Улады Польшчы пацвердзілі інфармацыю пра «залаты цягнік»

Цягнік адшуквалі 70 гадоў і, праўдападобна, цяпер знайшлі ў адным з тунэляў блізу горада Валбжых.



93fd5c56_e7a3_4a73_88a1_c671bb7538ad_w640_r1_s.jpg

Звесткі аб тым, што ў Польшчы знойдзены бронецягнік, у вагонах якога знаходзяцца каштоўныя металы, сёння пацверджаныя на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве. 

Прадстаўнік міністэрства культуры Польшчы Пётр Жухоўскі пацвердзіў гэтую інфармацыю, назваўшы яе праўдападобнай, і адзначыў, што даўжыня цягніка, як мяркуецца, больш за сто мэтраў, і ў ведамства ёсць у распараджэнні фотаздымкі з геарадару, якія паказваюць на існаванне цягніка.

Ужо сама інфармацыя, што гаворка ідзе пра бронецягнік, азначае, што ён можа ўтрымліваць каштоўныя прадметы. Цягнік выехаў з Брэслаў (цяпер Вроцлаў) у траўні 1945 году і потым таямніча знік.

Аматары гістарычных загадак мяркуюць, што калі Чырвоная Армія брала ў аблогу Брэслаў-Вроцлаў, немцы вывезлі золата з гораду. Спачатку яно павінна было прыбыць у Свебадзіцэ, а затым у Валбжых, але больш яго ніхто не бачыў. Паводле адной з вэрсіяў, якую прыводзіць Радыё Вроцлаў, цягнік мог спыніцца ў тунэлі недалёка ад цяперашняга населенага пункта Любехув.

Двое «паляўнічых за скарбамі», абвясцілі днямі, што знайшлі цягнік з каштоўнымі прадметамі, які належаў нацыстам. Брытанская The Telegraph размясціла відэаролік, у якім, у прыватнасці, выказваецца здагадка, што сярод каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў вагонах, могуць быць і выкрадзеныя нацыстамі элементы знакамітага «бурштынавага пакоя», зніклага пасля нацысцкай акупацыі з Екацярынінскага палацу пад Санкт-Пецярбургам.