«Вагнераўцы» зноў забілі кувалдай на камеру свайго найміта
Дзікія рэчы адбываюцца ў структуры, што тэрарызуе Украіну. З'явілася відэа смяротнага пакарання яшчэ аднаго былога зняволенага з ПВК «Вагнер», які раней трапіў у палон УСУ.
Відэа пакарання апублікаваў тэлеграм-канал, які звязваюць з ПВК Вагнера.
«На відэа Якушчанка Дзмітрый Юр'евіч (1978 г.н.), нарадзіўся ў Крыме пры Украіне, раней неаднаразова судзімы на яе ж тэрыторыі. Свой перадапошні тэрмін у 19 гадоў атрымаў за разбой і забойства ў Крыме. Праз дадзены яму шанец на вызваленне і выкупленне грахоў трапіў у «Групу Вагнера», дзе праз чатыры дні ажыццявіў уцёкі на бок суперніка. У палоне ж даў інтэрв'ю, дзе прызнаўся аб першапачатковым плане на здраду. Таксама выказаў меркаванне і надзею на тое, што Крым пяройдзе Украіне, а Расія яму непатрэбная», — напісана ў публікацыі тэлеграм-канала.
Упершыню інтэрв'ю з палонным Якушчанкам было апублікавана 14 лістапада ўкраінскім «24 каналам», яно да гэтага часу дасяжнае і мае 1,1 мільёна праглядаў.
«Адправіўся на фронт у шэрагах ПВК «Вагнер». На фронце, я зразумеў, што гэта не мая вайна. Сёння я знаходзіўся на вуліцах горада Дняпра, дзе атрымаў удар па галаве і страціў прытомнасць. Ачомаўся ў гэтым памяшканні, дзе мне сказалі, што мяне будуць судзіць», — кажа Якушчанка на відэа за некалькі секунд да пакарання.
Пасля гэтых слоў невядомы б'е мужчыну кувалдай па галаве. Пакаранне смерцю суправаджаецца подпісам «відэа з суда за здраду».
Журналіст расійскай «Медыяз*ны» Давід Фрэнкель звярнуў увагу на тое, што на новым відэа момант пакарання смерцю змазаны, а «цела пасля ўдару кувалдай не рэагуе наогул, як быццам нічога не адбылося». Гэта, на яго думку, можа казаць аб тым, што новае відэа з кувалдай пастановачнае.
Як менавіта чарговы палонны, які, будучы, як ён сам сцвярджае, пад кантролем УСУ, трапіў у рукі ПВК — невядома. Раней такая ж сітуацыя адбылася са зняволеным Яўгенам Нужыным. Тады на відэа перад пакараннем смерцю ён заявіў, што затрымалі яго ў Кіеве «ўдарам па галаве». Аднак гэта абверглі ўкраінскія ўлады. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Нужын нібыта добраахвотна вярнуўся з украінскага палону па абмене ў РФ.
Сітуацыю з пакараным палонным Якушчанкам украінскі бок пакуль не каментаваў.
У снежні мінулага года СМІ паведамілі аб пакаранні смерцю яшчэ аднаго завербаванага ПВК Вагнера зняволенага. Асуджаны Віктар Севальнёў, які камандаваў 7-й мотастралковай ротай так званай народнай міліцыі самаабвешчанай ЛНР, здаецца, быў пакараны за тое, што салдаты яго роты дэзерціравалі. Запіс размовы Севальнёва з жонкай перадаў «The Insider» кіраўнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін.
Праваабаронцам вядома аб 40 пазасудовых пакараннях завербаваных на вайну з Украінай зняволеных расійскіх калоній.
Нагадаем, улады ЗША прызналі ПВК «Вагнер» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.