Украіна. Новы імідж Цімашэнка
Уся Украіна абмяркоўвае новы імідж Юліі Цімашэнка, які быў прадэманстраваны 25 жніўня ў кулуарах Сусветнага кангрэса ўкраінцаў.
Лідарка партыі «Бацькаўшчына» з'явілася на мерапрыемства ў чырвонай сукенцы па фігуры, пантофлях на высокіх абцасах і з новай прычоскай — прыбраныя за вушы прамыя валасы.
Гэта ўжо трэці вобраз Юліі за час палітычнай кар’еры. Спачатку яна — шатэнка з карэ, пачала заплятаць касу, якая стала сапраўдным брэндам. Пасля раптам трансфармавалася ў «настаўніцу» — акуляры плюс распушчаныя пафарбаваныя валасы. І вось зноў перамена.
У прынцыпе, большасць каментатараў успрыняла новы стыль пазітыўна, паколькі цяпер 56-гадовая Цімашэнка больш нагадвае звычайную ўкраінку сярэдняга ўзросту, што сведчыць пра яе блізкасць да народу.
Застаецца дадаць, што «новая Юля» таксама трошкі падобная да Дэйнэрыс — гераіні папулярнага серыялу «Гульні тронаў», якая, па сюжэце, кіруе драконамі. Адсюль і новая мянушка Цімашэнка — Маці Драконаў.
Праўда, Цімашэнка можа яшчэ перадумаць. Прыкладна ўвесну яна спрабавала хадзіць у вайсковым камуфляжы, аднак пасля адмовілася ад ідэі праз кпіны ў сеціве.
Паводле ўкраінскай прэсы