Урад Францыі сыдзе ў тэхнічную адстаўку на працягу дня

Урад Эдуара Філіпа ў Францыі на працягу панядзелка сыдзе ў тэхнічную адстаўку па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў нядзелю. Новы склад Кабінета міністраў будзе вызначаны на працягу тыдня.

Партыя прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона "Наперад!" была створана ўсяго год таму. Фота EPA

Партыя прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона "Наперад!" была створана ўсяго год таму. Фота EPA

Такія тэрміны назваў 19 чэрвеня ў эфіры радыёстанцыі RTL дзяржсакратар па сувязях з парламентам, афіцыйны прадстаўнік урада рэспублікі Крыстоф Кастанер.

"Прэм'ер-міністр у бліжэйшыя гадзіны будзе вымушаны падаць просьбу пра адстаўку, як таго патрабуе звычай. Думаю, гэта адбудзецца на працягу дня", — сказаў ён.

Новы склад кабінета міністраў, дадаў Кастанер, будзе вызначаны на працягу тыдня. "У бліжэйшыя дні будзе сфармаваны новы ўрад пад кіраўніцтвам, я думаю, Эдуара Філіпа", — адзначыў дзяржсакратар.

Адстаўка ўрада пасля парламенцкіх выбараў — негалосная палітычная традыцыя ў Францыі, не прапісаная ў заканадаўстве. Улічваючы пераканаўчую перамогу прэзідэнцкай большасці, чакаецца, што цяперашні Кабмін будзе зноўку сфармаваны ў бліжэйшыя дні з мінімальнымі перастаноўкамі.

Яўка ў другім туры апынулася значна ніжэй, чым была на выбарах у 2012 годзе. Многія выбаршчыкі — як апаненты, так і прыхільнікі Макрона, — як лічыцца, не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі пасля рашучай перамогі яго партыі ў першым туры. Прэм'ер-міністр Эдуар Філіп, хоць і адзначыў нізкую яўку, сказаў, што яго партыя будзе абараняць інтарэсы ўсіх французаў., паведамляе ВВС.

Другі тур выбараў у Нацыянальны сход — ніжнюю палату парламента Францыі — адбыўся ў нядзелю. Перамогу атрымаў прапрэзідэнцкі рух "Наперад!", які выступае адзіным блокам з цэнтрыстамі з "Дэмакратычнага руху". Агулам яны атрымалі 350 з 577 месцаў і ўтвараюць абсалютную парламенцкую большасць, на аснове якой будзе сфармавана ўрад.

Найбуйнейшай апазіцыйнай фракцыяй сталі правацэнтрысты — "Рэспубліканцы", Саюз дэмакратаў і незалежных і іншыя правыя партыі, што знаходзяцца з імі ў альянсе. Усе разам яны атрымалі 137 дэпутацкіх мандатаў. Вельмі правы "Нацыянальны фронт" заваяваў толькі восем крэслаў і не можа фармаваць уласную фракцыю — для гэтага неабходна не менш за 15 дэпутатаў.

Левыя партыі, якія ў папярэднім скліканні мелі большасць у Нацсходзе, гэтым разам пацярпелі паразу. Былая кіруючая Сацыялістычная партыя ў саюзе з Левай радыкальнай партыяй і "Зялёнымі" атрымала толькі 44 месцы, леварадыкалы з руху "Няскораная Францыя" разам з камуністамі фармуюць асобную фракцыю, заваяваўшы 27 мандатаў.

Паводле ТАСС, ВВС