Сусветныя цікавосткі: Януковіч — аматар Шаўчэнкі, Тік-Ток супраць чалавецтва, нашэсце цяжарных кабет
З усіх прэзідэнтаў Украіны найбольшую ўвагу слыннаму літаратару і мастаку нечакана надаваў Віктар Януковіч. Дэманізацыя Тік-Ток: амерыканскі часопіс Atlantic абвінаваціў Tік-Ток у фармаванні на планеце псіхічна нездаровага маладога пакалення. Навошта на маленькую выспу ў Індыйскім акіяне Маёта высаджвацца дэсанты цяжарных кабет? Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
Януковіч — самы вялікі аматар Шаўчэнкі
На мінулым тыдні ўкраінцы і не толькі яны адзначылі 210-годдзе з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Пры гэтым нечакана высветлілася, што з усіх прэзідэнтаў Украіны найбольшую ўвагу слыннаму літаратару і мастаку надаваў ніхто іншы, як Віктар Януковіч. Як згадваюць супрацоўнікі ягонай адміністрацыі, ён збіраўся з вялікім размахам адсвяткаваць 200-годдзе Шаўчэнкі ў 2014-м. У 2012-2013 гадах тройчы збіралася Гуманітарная рада пры прэзідэнце адносна падрыхтоўкі да юбілею. Задачу Януковіч паставіў незвычайную: юбілей Шаўчэнкі павінен быў стаць падзеяй ці ледзь не планетарнага маштабу. Але гэтага яму было мала. Ён марыў, каб Канеў, дзе былі перапахаваны парэшткі Кабзара, стаў украінскай Мекай! «Трэба зрабіць усё, каб кожны ўкраінец мінімум раз у год наведваў магілу Шаўчэнкі, а замежныя грамадзяне пабывалі там хаця б раз у жыцці», — сцвярджаў Януковіч падчас паседжанняў сваёй каманды. Ён таксама патрабаваў пабудаваць побач з Каневам міжнародны аэрапорт, хаця разлікі спецыялістаў паказвалі, што праз асаблівасці ландшафту гэта зрабіць там немагчыма. А вось рачны порт у Каневе пры Януковічы паспелі адкрыць.
Сваю незвычайную любоў да Кабзара Януковіч тлумачыў старонкай асабістай біяграфіі. Ва ўзросце 9 гадоў ён з класам паехаў з Данбаса ў Канеў, дзе, па словах Януковіча, «стоячы каля магілы Тараса Рыгоравіча, упершыню ўсвядоміў сябе ўкраінцам». Цяжка сказаць, наколькі ён быў шчыры. Культываванне асобы Шаўчэнкі магло дапамагчы яму пашырыць электарат за кошт свядомых украінцаў. Так ці інакш, потым быў Майдан і ўсім стала не да Шаўчэнкі... Не пашанцавала Тарасу Рыгоравічу — такі юбілей сапсавалі!
Па матэрыялах украінскай прэсы
Тык-Ток супраць чалавецтва
Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі заявіў, што наступная рэвалюцыя ў краіне будзе рэвалюцыяй Tik-Tok. Адміністрацыя ЗША бачыць у Tік-Ток сакрэтную распрацоўку кітайскіх шпіёнаў (Тік-Ток, нагадаем, належыць адной з фірмаў у КНР). На гэтым дэманізацыя папулярнай сацыяльнай сеткі не скончылася. Ліберальны амерыканскі часопіс Atlantic абвінаваціў Tік-Ток у фармаванні на планеце псіхічна нездаровага маладога пакалення, што можа кепска паўплываць на лёс цывілізацыі. Аргументуючы такую смелую тэзу, Atlantic спасылаецца на статыстыку, паводле якой у 2023 годзе тынэйджары змарнавалі на 25 адсоткаў больш грошай на касметыку, чым у папярэднім. Прычына простая — касметычныя брэнды заходзяць у Тік-Ток, дзе агрэсіўна рэкламуюць сваю прадукцыю. Далучэнне да «капіталізму прыгажосці» сёння пачынаецца прыкладна з дзесяці гадоў. Хаця б'юці-практыкі могуць быць ліфтам для самарэалізацыі маладзёнаў, сацыяльныя сеткі таксама могуць «стаць спускавым кручком для эскалацыі няўпэўненасці», — адзначае выданне. Занадта вялікія вочы або пульхныя вусны, якія не адпавядаюць таму, што дыктуюць стандарты прыгажосці ў Тік-Ток, усё часцей правакуюць у падлеткаў дэпрэсію. Як вынік, у перспектыве мы можам атрымаць эмацыйна няўстойлівую генерацыю.
