Троліў Лукашэнку і мяняў чырвона-зялёны сцяг на БЧБ: хто такі новы прэзідэнт Латвіі?

Дэпутаты Сейма Латвіі 31 траўня абралі новым кіраўніком краіны шматгадовага міністра замежных спраў Эдгара Рынкевіча. «За» прагаласавалі 52 дэпутаты, супраць — 35.

Два гады таму Эдгар Рынкевіч замяніў на флагштоку ў Рызе чырвона-зялёны сцяг на БЧБ / twitter.com/edgarsrinkevics​

Два гады таму Эдгар Рынкевіч замяніў на флагштоку ў Рызе чырвона-зялёны сцяг на БЧБ / twitter.com/edgarsrinkevics​


У сваёй прамове ў Сейме Рынкевіч сказаў, што сёння тым маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія толькі мараць заваяваць медалі на чэмпіянаце свету або стаць прэзідэнтам, гэта, напэўна, здаецца малаажыццяўляльным. Але насамрэч — усё магчыма.

Пра Рынкевіча вядома, што ён усяляк падтрымліваў беларусаў падчас пратэстаў 2020 года, неаднаразова сустракаўся са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці, а таксама крытыкаваў Лукашэнку. «Салідарнасць» сабрала некалькі фактаў пра новага прэзідэнта Латвіі.


Пачынаў кар'еру журналістам і здзейсніў камінг-аўт

Эдгар Рынкевіч нарадзіўся ў Юрмале ў 1973 годзе. Мае ступень бакалаўра гісторыка-філасофскага факультэта Латвійскага ўніверсітэта і ступень магістра ўніверсітэта нацыянальнай абароны ЗША, а таксама сертыфікат у галіне паліталогіі і міжнародных адносін універсітэта Гронінгена (Нідэрланды).

Пачынаў кар'еру журналістам Латвійскага радыё, спецыялізуючыся на тэме знешняй палітыкі і міжнародных адносін. З 1995 года Рынкевіч працаваў у Міністэрстве абароны, а з 2011-га заняў пасаду міністра замежных спраў, на якой і працаваў да гэтага часу.

6 лістапада 2014 года Эдгар Рынкевіч здзейсніў камінг-аўт і стаў першым палітыкам у гісторыі Латвіі, які адкрыта прызнаў сваю гомасексуальную арыентацыю.

Па выніках апошніх выбараў у Сейм Рынкевіч стаў адным з найпапулярных палітыкаў краіны, атрымаўшы 35 072 плюсаў выбаршчыкаў. У прэм'ер-міністра Крыш'яніса Карыньша 35 013 плюсаў.


Спрабаваў наладжваць стасункі з Лукашэнкам, але нешта пайшло не так

У 2015 годзе, будучы на пасадзе міністра абароны, Эдгар Рынкевіч сустракаўся з Лукашэнкам. Са слоў латвійскага палітыка, Рыгу хвалявала паглыбленне інтэграцыі Мінска і Масквы. Аднак адказ Лукашэнкі наўрад ці яго задаволіў: той чарговым разам пакляўся ў вернасці «брацкай Расіі»:

— Мы хочам добрых стасункаў з Заходняй Еўропай, Еўропай наогул, Еўрасаюзам, ЗША. Я разумею, што такое ЕС і Амерыка, але мы ні ў якім разе ніколі не станем рваць нашы адносіны, ні за якія грошы, з брацкай Расіяй.


Замяніў беларускі сцяг падчас ЧС па хакеі

Гэта адбылося 24 траўня 2021 года. Падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе разам з мэрам латвійскай сталіцы Марціньшам Стакісам Рынкевіч зняў чырвона-зялёны дзяржаўны беларускі сцяг і замяніў яго на бел-чырвона-белы сцяг.

Па гэтым факце Генпракуратура Беларусі нават завяла крымінальную справу, паабяцаўшы ў расследаванні быць «настойлівымі, мэтанакіраванымі і паступіць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі».

Эдгар Рынкевіч на гэта адрэагаваў:

— Гэта паказваецца адчай і вар'яцтва рэжыму Лукашэнкі. Яму лепш разабрацца ў справе аб угоне Ryanair і пачынаць расследаванне дзяржаўнага тэрарызму.

Сцяг Беларусі на ЧС па хакеі

Сцяг Беларусі на ЧС па хакеі


Іранічна адказаў на пахвалу Латвіі ад Лукашэнкі

У час Чэмпіянату свету па хакеі Эдгару Рынкевічу яшчэ не раз давялося вербальна схапіцца з беларускім кіраўніком. Лаючы беларускіх хакеістаў, Аляксандр Лукашэнка «пад’ягорыў» латышоў, з'едліва пахваліўшы латышскіх спартсменаў.

— Вось паглядзіце на латышоў. Там іх усяго займаецца спортам 20 чалавек, яшчэ 5 аднекуль дабіраюць, едуць і малоцяць на ўсю катушку ўсіх! І не таму што добра гуляюць тэхнічна, у іх дух ёсць, яны прыехалі змагацца за краіну, — адзначыў Лукашэнка.

— Усё дакладна, Аляксандр Рыгоравіч, у латышоў дух баявы, дарэчы, гэта не толькі да хакея адносіцца... Так што не трэба вайной пагражаць, — напісаў у адказ Рынкевіч у Twitter.


Патроліў грэчкай

Не адмовіў сабе латышскі палітык і ў задавальненні падчапіць беларускага кіраўніка з нагоды ягоных слоў пра тое, што нібыта латышы «просяць» упусціць іх у Беларусь, каб купіць танную грэчку. Рынкевіч працытаваў фразу Лукашэнкі, якая ператварылася ў мем.

«А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь... за грэчкай і соллю стаяць», — напісаў ён у сваім мікраблогу, прымацаваўшы пры гэтым спасылку на публікацыю са словамі кіраўніка Беларусі.