоўніка расійскай амбасады была нейкім жэстам адчаю. Акцыя падыходзіла да фіналу, а ніякай ін’екцыі адрэналіну ў кроў не было. У выніку пад руку моладзі падвярнулася пасольства і забаўная канструкцыя вясёлкі, у якой пабачылі сімвал руху за правы сэксуальных меншасцяў.

976226557.jpg

У гэтым плане хацелася б адзначыць дзеянні паліцыі, якая намагалася не заўважаць дробныя правапарушэнні ўдзельнікаў акцыі — публічнае піццё піва, дэманстратыўныя выбухі петардаў, разбурэнне лавак, антыпаліцэйскія лозунгі. Замест арышту радыкалам нават забяспечылі ганаровы эскорт у вагоны цягнікоў на станцыі Варшава Цэнтральная. Па тварах пасажыраў было бачна, што яны яўна расчараваныя, і ў наступным годам яшчэ падумаюць, ці трэба ехаць праз паўкраіны, каб выбухнуць пару петардаў.

Праўда, праблему маргіналізацыі моладзі ў польскай правінцыі гэта не здымае. 11 лістапада прадэманстравала, што акрамя шыкоўнай Варшавы існуе другая Польшча, і думаюць гэтыя часткі краіны па-рознаму.

Што тычыцца будучыні маршу, то яно пад пытаннем. Муніцыпалітэт Варшавы ўжо выставіў арганізатарам акцыі іск, патрабуючы кампенсацыі за вандалізм падчас маніфестацыі. Сума іску складае каля 40 тысяч долараў, і не факт, што ў наступным годзе нехта з палітыкаў адважыцца выступіць арганізатарам такога паходу.