«У сувязі з вайсковымі вучэннямі». Беларусы расказваюць, як іх не пусцілі ва Украіну

11 лютага беларусы, якія ехалі ці ляцелі ва Украіну, сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі на мяжы. Іх ці не пусцілі ва Украіну, ці пільна надглядалі і задавалі шмат пытанняў.

facebook_com_airportkiev_id29445_650x410__1__650x410.jpg


Беларуску Ульяну, якая жыве ў Вільні, сёння ўкраінскія памежнікі не пусцілі ў Кіеў, піша «Свабода». Яна прыляцела рэйсам «Ryanair» з Вільні ў Кіеў, каб забраць там свае рэчы. Дзяўчына да лета 2021 года жыла ў Кіеве, мела часовы від на жыхарства.
«У кіеўскім аэрапорце паўз мяне прайшоў памежнік са стосам беларускіх сініх пашпартоў. Неўзабаве і мой пашпарт апынуўся ў гэтым стосе. Нас, беларусаў, адвялі ў бок, памежнікі нас "ахоўвалі", іх было шмат, недзе каля сарака. Сказалі чакаць. У кабінет выклікалі па адным. Задавалі шмат пытанняў, часта абсурдных.
Малады беларус сказаў, што прыляцеў да дзяўчыны. Яны патрабавалі сумеснае фота з ёю, яе даныя. Усё гэта фатаграфавалі і здымалі на відэа. У людзей пыталіся: "На чым вы паедзеце з аэрапорту ў Кіеў? Чаму на аўтобусе, а не на электрычцы? Чаму вы не ведаеце, на чым адсюль можна ехаць?" У мяне начальніца тая пыталася, чаму я сама прыехала па рэчы, чаму мае сябры мне іх не паслалі», — расказала Ульяна.
Яна кажа, што стаўленне было «непрыемным» — беларусаў не выпускалі нікуды, не давалі вады, сказаўшы: «Гэта вам не крама». Урэшце начальніца з ліку памежнікаў паведаміла Ульяне, што яна прыняла рашэнне не пускаць яе ва Украіну.
«Бо нібыта я недастаткова даказала свой матыў прыезду. Я прасіла, што магу даказаць дастаткова. Але яна сказала, што не будзе са мной абмяркоўваць гэта. Прапанова такая: ці я лячу сёння назад у Вільню за свой кошт, ці праз два дні — за кошт авіякампаніі. Мяне правялі ў зону транзіту. Там такая своеасаблівая атмасфера, папраўдзе. Ні вады, ні ежы; спаць, відаць, трэба на падлозе, гучыць усходняя музыка... Можа быць, я палячу сёння за свой кошт», — дадала Ульяна.
У тэматычных групах Telegram пра паездкі ці пераезд ва Украіну з Беларусі пішуць, што пільны надгляд беларусаў звязаны з вайсковымі вучэннямі.
«Адмаўляюць тым, хто выклікаў падазрэнні. Хутчэй за ўсё, у іх ёсць нейкі план. Вучэнні да 20 лютага. Без панікі», — напісала ўкраінская кампанія, якая дапамагае беларусам з выездам на аздараўленне.
Чытач «Свабоды» сёння сутыкнуўся з пільнай увагай да беларусаў з боку ўкраінскіх памежнікаў, калі ехаў аўтобусам у Львоўскую вобласць на аздараўленне.
«Агулам праходзілі ўкраінскую мяжу шэсць гадзін. Часткова прычына была ў тым, што перад намі былі яшчэ іншыя аўтобусы, доўга іх правяралі. Але таксама, пачынаючы з 22 гадзіны 10-га лютага, ва ўкраінскіх памежнікаў з'явіліся інструкцыі больш пільна размаўляць з турыстамі з Беларусі. У нашым выпадку ўсе мужчыны маладога і сярэдняга ўзростаў па адным заходзілі ў кабінет на мяжы, дзе памежнікі задавалі пытанні: «З якой мэтай едзеце ва Украіну? Ці маеце нейкае дачыненне да вайскоўцаў? Кім працуеце? Калі апошні раз былі ва Украіне? Ці прыцягваліся да крымінальнай адказнасці?» — паведаміў беларус.
Ён кажа, што ў яго выпадку гутарка адбывалася ў даволі нейтральным тоне, «нейкай агрэсіі я не адчуваў з боку памежнікаў».
«Падлеткі-мужчыны, а таксама мужчыны сталага веку іх не цікавілі зусім, жанчыны таксама, з імі яны не размаўлялі ўвогуле. Пасля была стандартная працэдура пашпартнага кантролю, з сертыфікатамі аб вакцынацыі і ПЛР-тэстамі, і ў выніку нас упусцілі ва Украіну», — кажа суразмоўца.

