У Егіпце пакараюць смерцю 11 футбольных хуліганаў
Вынесены смяротны прысуд 11 футбольным хуліганам, якія ўдзельнічалі ў масавай бойцы на стадыёне ў Порт-Саідзе ў лютым 2012 года.
У Егіпце вынесены смяротны прысуд 11 футбольным хуліганам, якія ўдзельнічалі ў масавай бойцы на стадыёне ў Порт-Саідзе ў лютым 2012 года. Канчатковы вердыкт павінен агучыць 30 траўня вярхоўны муфтый Егіпту Шаўкі Алам.
Пазней суд абвесціць рашэнне датычна яшчэ 63 фігурантаў гэтай справы. Сярод абвінавачаных таксама 9 прадстаўнікоў сілавых структур.
Інцыдэнт адбыўся на футбольным стадыёне ў Порт-Саідзе ў лютым 2012 года. Тады заўзятары выбеглі на поле і пачалі збіваць футбалістаў каірскага клубу «Аль-Ахлі», якія прайгралі
камандзе «Аль-Масры». У выніку масавай бойкі і даўкі загінулі 74 фанаты з Каіру, больш за тысячу заўзятараў атрымалі калецтва.
Падчас здарэння на стадыёне знаходзіліся 500 спецназаўцаў, аднак паліцыя не спрабавала спыніць бойку. Гэтыя падзеі справакавалі масавыя пратэсты ў Каіры, Ісмаіліі і Суэцы: у гэтыя гарады ўвайшлі
падраздзяленні арміі Егіпту, а ўлады ўвялі каменданцкую гадзіну.