У Дагестане натоўп захапіў аэрапорт: шукалі габрэяў, што прыляцелі на рэйсе з Тэль-Авіва

У Махачкале натоўп прарваўся на ўзлётнае поле аэрапорта — калі прыбыў рэйс з Тэль-Авіва. Яны выкрыквалі антысеміцкія лозунгі і спрабавалі штурмаваць самалёт. Сілавікі ніяк не перашкаджалі натоўпу. Яны толькі заклікалі ў мегафон устрымацца ад пагрому і перакрыцця дарог, а таксама казалі, што «разумеюць» прысутных.

mahaczkala.avif

У Махачкале натоўп прарваўся на ўзлётнае поле аэрапорта — калі прыбыў рэйс з Тэль-Авіва. Яны выкрыквалі антысеміцкія лозунгі і спрабавалі штурмаваць самалёт.

У аэрапорце Махачкалы перад прылётам рэйса з Тэль-Авіва сабраліся сотні чалавек. Гэта адбылося пасля заклікаў удзельнічаць у сходзе ля аэрапорта і правяраць машыны побач з будынкам, піша Meduza.

Паведамленні пра «бежанцаў з Ізраіля», якія нібыта прыбываюць у Дагестан, сярод іншых, публікуе тэлеграм-канал «Утро Дагестан», які запусціў экс-дэпутат Дзярждумы Ілля Панамароў.

Натоўп спыняў аўтамабілі, якія выязджалі з тэрыторыі аэрапорта. У людзей, якія знаходзіліся там, правяралі пашпарты. Сярод спыненых натоўпам транспартных сродкаў быў нават аўтазак АМАПу.

Адзін з пасажыраў рэйса распавёў тэлеграм-каналу «Тут Дагестан», што калі ён выйшаў на вуліцу, да яго «падляцелі чалавек пяцьдзясят» і спыталі яго, ці не габрэй ён. Па словах мужчыны, ён адразу «зарыентаваўся» і сказаў, што ён рускі. Яго адпусцілі пасля таго, як ён паказаў расійскі пашпарт — людзі, якія акружылі яго, нібыта сказалі, што «не габрэяў не чапаем сёння». 

Крыніца: telegram

Праз некалькі гадзін пратэстоўцы ўварваліся ў будынак аэрапорта. Як піша тэлеграм-канал «Осторожно, новости», прысутныя заходзілі ў кожнае памяшканне, выкрыквалі антысеміцкія лозунгі.

Супрацоўнікі аэрапорта пры гэтым спрабавалі хавацца ў службовых кабінетах — гэта відаць на апублікаваных у сацсетках відэароліках. Пазней частка людзей выбегла на ўзлётна-пасадачную паласу і спрабавала пранікнуць у самалёт, які прыляцеў з Тэль-Авіва.

Расавіяцыя паведаміла, што аэрапорт закрыты «да нармалізацыі сітуацыі» на прыём і адпраўку рэйсаў «у сувязі з пранікненнем невядомых асоб на перон аэрапорта».

Крыніца: telegram

Паліцыянты ніяк не перашкаджала натоўпу. Яны толькі заклікалі ў мегафон устрымацца ад пагрому і перакрыцця дарог, а таксама казалі, што «разумеюць» прысутных і гатовыя разам з імі «ўстаць і скандаваць».

Толькі калі ўдзельнікі акцыі прарваліся на ўзлётнае поле, скамячыўшы ахову аэрапорта, на месца прыбыў спецназ — аднак і тады сілавікі не сталі нікога разганяць. У аэрапорт прыехалі міністр Дагестана па нацыянальнай палітыцы Энрык Муслімаў і міністр па справах моладзі Каміл Саідаў, якія ўступілі ў перамовы з прысутнымі.

Крыніца: telegram

Як піша «Осторожно, новости», у раёне аэрапорта таксама глушылі сувязь, каб натоўп не мог каардынаваць дзеянні.

Большасць тых, хто прыляцеў, відаць, не выходзілі з аэрапорта, піша Sota. Выданне адзначае, што рэйс Тэль-Авіў у асноўным выкарыстоўваецца як перасадачны ў Маскву, бо прамыя квіткі ў расійскую сталіцу з Ізраіля вельмі дарагія. «Такім чынам, большая частка пасажыраў гарантавана не збіралася выходзіць у Махачкале», — робіць выснову Sota.

Крыніца: telegram

Нагадаем, за апошнія суткі на Паўночным Каўказе прайшоў цэлы шэраг антысеміцкіх акцый. У дагестанскім Хасавюрце натоўп сабраўся ля адной з гасцініц з-за чутак, што туды нібыта засялілі бежанцаў з Ізраіля. Паліцыянты дазволілі некаторым з тых, хто сабраўся ўвайсці ўнутр, каб тыя пераканаліся, што гэта не так. У сталіцы Карачаева-Чаркесіі прайшоў мітынг, удзельнікі якога запатрабавалі «выселіць» габрэяў.

МУС пасля сцвярджала, што 34 з 80 прысутных былі затрыманыя, і на іх склалі пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваных мітынгах.

У сталіцы Кабардзіна-Балкарыі Нальчыку невядомыя падпалілі габрэйскі культурны цэнтр, які будуецца, і пакінулі на яго сцяне антысеміцкі надпіс.