Справа не толькі ў антысемітызме. Чаму ў Дагестане ледзь не пачаліся яўрэйскія пагромы
У канцы мінулага тыдня расійскі Паўночны Каўказ выбухнуў на глебе ізраільска-палесцінскага канфлікту. Рознага кшталту антысеміцкія акцыі адбыліся ў некалькіх рэспубліках, але збольшага яны мелі лакальны характар. Іншая справа — Дагестан. Там здарыліся сапраўдныя закалоты, а да яўрэйскіх пагромаў не дайшло толькі таму, што раз’юшаны натоўп не здолеў знайсці ахвяр для расправы.
Яўрэі на пагром не з’явіліся
Усё пачалося яшчэ ў суботу, калі некалькі соцень дагестанцаў сабраліся каля гатэля «Фламінга». Нехта пусціў чуткі, што ў гасцініцы жывуць яўрэйскія бежанцы. Мясцовыя атачылі будынак і запатрабавалі выселіць «гасцей» з нумароў.
У выніку на месца прыбылі паліцыянты, але не для таго, каб навесці парадак. Сілавікі гасцінна запрасілі дэлегацыю «неабыякавых грамадзян» у гатэль, каб яны ўпэўніліся: ізраільцян тут няма.
Асноўныя ж падзеі ў рэспубліцы разгарнуліся на наступны дзень. Увечары ў аэрапорце Махачкалы чакалася пасадка пасажырскага самалёта з Тэль-Авіва. Разагрэтыя нянавісцю да Ізраіля і яго жыхароў, сотні (паводле некаторых ацэнак, да тысячы) дагестанцаў накіраваліся «сустракаць» рэйс.
Далей усё развівалася імкліва. Натоўп гарачых каўказцаў уварваўся ў аэрапорт. Пачаў гойсаць па памяшканнях, вышукваючы іўдзеяў. Паведамлялася пра рабаванні крам і складоў. Паліцыя спужалася і пагромшчыкам не пярэчыла. Тыя нават спынялі аўтамабілі «Расгвардыі» і правяралі, ці не вязуць яны яўрэяў.
У выніку сотні антысеміцкі настроеных мужчын не толькі захапілі аэравакзал, але і прарваліся на ўзлётна-пасадачныя палосы. Пасажыры рэйсаў, якія прызямліліся ў Махачкале, былі вымушаны гадзінамі адседжвацца ў самалётах, каб не трапіць пад раздачу.
Толькі праз некалькі гадзін, сабраўшы дастатковую колькасць сіл, дагестанскія сілавікі прыехалі і навялі парадак. Наступствы невясёлыя: два дзясяткі чалавек з абодвух бакоў атрымалі раненні, паведамляецца пра загінулага паліцыянта. Аэрапорт зачынілі да 6 лістапада.
Следчыя завялі крымінальную справу аб «масавых закалотах». У яе межах затрымалі каля 60 удзельнікаў. Мясцовыя ўлады назвалі тое, што адбылося, ганьбай і «ўдарам у спіну». Кіраўнік рэспублікі Сяргей Мелікаў абвінаваціў у беспарадках — хто б сумняваўся — «знешнія сілы» і «бандэраўцаў». Тое ж самае паўтарыў пуцінскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў.
Што тычыцца самалёта з Тэль-Авіва, то ён у захопленым аэрапорце так і не прызямліўся. Дыспетчары перанакіравалі борт у іншае месца. Як жартуюць у сацсетках, яўрэі на пагром не з’явіліся.
Зрэшты, жарты жартамі, але як увогуле атрымалася, што Дагестан стаў цэнтрам масавага бясчынства, пра якое напісалі ўсе сусветныя СМІ?
Прычына не ў «бандэраўцах», а ў крамлёўскай прапагандзе
Расійскія афіцыйныя асобы, як заўсёды, усё перавярнулі дагары нагамі. Там, дзе яны ўбачылі сляды ўсюдыісных «бандэраўцаў», трэба шукаць уплыў дзеянняў крамлёўскай прапаганды — адной з самых агрэсіўных у свеце.
Шмат гадоў расійскія федэральныя медыя не толькі транслююць грамадству хлуслівыя наратывы пра духоўную Расію і тлятворны Захад, але яшчэ і наўпрост распальваюць варожасць да ўсяго, што не ўпісваецца ў маскоўскую карціну свету. Да амерыканцаў, якія ва ўсім вінаваты. Да ўкраінцаў, якіх апанаваў «нацызм». Да Еўропы, дзе жывуць адны геі і лесбіянкі. Увогуле — да ўсяго дэмакратычнага, што супярэчыць бягучаму расійскаму імперыялізму.
