У Расіі кур’ерамі і таксістамі з усіх замежнікаў здолеюць працаваць толькі беларусы?
Віцэ-спікер Дзярждумы РФ прапанаваў забараніць працаваць кур'ерамі і таксістамі грамадзянам тых краін, дзе руская мова не з'яўляецца дзяржаўнай.
Пётр Талстой, выступаючы на слуханнях у Савеце Федэрацыі, паскардзіўся, што ў постсавецкіх рэспубліках актыўна вучаць англійскую мову, а таксама «спрабуюць выцесніць рускую мову сваёй нацыянальнай мовай».
На думку Талстога, на гэта Расія павінна адказаць сустрэчнымі захадамі.
«Калі ў цябе мова руская не з'яўляецца дзяржаўнай, то, прабачце, грамадзяне гэтых краін не павінны працаваць у публічных месцах — кіроўцамі, прадаўцамі, ужо тым больш кур'ерамі Яндэкса», — сказаў Талстой на слуханнях у Савеце Федэрацыі.
На думку дэпутата, «такая адказная праца не для іх».
Віцэ-спікер адзначыў, што шмат хто ў Расіі лічыць, што мяккая сіла — гэта калі яны ўсе ўсміхаюцца і адкрываюць іх навучальныя ўстановы, заклікаючы ўсіх на працу ў Расію. «На мой погляд, частка мяккай сілы — у абмежаваннях, якія павінны абавязкова накладацца ў пэўных сітуацыях», — заявіў Пётр Талстой.
Дзе руская мова дзяржаўная?
Акрамя Расіі, руская мова з'яўляецца дзяржаўнай толькі ў Беларусі. У Казахстане і Кыргызстане руская мае статус афіцыйнай мовы, у Таджыкістане — мовы міжнацыянальных адносін.
У жніўні генеральны консул Расіі ў Казахстане Яўген Баброў быў вымушаны пакінуць сваю пасаду пасля таго, як у інтэрв'ю ТАСС заявіў, што ў краіне «назіраецца пэўны спад ва ўзроўні выкарыстання і вывучэння рускай мовы» і ўсклаў на гэта адказнасць на ўлады. У МЗС Казахстана заявы Баброва адпрэчылі.
Паводле meduza.io, www.pnp.ru