Украіну абралі непастаянным членам Савета бяспекі ААН
Украіну абралі непастаянным членам Савета бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на 2016-2017 гады, «за» прагаласавалі 177 краін.
Як перадае карэспандэнт УНІАН, вынікі абвясціў старшыня на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Могенс Люккетофт.
Усяго прагаласавалі 192 краіны. Украіну падтрымалі 177 краін, 14 устрымаліся. Адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным. Неабходная колькасць галасоў — 118.
Таксама непастаяннымі членамі Савета бяспекі ААН абралі Егіпет, Сенегал, Уругвай і Японію. Яны разам з Украінай заменяць Іарданію, Нігерыю, Літву, Чад і Чылі.
За Егіпет прагаласавалі 179 краін, за Сенегал — 187, за Уругвай — 185 і за Японію — 184.
У Савет Бяспекі ўваходзяць 15 краін. Пастаяннымі членамі арганізацыі з’яўляюцца толькі пяць з іх, якія адыгралі ключавую ролю ў стварэнні ААН: Вялікабрытанія, Кітай, Расія (як правапераемніца СССР), ЗША і Францыя. Яны таксама маюць права вета падчас галасавання.
Астатнія дзесяць месцаў штогод абнаўляюцца напалову. Выбары непастаянных членаў праходзяць кожную восень на Генеральнай асамблеі ААН. Краіна павінна заручыцца падтрымкай не менш як двух трэцяў дзяржаў-членаў ААН, спачатку прайшоўшы працэдуру зацвярджэння ў сваіх рэгіянальных групах: азіяцка-ціхаакіянскай, афрыканскай, усходнееўрапейскай, лацінаамерыканскай і групе заходнееўрапейскіх і іншых дзяржаў.
Непастаяннымі членамі Савета Бяспекі ААН у 2015 годзе з’яўляюцца Ангола, Венесуэла, Іспанія, Іарданія, Літва, Малайзія, Новая Зеландыя, Нігерыя, Чад і Чылі. Апошні раз Украіна была нясталым членам Савета бяспекі каля 15 гадоў таму.