Замест рэжыму Пуціна ў РФ прыйдзе час рэлігійных фанатыкаў?

Спачатку цвіль рэлігійнага фанатызму хаваецца за фальш-панэлямі прывіднай імперыі, а потым выступае скрозь сцены і захоплівае ўсю прастору. Ці трэба гэта Пуціну? Вядома, не — навошта яму цвіль у Палацы? Але ці зможа ён адмовіць царкоўным фундаменталістам? Гісторык і палітолаг  Уладзімір Пастухоў  — пра расійскую «справу лекараў 2.0».

fanatyzm.jpg

Па меры таго, як шэрасць згушчаецца і пачынае звісаць жмутамі, нібы шчыльны туман, пачынае праясняцца сёе-тое наконт чорных часін, якія могуць прыйсці на змену цяперашнім.

Сярод тэм, якія я трымаю на прыцэле, акрамя глабальных праблем накшталт «выратавання цывілізацый», ёсць дзіўная «справа лекараў 2.0», якая гэтак жа маляўніча ілюструе заняпад эпохі Пуціна, як 70 гадоў таму арыгінальная «справа лекараў» ілюстравала заняпад эпохі Сталіна, але ёсць і свае постмадэрнісцкія асаблівасці.

Нягледзячы на тое, што за чвэрць стагоддзя адвакацкай практыкі да многага прывыкаеш, дый на многае я нагледзеўся, людаедскі прысуд лекарам, якія аказвалі дапамогу пры сурагатным мацярынстве (ад 15 да 19 гадоў не за тое, што забівалі — за гэта толькі што якраз памілавалі, а за тое, што дапамагалі нарадзіцца) мяне ўразіў. Не, не ашаламіў — для гэтага я ўжо досыць загартаваны, але менавіта ўразіў: сваёй уяўнай бессэнсоўнай бязлітаснасцю. Двухзначныя тэрміны не за пазбаўленне жыцця, а за яго з'яўленне. Зрэшты, так цяпер у Расіі ва ўсім.

У рэчаіснасці, аднак, у гэтую гісторыю ўшыты глыбокі палітычны падтэкст. Гаворка ідзе пра нешта большае, чым канкрэтныя зламаныя чалавечыя лёсы. Калі прыгледзецца пільней да фабулы расследавання, то ў вочы кідаецца адсутнасць звыклага для такога роду спраў зацікаўленага (т. зв. «интересанта») і камерцыйнага кантэксту. Не заўважна таксама прыкметных ці відавочных слядоў разборкі «гаспадарчых суб'ектаў» або спробы рэйдарскага захопу долі «дзетароднага рынку».

Глядзіце таксама

Ды і само па сабе сурагатнае мацярынства яшчэ зусім нядаўна нікога не хвалявала і шырока практыкавалася як спосаб вырашыць праблему нараджэння дзяцей сярод прадстаўнікоў вышэйшых саслоўяў. Зразумела, для многіх людзей, абцяжараных хваробамі, гэта наогул адзіны спосаб нарадзіць дзіця. Ніякай негатыўнай рэакцыі на гэтую з'яву ні ў якіх шырокіх масах не назіралася. Наадварот, масы прагна чыталі навіны пра поп-зорак — дый павялічвалі клікабельнасць жоўтых сайтаў. Дык у чым жа справа?

А справа ў царкве. Дакладней, не ў царкве, а ў адной пэўнай каляцаркоўнай мафіі, павернутай на архаіцы, якая ўявіла сябе захавальніцай чароўнай традыцыі, ахоўніцай маральнасці і новай інквізіцыяй. Такога роду маргінальныя групы прысутнічаюць у любым сучасным грамадстве. Але толькі ва ўмовах глыбокага грамадска-палітычнага крызісу яны ўсплываюць на паверхню, становяцца дамінантнай ідэалагічнай сілай і атрымліваюць кантроль над рэпрэсіўнай машынай дзяржаўнай улады. Новая «справа лекараў» паказвае, што гэта і ёсць цяпер выпадак Расіі.

Глядзіце таксама

У цені маральна амбівалентнай і ў прынцыпе эпікурэйскай культуры пуцінізму як цвіль пасля дажджу ў цёмным куце развілася субкультура псеўдарэлігійнага фанатызму. Гэтая культура паводзіць сябе ў адносінах да пуцінскай сістэмы ўлады прыблізна гэтак жа, як звычайная цвіль у адносінах да палаца ў Геленджыку: яна яе з'ядае. Спачатку хаваецца за фальш-панэлямі прывіднай імперыі, а потым выступае скрозь сцены і захоплівае ўсю прастору. Такі вось выйшаў архітэктурны пралік у рэканструктараў гісторыі. Уся справа, аказваецца, у пазухах, дзе плодзіцца чорт ведае што.

У выніку ўлада вымушана ісці гэтай цвілі насустрач і рабіць адну саступку за другой яе перакручанай і мудрагелістай свядомасці. Сурагатнае мацярынства асуджана ўслед за ЛГБТ-супольнасцю і прадвызначае ўжо немінучую бліжэйшым часам забарону абортаў. 

Ці трэба гэта Пуціну? Вядома, не — навошта яму цвіль у Палацы? Ці можа ён гэта спыніць? Баюся, што цяпер ужо таксама не можа. Менавіта рэжым рэлігійных фанатыкаў, якія перш за ўсё зжаруць «дона Рэбе», а потым ужо і ўсю астатнюю Расію, пачынае праглядацца як самы сумны сцэнар пуцінскага зыходу.

Глядзіце таксама