У Расіі таксама знайшлі «лялькаводаў» пратэстаў
Міністэрства замежных спраў Расіі раскрытыкавала амбасаду ЗША ў Маскве. Падставай стала тое, што дыпламаты нібыта маглі "інструктаваць" пратэстоўцаў 23 студзеня, піша Еўрарадыё.
«Амбасада ЗША зноў падрабязна "інфармуе" на сваім сайце, дзе і калі вызначаюцца масавыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Гэтак вычарпальныя дадзеныя выходзяць за рамкі "клопату" аб уласных грамадзянах у Расіі», — заявілі ў расійскім МЗС.
Публікацыя, за якую крытыкуюць дыпламатаў — рэкамендацыя пазбягаць канкрэтных месцаў, дзе планаваліся масавыя акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага. Падобныя паведамленні з боку дыпмісій — нармальная практыка.
Расійскі МЗС на гэтым не спыніўся. Там заявілі, што дзеянні амбасады супадаюць з «правакацыйнымі дактрынальнымі ўстаноўкамі Вашынгтона ў стымуляванні пратэстаў у краінах з непажаданымі ім урадамі». Спробы ж асвятлення акцый МЗС РФ абяцаў разглядаць як спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны.
Пошук замежных «лялькаводаў» пратэстаў-папулярная ў частцы постсавецкіх краін практыка дзеянняў з боку ўладаў. Так, у Беларусі вясной і летам улады намякалі на тое, што акцыямі пратэсту кіруюць з Расіі, казаў пра гэта і Аляксандр Лукашэнка. Праўда, адразу пасля выбараў «лялькаводы» чамусьці памяняліся: цяпер ва ўсім вінаватыя тыя ж ЗША, а таксама Літва, Польшча і Чэхія.