У Варшаве людзі выйдуць на вуліцы — у памяць аб згвалтаванай беларусцы Лізе і супраць сэксуалізаванага гвалту
6 сакавіка жыхары Варшавы прыйдуць на месца злачынства, здзейсненага Дарыянам С., каб ушанаваць памяць згвалтаванай ім дзяўчыны Лізы. Абураныя людзі патрабуюць змен у польскім заканадаўстве.
Марш памяці беларускі Лізаветы, якая была згвалтаваная ў цэнтры Варшавы і памерла праз некалькі дзён у рэанімацыі, пройдзе 6 сакавіка. Удзельнікаў заклікаюць прыходзіць у чорным.
«Яе звалі Ліза, ёй было 25 гадоў, у яе былі брунатныя вочы і талент да стварэння капелюшоў. Яна прыехала жыць у Польшчу праз небяспеку ў Беларусі. Мы ўжо не даведаемся, пра што яна марыла і што планавала. Уначы, у цэнтры Варшавы, у элітным раёне, яе жорстка згвалтавалі і забілі. Ніхто не адрэагаваў, ніхто не патэлефанаваў у службу 112», — нагадваюць пра абставіны страшнай трагедыі арганізатаркі маршу.
«Мы павінны адрэагаваць цяпер. Мы вінныя ёй. Мы выходзім на вуліцы ў яе гонар і ў памяць пра ўсіх жанчын, якія падвергліся сэксуальнаму гвалту. Мы не хочам баяцца. Мы не хочам, каб баяліся нашы дачкі і нашы сяброўкі.
Тое, што здарылася з Лізай, магло адбыцца з любой з нас. Яе згвалціў і забіў "звычайны" чалавек. Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас.
Мы зноў і зноў заяўляем: каб гвалт знік, трэба перастаць гвалціць. Мы звяртаемся да мужчын: вы таксама можаце мяняць сітуацыю сваёй гучнай пазіцыяй супраць гвалту і сваёй падтрымкай жанчын.
Мы стаміліся жыць у небяспецы і страху перад сэксуалізаваным гвалтам.
Неабходны ваш праведны гнеў — прыходзьце на месца злачынства ў сераду ў 18:00, адтуль мы пройдзем да Палаца культуры. Апраніцеся ў чорнае, ушануйце памяць Лізы так, як вам здаецца найболей годным. Мы не жадаем баяцца, калі ідзём адны. Лізавета ішла адна. Цяпер пайсці мусім усе мы.
Трагедыя Лізы адбылася ў цішыні. Ёй не дапамаглі, бо яна не крычала. Большасць жанчын падчас згвалтавання не крычаць — у выніку дысацыяцыі, адмаўлення або несвядомага стану. Маўчанне не азначае згоды. Яно можа быць крыкам аб дапамозе.
Марш пройдзе ў цішыні», — напісала ў сваім фэйсбуку актывістка Наста Базар.
Акцыя пачнецца а 18-й гадзіне 6 сакавіка на месцы злачынства — ul. Żurawia 47.
Як нагадвае «Салідарнасць», ноччу 25 лютага на беларуску, якая вярталася пешшу дадому, быў здзейснены напад у Варшаве. Злачынец, узброены нажом, душыў Лізу, згвалціў яе і кінуў у несвядомым стане на вуліцы. Толькі раніцай яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу.
Ратавальнікі даставілі дзяўчыну ў бальніцу Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта, некалькі дзён яна знаходзілася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх у рэанімацыі. 1 сакавіка стала вядома, што Лізавета памерла.
Дарыяна С., які напаў на беларуску, паліцыя затрымала праз некалькі гадзін пасля злачынства. Раней ён ужо быў судзімы за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Пасля правядзення псіхіятрычнай экспертызы, якая павінна вызначыць свядомасць дзеянняў падчас нападу, яму будуць прад'яўленыя канчатковыя абвінавачанні.
Між тым, трагедыя выклікала рэзананс і ў польскім грамадстве, абураным не толькі жорсткасцю нападніка, але і абыякавасцю людзей. Намесніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт заявіла, што неабходныя змены ў Крымінальным кодэксе. У прыватнасці, павінна быць зменена вызначэнне згвалтавання — як любых сэксуальных дзеянняў без адкрытай згоды бакоў.
Таксама польскія ўлады хочуць перагледзець узмацненне жорсткасці пакарання для гвалтаўнікоў. Паводле дзеючых законаў, за згвалтаванне прадугледжана да 12 гадоў турмы, але звычайна тэрміны больш мяккія, адзначае fakt.pl.
Пасля смерці Лізаветы беларусы і беларускі расказваюць у сацсетках пад хэштэгам #хопіцьгвалціць пра сваё сутыкненне з гвалтам і стаўленне да яго. Тут вельмі шмат асабістых і страшных гісторый пра тое, што і ў XXI стагоддзі жанчыны безабаронныя перад гвалтам і вымушаныя жыць у страху.
«Раней нам казалі "ты ўсё прыдумала, гэтага не было", "сама дура вінаватая" і ўсё ў гэтым духу. Цяпер у пэўнай частцы грамадства такое казаць непрыстойна, але мужчыны прыдумалі новы спосаб затыкаць нам рот — кажуць, што "посцікі пра гвалт" нікому і нічому не дапамагаюць. Добрая спроба, але не. Чытайце, слухайце і не спрабуйце нават потым казаць, быццам вы і западозрыць не маглі, што побач з вамі такое адбываецца», — пракаментавала флэшмоб у сацыяльных сетках журналістка Наста Захарэвіч.