Трамп прапанаваў пасаду дарадцы па нацбяспецы экс-кіраўніку выведкі Пентагона
Генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы Майкл Флін атрымаў прапанову абранага прэзідэнта Дональда Трампа заняць пасаду дарадцы па пытаннях нацыянальнай бяспекі, паведамляюць у Белым доме.
У 2012–2014 гадах Флін узначальваў выведвальнае ўпраўленне Міністэрства абароны ЗША. Ён сцвярджае, што яго прымусілі сысці ў адстаўку з гэтай пасады з-за яго поглядаў на радыкальны іслам.
На дадзены момант крыніцы інфармагенцтваў у прэзідэнцкай адміністрацыі не паведамляюць, ці пагадзіўся Флін заступіць на пасаду.
З лютага па лістапад генерал-лейтэнант быў адным з дарадцаў Трампа, пакуль ішла яго выбарчая кампанія. Для прызначэння дарадцы абранаму прэзідэнту не трэба заручыцца падтрымкай Кангрэсу.
У мінулым годзе Флін наведаў святочную вячэру ў Маскве з нагоды 10-годдзя расійскага англамоўнага дзяржканала RT, раней вядомага як Russia Today, чым моцна здзівіў істэблішмент.
Як паведамлялі СМІ, на мерапрыемстве экс-кіраўнік выведкі Пентагона знаходзіўся побач з галоўным рэдактарам тэлеканала Маргарытай Сіманьян і непадалёк ад расійскага прэзідэнта Уладзімера Пуціна.
Пазней у інтэрв'ю RT Флін заявіў, што ЗША і Расія павінны працаваць разам, каб вырашыць праблему грамадзянскай вайны ў Сірыі і справіцца з тэрарызмам.
Акрамя таго, Флін заяўляў, што вайна ў Іраку, якую пачаў у 2003 годзе прэзідэнт Джордж Буш, была памылкай, і ў выніку яна прывяла да актыўнага развіцця там тэрарыстычных груповак.
Паводле ВВС