У ААН заснавалі фонд гуманітарнай дапамогі Украіне
Фонд дазволіць донарам накіроўваць ўзносы на падтрымку гуманітарных намаганняў у зоне канфлікту ў Данбасе. У 2019 годзе на дапамогу жыхарам Данбаса спатрэбіцца 162 млн долараў.
У ААН заснавалі аб'яднаны фонд гуманітарнай дапамогі Украіне. Пра гэта абвясцілі ў аўторак, 12 лютага, на спецыяльным пасяджэнні арганізацыі, тэмай якога стаў план гуманітарнай дапамогі на ўсходзе Украіны на 2019 год. Памочнік генеральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаннях Урсула Мюлер (Ursula Müller) заклікала донараў далучацца да фонду, каб дапамагчы жыхарам Данбаса.
Нямецкі дыпламат адзначыла, што некаторыя краіны ўжо ахвяравалі грошы на гуманітарную дапамогу ва Украіне. У сваіх выступах дэлегацыі Швецыі і Літвы заявілі, што ўнеслі сродкі ў фонд. У сваю чаргу, Мюлер нагадала, што у 2019 годзе на гуманітарную дапамогу жыхарам Данбаса, якія знаходзяцца па абодва бакі ад лініі размежавання, спатрэбіцца 162 млн долараў. Палітык таксама выказала надзею, што фонду ўдасца аказаць дапамогу людзям, што пакутуюць ад канфлікту. «Мы будзем працягваць рабіць усё магчымае, каб палегчыць вашы пакуты, і заклікаць да працяглага міру», — падкрэсліла Урсула Мюлер.
Аб'яднаны фонд гуманітарнай дапамогі Украіне дазволіць донарам, у якасці якіх могуць выступаць урады, міжнародныя і няўрадавыя арганізацыі, накіроўваць ўзносы на падтрымку мясцовых гуманітарных намаганняў. Як сцвярджаецца, з дапамогай фонду сродкі будуць даходзіць да гуманітарных арганізацый у зоне канфлікту скаардынавана, мэтанакіравана, а таксама своечасова.
dw.com