Ваенны эксперт: Пуцін не пакідае Эрдагану выбару. Ёсць варыянт пачатку ядзернай вайны
На думку шэрагу палітолагаў, цяпер толькі некалькі крокаў аддзяляе Турцыю і Расію ад адкрытага ўзброенага супрацьстаяння.
Новае парушэнне паветранай прасторы Турцыі 29 студзеня расійскім знішчальнікам-бамбавіком Су-34 з групы ВПС Расіі ў Сірыі, факт якога абвяргае расійскі бок, яшчэ мацней абвастрыла вельмі балючыя ў апошнія месяцы адносіны паміж Масквой і Анкарой. На думку шэрагу палітолагаў, цяпер толькі некалькі крокаў аддзяляе дзве дзяржавы ад адкрытага ўзброенага супрацьстаяння.
Камандаванне ВПС Турцыі перавяло свае аддзелы на асаблівы варыянт нясення службы з-за ўведзенага «аранжавага» ўзроўню трывогі, які прадугледжвае, што для знішчэння любых парушальнікаў мяжы і паветранай прасторы ваенным цяпер не патрабуецца атрымліваць загад вышэйстаячага камандавання.
29 студзеня Турцыя заявіла, што расійскі вайсковы самалёт зноў парушыў яе паветраную прастору, у якой знаходзіўся прыкладна 30 секундаў, нягледзячы на папярэджанні на расійскай і ангельскай мовах. 24 лістапада турэцкія ВПС збілі над сірыйска-турэцкай мяжой расійскі бамбавік Су-24, які, як сцвярджала Анкара, парушыў паветраную прастору Турцыі, што і прывяло да раптоўнага палітычнага канфлікту дзвюх краін і да ўвядзення Расіяй маштабных антытурэцкіх санкцый. 30 студзеня прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў Маскве, што, калі яна не зменіць стылю паводзінаў, гэта будзе мець цяжкія наступствы. Акрамя таго, Анкара выказала задавальненне ў сувязі з падтрымкай, аказанай ёй НАТО ў гэтым апошнім інцыдэнце.
Як лічыць расійскі ваенна-палітычны аналітык, эксперт па праблемах міжнароднай бяспекі Юрый Фёдараў, чарговае парушэнне паветранай прасторы Турцыі, дзяржавы-члена НАТО, нельга лічыць выпадковасцю:
Юры Фёдараў
— Сітуацыя развіваецца па самым кепскім сцэнары. Пасля таго, як у мінулую пятніцу расійскі ваенны самалёт парушыў турэцкую паветраную прастору і правёў у ёй недзе паўхвіліны, Мінабароны Расіі ў вельмі цвёрдым, я б нават сказаў, амаль хамскім тоне адпрэчыла турэцкія абвінавачванні. Але трэба мець на ўвазе, што расійскія вайскоўцы вельмі часта выдаюць жаданае за сапраўднае, ці проста хлусяць, вылучаюць зусім непраўдападобныя версіі, скажам, як гэта было пасля знішчэння малайзійскага авіялайнэра летам 2014 года над Данбасам. Пентагон пацвердзіў, што расійскі самалёт парушыў турэцкую паветраную прастору.
— Вы лічыце, што гэтым разам гэта наўмысная правакацыя з боку Масквы?
— З 90-працэнтнай, як мінімум, імавернасцю — гэта наўмысная правакацыя. Калі ж гэта памылка пілота, то, адпаведна, Масква павінна ў нейкім выглядзе паведаміць пра гэта, можа быць, нават папрасіць прабачэння перад Турцыяй, як гэта было ў кастрычніку 2015 году, калі было некалькі падобных выпадкаў залёту расійскіх самалётаў на турэцкую тэрыторыю. І галоўнае — трэба пакараць лётніка, які ў сілу свайго разгільдзяйства, або памылкі, або яшчэ па якіх прычынах, справакаваў міжнародны крызіс. Калі ўжо сур’ёзна разглядаць усе гэтыя выпадкі, то тады трэба мяняць камандаванне ўсёй расійскай авіягрупы ў Сірыі, таму што яно відавочна не спраўляецца са сваімі абавязкамі або дапускае ўжо не першы раз вось такія інцыдэнты, якія пагражаюць сур’ёзнымі міжнароднымі наступствамі.
