Увесну 2024 у Расіі прэзідэнцкія выбары. Ці варта Пуціну падрыхтавацца?

Расея паступова ўваходзіць у выбарчы марафон, па выніках якога ў сакавіку наступнага года будзе абраны новы прэзідэнт. Пра старт прэзідэнцкай кампаніі і яе асаблівасці «Новаму Часу» распавёў маскоўскі журналіст Дзмітрый Касценка.

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

— Прыкладна праз чатыры месяцы Расея абірае прэзідэнта. У ЗША прэзідэнцкія выбары пройдуць праз год. Аднак для амерыканцаў іхнія выбары ўжо зараз тэма нумар адзін. У расейскай дыскусіі хуткія выбары практычна не абмяркоўваюць.

— Гэта лагічна. Навошта абмяркоўваць выбары, вынікі якіх і так вядомы? Зрэшты, такое было і раней. Аднак на гэты раз Расея выглядае як цалкам дэпалітызаваная краіна. Людзі практычна не цікавяцца ўнутраным палітычным парадкам дня. Як прыклад — апошнія выбары мэра Масквы восенню мінулага года. Не было нават заўважнай агітацыі кандыдатаў. Цяперашні мэр Сабянін будзённа выйграў у свайго галоўнага суперніка, імя якога ніхто нават толкам не ведае.

— Не зразумела, як магчыма палітычная апатыя на фоне вайны?

— Вайна ўяўляецца расейскаму бюргеру як нешта вельмі далёкае. Акрамя памежных з Украінай абласцей пра вайну ў побыце не гавораць. Тым больш навіны з перадавой падаюцца ў пазітыўным фармаце: контрнаступ УСУ праваліўся. Людзей на фронт рэкрутуюць галоўным чынам з глухой правінцыі. Эканоміка, прынамсі ў Маскве, у стагнацыі, аднак крызісам гэта называць нельга. У любым выпадку, рэсурсаў хопіць, каб пратрымацца да сакавіка 2024-га, калі мусіць прайсці галасаванне.

— Пуцін яшчэ афіцыйна не вылучыўся, аднак іншай кандыдатуры ў партыі ўлады няма. Ці магчымы яшчэ варыянты?

— Пакуль ніякіх персанальных альтэрнатыў Пуціну як кандыдату не праглядаецца. Раней былі размовы наконт таго, што замест ВВП на выбары пойдуць Прыгожын ці Кадыраў. Але першы, як вядома, ужо мёртвы. Што да Кадырава, то яго электаральныя перспектывы пахаваў ролік, на якім сын Рамзана збівае валгаградскага журналіста з-за таго, што той спаліў Каран. Адзін час мусіравалася імя Дзмітрыя Мядзведзева. Аднак ён чамусьці стварыў сабе ў інтэрнэце імідж фрыка-патрыёта.

— Так ці інакш для стварэння ілюзіі дэмакратычнасці выбараў патрэбны апазіцыйныя кандыдаты. Каму даручаць місію імітаваць суперніка ўлады?

— Перш за ўсё прадстаўнікам зарэгістраваных ліберальных партый. Без кандыдата-ліберала кампанія не магчымая, хаця б таму, што так ці інакш стаіць праблема знешняга прызнання выбараў. Называюцца два кандыдаты. Гэта Барыс Надзежын — лідар партыі «Грамадзянская ініцыятыва» і Рыгор Яўлінскі. Апошняга, дарэчы, ужо запрашалі ў Крэмль на «сумоўе». Напэўна, больш шанцаў у гэтым кастынгу ў Яўлінскага. Ён вядомы і аўтарытэтны на Захадзе, насуперак таму, што «Яблоко» за апошнія гады стала партыяй другога эшалона расейскай палітыкі. У любым выпадку Яўлінскі не з'яўляецца таксічным у вачах апазіцыянераў. Яго гістарычныя заслугі для дэмлагера нікім не аспрэчваюцца.

— Апошні час выключна камуністы складалі рэальную апазіцыю пуціністам на выбарах. Што чакаць ад КПРФ у гэтай кампаніі?

— Найбольш незразумелая гісторыя складаецца менавіта вакол КПРФ, якая сапраўды мае нейкую масавую падтрымку і самае галоўнае — структуры для правядзення федэральных выбарчых кампаній. Кандыдат на папярэдніх выбарах, прадпрымальнік Павал Грудзінін, напэўна, да ўласнага здзіўлення напалохаў уладу, паколькі змог аб'яднаць вакол сваёй фігуры некалькі буйных сацыяльных груп — бізнес, людзей, якія настальгуюць па СССР, і ўсіх, хто проста хоча перамен.

Наўрад улады дазволяць рымейк папярэдніх выбараў. Пуцінцам патрэбна, каб кандыдатам ад КПРФ быў нейкі стары партыйны апаратчык, які прамаўляў мантры пра тое, што ў часы СССР усё было добра. Да такога варыянту, здаецца, схіляецца і цяперашняе партыйнае кіраўніцтва. Зюганаў робіць вельмі неканкрэтныя заявы, заклікаючы «не бегчы наперадзе паравоза». Пакуль не зразумелы ні характар кампаніі камуністаў, ні магчымая падборка кандыдатаў. Акрамя таго, Зюганаў лабіруе на пасаду кандыдата свайго ўнука Леаніда, што не задавальняе частку партактыва.

— Ёсць яшчэ апазіцыйная антыпуцінская дыяспара? Яна неяк зможа паўплываць на выбары?

— Велізарная колькасць рэлакантаў аб'ектыўна ўзмацніла пазіцыі замежнай апазіцыі, хоць адзінства ў яе шэрагах няма. У тым ліку і па пытанні ўдзелу ці байкоту. Адна з фракцый (здаецца, гэта навальністы) прапануе скарыстацца шчылінай у законе, якая фактычна дазваляе збіраць подпісы грамадзянам, якія знаходзяцца ці нават пражываюць у іншых дзяржавах, у падтрымку таго ці іншага кандыдата. Сэнс акцыі палягае ў тым, каб паспрабаваць забясьпечыць рэгістрацыю якога-небудзь апазыцыйнага кандыдата.

Зрэшты, пакуль большасць лідараў дыяспары за байкот выбараў і прызнанне Пуціна нелегітымным прэзідэнтам. Калі такі падыход падтрымае Захад (да гэтага ўсё ідзе), то магчыма стварэнне аналага офіса Ціханаўскай — нешта накштал ураду ў эміграцыі.

— Здаецца, выбары 2024-га будуць прахаднымі і сур'ёзных праблем для пераабрання ў Пуціна не ўзнікне. Такім чынам, усе спадзяванні на змены адкладаюцца на пяць гадоў?

— Падобна, што самае цікавае сапраўды будзе на наступных выбарах. На гэты момант фізічная форма і ўзрост Пуціна наўрад ці дазволіць яму зноў балатавацца. Ва ўмовах адсутнасці ў лагеры ўлады яркіх палітыкаў незразумела, як будзе вырашацца праблема пераемніка.

Зрэшты, і на гэтых выбарах магчымы сюрпрызы. Невыпадкова ВВП літаральна на днях правёў сустрэчу з сябрамі Цэнтрвыбаркама і старшынямі рэгіянальных камісій. Яны атрымалі інструкцыю праводзіць выбары так, «каб захоўвалася палітычная стабільнасьць». Пры гэтым Уладзімір Пуцін папярэдзіў, што спробы як знешняга, так і ўнутранага ўмяшання ў выбары будуць спыняцца.