Абралі ў Малдове празаходнюю ўладу — ворагі і марыянеткі ЕС. Павярнулася Арменія тварам на Захад — чакайце, хутка вы аб гэтым пашкадуеце. Якіх толькі пагроз не агучвалі на атручаным расійскім ТБ: і краіны Балтыі яны захопяць, і поўнач Казахстана заваююць, і Лондан адным ударам пераўтвораць у ядзерны пыл, а ўжо амерыканцы дык наогул могуць лічыць сябе нябожчыкамі.
Мова варожасці насычала галовы расійцаў, і за два пуцінскія дзесяцігоддзі замбавала большую частку грамадства.
Калі ХАМАС напаў на Ізраіль, а Ізраіль ударыў у адказ, Крэмль хутка вызначыўся з тым, на якім ён баку. Вядома, дэмакратычная яўрэйская дзяржава — гэта зло. Дабро, якое варта падтрымаць, гэта хамасаўскія тэрарысты. Прапаганда звыкла абрынулася на «ізраільскую ваеншчыну», балазе метадычкі захаваліся з савецкіх часоў. У кактэйль дадаліся звычайны побытавы антысемітызм і мусульманская салідарнасць з жыхарамі сектара Газа — так і атрымалася грымучая сумесь.
У дагестанскага выбуху ёсць сацыяльная база
Сапраўды, большасць мусульманскіх краін падтрымлівае ў гэтай вайне Палесціну. Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца шматлікія ісламскія дыяспары ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Як бы хто да гэтага не ставіўся, але факт ёсць факт.
У буйных гарадах дэмакратычных краін, дзе шмат мусульман, праходзяць шматтысячныя прапалесцінскія маніфестацыі. У большасці выпадкаў — мірныя, але, вядома, здараюцца і інцыдэнты. Што праўда, да захопу аэрапортаў справа не даходзіць.
Таму ў цэлым не дзіўна, што і насельніцтва расійскага Каўказа трымаецца той жа лініі. Але ў выпадку з Дагестанам ёсць і дадатковы фактар: гэты рэгіён РФ мае выразны настрой на пратэст.
Год таму, калі Крэмль на фоне паражэнняў ва Украіне распачаў мабілізацыю, менавіта гэтая невялікая (3,2 млн насельніцтва) рэспубліка найбольш зацята выступіла супраць адпраўкі мужчын на вайну. Людзі выходзілі на цэнтральныя плошчы гарадоў і вёсак, перакрывалі федэральныя магістралі, давалі адпор сілавікам. Лозунгі «Не вайне!», «Не мабілізацыі!», «Нашы дзеці не ўгнаенне!» казалі самі за сябе.
Пратэсты, канешне, здушылі. Завялі крымінальныя справы. Але незадаволенасць нікуды не дзелася. І ў тым ліку яна выплюхнулася 29 кастрычніка ў Махачкале, нездарма ў дагестанскіх пабліках у той вечар гучалі не толькі ганебныя антысеміцкія заклікі, але і гучныя выказванні супраць Крамля.
Таму ёсць шмат прычын: ад гістарычных — у шматнацыянальным Дагестане памятаюць супраціў сваіх продкаў маскоўскім каланізатарам да сучасных — у рэгіёне нізкі ўзровень жыцця, глыбокая рэлігійнасць з ухілам у фундаменталізм, насельніцтва моцна пацярпела ад ковіду, дый смяротнасць ад вайны многія дагестанцы адчулі на сабе.
Расійская ўлада зноў паказала сваю слабасць
Што яшчэ адзначаюць эксперты, дык гэта чарговую дэманстрацыю ўнутранай слабасці ўлады ў РФ. Невялікая група маладых мужчын у нядзелю паставіла на вушы сталіцу цэлага расійскага рэгіёна.
Памятаеце чэрвеньскі мяцеж Прыгожына? «Вагнераўцы» адкрыта выступілі ў паход на Маскву, без адзінага стрэлу захапілі горад-мільённік Растоў, і ніхто не выступіў супраць. Сілавікі і чыноўнікі пахаваліся, мясцовыя жыхары віталі баевікоў сумнавядомай ПВК, Пуцін рэзка знік з публічнай прасторы.
У Махачкале адбылося прыкладна тое ж самае. Пячорная ксенафобія, агрэсія, прамая небяспека для жыцця грамадзян, парушэнне працы авіяцыйнай індустрыі… І дзе былі хвалёныя расійскія сілавікі, якія так спрытна затрымліваюць хіпстараў на антываенных пікетах? А нідзе — цішэй вады, ніжэй травы. Схавалася і мясцовая ўлада. Набралі ў рот вады ў Крамлі.
Каб у гэтых хіпстараў была зброя хаця б напалову такая, як у «вагнераўцаў», каб былі адпаведныя намеры — то маглі б захапіць і адміністрацыйныя будынкі ў Махачкале. Але і так дагестанскія антысеміты паказалі, што рэжым Пуціна моцны толькі на словах. Што яго сілавы апарат не такі магутны, як хоча выглядаць. І што высноў з памылак у Крамлі рабіць не ўмеюць.