Але я думаю, што рэч у іншым. Мне здаецца, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін зацікаўлены ў тым, каб адбылася эскалацыя канфлікту да вельмі небяспечнай кропкі. Яму вельмі хацелася б прымусіць турэцкае кіраўніцтва змірыцца з тым, што ў турэцкую паветраную прастору будуць перыядычна залятаць расійскія самалёты. У гэтым выпадку прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган страціць твар! Ён жа патрабуе ад Масквы, каб такога не было, а падобныя сюжэты паўтараюцца. А на Усходзе страціць твар — гэта вельмі непрыемна. Далей Крэмль можа спадзявацца на тое, што НАТО, скажам, неяк утрымае Турцыю ад сур’ёзных захадаў у адказ. Але тады атрымліваецца, што НАТО не ў стане жорсткім чынам рэагаваць на расійскія правакацыі — і ў гэтым выпадку і НАТО страціць твар.
— Гэта значыць, вы ўпэўненыя, што парушэнні турэцкай паветранай прасторы будуць працягвацца? І, хутчэй за ўсё, Турцыя можа вырашыцца адрэагаваць вельмі жорстка?
— Турэцкія ВПС атрымалі загад адкрываць агонь без дадатковага ўзгаднення з камандаваннем. А гэта значыць, што калі расійскі, ці які іншы самалёт заляціць у турэцкую паветраную прастору, то яго папросту могуць збіць, не чакаючы нейкага асобнага спецыяльнага загаду. А далей запрацуе логіка эскалацыі. Калі яшчэ адзін расійскі самалёт будзе збіты, то тады Масква вымушана будзе прымаць захады ў адказ, а яны могуць быць самыя разнастайныя. Можна, напрыклад, вырашыць збіць турэцкі самалёт, але пры гэтым гэта адбудзецца ў турэцкай паветранай прасторы, таму што турэцкія ВПС на тэрыторыю Сірыі не залятаюць. Крэмль можа даць загад нанесці які-небудзь удар па іншых турэцкіх ваенных аб’ектах, напрыклад, на ўзбярэжжы Чорнага мора, па ваенна-марскіх базах. Можа справакаваць інцыдэнт з турэцкім ваенным караблём, або нават не з вайсковым, а якім-небудзь грамадзянскім. Варыянтаў тут вельмі шмат.
А далей? Ну, дапусцім, што расійскі комплекс С-400, які знаходзіцца дзесьці ў Сірыі, збівае турэцкі самалёт над тэрыторыяй Турцыі. Што будзе рабіць Анкара? Тады турэцкі ўрад вымушаны будзе прымаць са свайго боку захады ў адказ, напрыклад, нанесці ўдар па расійскай ваенна-паветранай базе Хмеймім у Сірыі. Можна шмат чаго прыдумаць. І сітуацыя пойдзе ўразнос. Пуцін можа загадаць нанесці зваротны авіяракетны ўдар па турэцкіх гарадах. НАТО будзе вымушана выступіць на баку Турцыі. Гэта ўжо абавязанне Паўночнаатлантычнага альянсу — абараніць краіну, сябра блоку, ад ваеннай агрэсіі. І тады, што адбываецца? Гэта ўжо прамое сутыкненне Расіі і НАТО! І гэта ўжо пагражае вельмі непрыемнымі наступствамі, у тым ліку прымяненнем ядзернай зброі з боку Расіі. Таму што весці больш-менш працяглыя ваенныя дзеянні супраць, скажам, амерыканскіх ВМС, якія могуць увайсці ў Чорнае мора, ці супраць амерыканскай авіяцыі, якую ЗША будуць у гэтым выпадку вымушаныя перакінуць куды-небудзь у Турцыю, без ядзернай зброі армія Расіі не зможа. На жаль, сітуацыя развіваецца так, што мы можам ужо разглядаць на практыцы варыянт пачатку абмежаванай ядзернай вайны дзесьці ў раёне Міжземнага і Чорнага мораў.
Наколькі Анкара цяпер асцерагаецца пагрозы канфлікту з Расіяй? Вось што думае з гэтай нагоды стамбульскі палітолаг і публіцыст Керым Хас:
Керым Хас
— Галоўны фактар для нас — гэта курдская праблема. І расійскія бамбардаванні на поўначы Сірыі фактычна дапамагаюць Рабочай партыі Курдыстану, якую Турцыя і шэраг заходніх дзяржаў лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй, стварыць нейкае дэ-факта незалежнае ўтварэнне ў Сірыі. Успрыманне «пагрозы», падкрэслю, у двукоссі, з боку Расіі, вядома, у турэцкім грамадстве павялічваецца. 1 лістапада ў Турцыі адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары, на якіх кіруючая "Партыя справядлівасці і развіцця" Рэджэпа Эрдагана набрала больш за 50 працэнтаў галасоў. У турэцкай палітычнай сістэме гэта вельмі вялікі працэнт, ён паказвае, наколькі моцныя пазіцыі Эрдагана. І гэтая падтрымка ўплывае на паводзіны Эрдагана, і ў яго з'яўляецца больш магчымасцяў і жадання рэзка рэагаваць на дзеянні Расіі.