Пазіцыя памежнай службы Украіны

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны «Свабодзе» патлумачылі, што памежнікі дзейнічаюць на падставе ўкраінскага заканадаўства.
«Памежнікі кіруюцца выключна нормамі заканадаўства, якое вызначае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Украіны, у тым ліку і для замежнікаў», — сказаў «Свабодзе» прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
На пытанне, чаму некаторых грамадзян Беларусі запісвалі на відэа і фатаграфавалі або капіявалі дакументы, Андрэй Дземчанка дадаў:
«Гэта адбываецца, калі ёсць неабходнасць правесці дадатковыя захады кантролю. Гэтая норма таксама выконвалася і раней. Гэта таксама прапісана ў заканадаўстве».
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны не ўдакладнілі, ці звязаныя больш пільныя захады кантролю грамадзян Беларусі з правядзеннем супольных расійска-беларускіх вучэнняў на тэрыторыі Беларусі.
«Мне невядомыя абставіны кожнага замежніка, які перасякае дзяржаўную мяжу, у тым ліку і ўсіх грамадзян Беларусі. Але ў заканадаўстве адзначаецца, што замежнікі маюць пацвердзіць мэту свайго падарожжа, мець наяўную неабходную суму грошай, што таксама прапісана заканадаўствам. І калі памежнікам неабходна, яны могуць праводзіць дадатковыя захады для ўдакладнення дэталей мэты паездкі замежнікаў ва Украіну. І гэта датычыць не толькі беларусаў, а ўсіх замежнікаў».
Падчас эпідэміі, паводле пастановы ўкраінскага ўрада, замежнікі, у тым ліку і грамадзяне Беларусі, для ўезду ва Украіну павінны мець поліс абавязковага страхавання, а таксама адмоўны вынік ПЛР-тэста на COVID-19 або сертыфікат аб вакцынацыі.
Апроч таго, замежныя грамадзяне павінны пацвердзіць дастатковае фінансавае забеспячэнне свайго знаходжання ва Украіне з разліку 43 780 грыўняў на месяц (1 долар = 28,02 грыўні). Пры гэтым у пастанове ўкраінскага ўрада адзначаецца, што памежнікі могуць правяраць фінансавае забеспячэнне выбарачна.
Украінскія памежнікі таксама могуць праверыць дамову на турыстычнае абслугоўванне, дакументы на браняванне гатэлю ці жылля, гарантыйны ліст (запрашэнне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртанне.

Калі яшчэ былі абмежаванні

Украіна толькі аднойчы ўводзіла абмежаванні на ўезд на сваю тэрыторыю замежнікам-мужчынам ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў, і тады яно датычылася выключна грамадзян Расіі. Гэта адбылося ў 2018 годзе падчас ваеннага становішча, абвешчанага пасля канфлікту ў Керчанскай пратоцы.
За час ваеннага становішча ў 2018 годзе Украіна адмовіла ва ўездзе 12 мужчынам-беларусам ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў, але афіцыйнай прычынай такога рашэння тады таксама называлі тое, што яны не змаглі пацвердзіць мэту сваёй паездкі.
Украінскія памежнікі больш пільна правяралі замежнікаў, у тым ліку і грамадзян Беларусі, летась падчас правядзення супольных беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2021».