Што рабіць? Часопіс канстатуе, што ніякага эфектыўнага сродку супраць націску Тік-Ток няма. Адзінае выйсце — бацькі. Ім неабходна пагаварыць са сваімі дзецьмі і растлумачыць, што ёсць куды больш важныя рэчы, чым знешняя прыгажосць.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы
Пуцінізм будзе ідэалогіяй?
Будучыя прэзідэнцкія выбары ў Расіі ўжо зараз разглядаюцца як нейкая гістарычная мяжа. На іх думку, пасля перамогі на выбарах-2024 Уладзімір Пуцін атрымае мандат на самыя сур'ёзныя змены ў жыцці нацыі. Адной з іх можа стаць перафарматаванне палітычнай структуры і стварэнне Партыі Перамогі. Цікава, што новая партыя павінна быць на першым этапе толькі для абраных. «На першы час яна (партыя) аб'яднала б удзельнікаў СВА, якія вярнуліся з фронту, і актывістаў валанцёрскіх рухаў, прадпрымальнікаў, якія даказалі свой патрыятызм, дзеячаў навукі, культуры і СМІ, а таксама цэлыя ветэранскія, жаночыя і моладзевыя структуры», — пішуць ініцыятары праекту. Самае вясёлае, што асновай ідэалогіі Партыі Перамогі павінны быць ідэі Пуціна. Адсутнасць стройнай сістэмы поглядаў ВУП прапанавана кампенсаваць нейкім зборнікам тэкстаў яго выступаў ці артыкулаў.
А што будзе з «Адзінай Расіяй» у выпадку з'яўлення партыі «пераможцаў»? Па ходзе пераходу актыву АДРа ў склад партыі Перамогі першую прапануецца ліквідаваць. Затое КПРФ і ЛДПР маглі б і надалей існаваць, але толькі ў якасці другасных палітычных арганізацый. Па сутнасці, гаворка можа ісці аб пераходзе да «паўтарапартыйнай сістэмы», падобнай на тую, што дзейнічае ў Японіі пасля Другой сусветнай вайны. Там практычна ўвесь час кіруе Ліберальна-дэмакратычная партыя Японіі, а Кампартыя, Сацпартыя, будыйская «Камэйта» ды іншыя партыі ці ўступаюць у кааліцыю з ЛДПЯ, ці ў якасці апазіцыі перашкаджаюць ёй злоўжываць уладай.
Вось такі праект. Наўрад яго рэалізуюць у чыстым выглядзе, але сур'ёзныя карэктывы ў расійскай мадэлі пасля 17 сакавіка можна чакаць.
Па матэрыялах расійскай прэсы
Нашэсце цяжарных кабет
Вялізарны скандал выклікаў у Францыі намер Макрона і яго каманды падкарэктаваць закон аб французскім грамадзянстве ў заморскім дэпартаменце Маёта (Mayotte). Маёта — маленечкая выспа ў Індыйскім акіяне. У 1974 годзе яе жыхары вырашылі застацца французамі замест таго, каб стаць грамадзянамі незалежнай дзяржавы Каморскія астравы. А зараз Маёта сутыкнулася з незвычайнай праблемай. Тысячы жанчын прыязджаюць на Маёту з Каморскіх астравоў толькі для таго, каб нарадзіць тут дзіця.У цяперашні час усе дзеці, народжаныя ў Францыі ад бацькоў-замежнікаў, могуць стаць грамадзянамі ва ўзросце 18 гадоў, калі пражывуць на французскай зямлі пяць гадоў.
Дэсанты цяжарных жанчын не падабаюцца тутэйшым. У выніку яны амаль дабіліся, каб народжаныя на выспе ад іншаземак дзеці не лічыліся французамі. Аднак пры гэтым парушаецца ўніверсальны прынцып закона аб грамадзянстве, прынятага яшчэ ў 1899 годзе. Калі парушаецца адзін з прынцыпаў, то лагічна, што можна парушыць і іншыя, што пагражае інстытутам рэспублікі. Акрамя таго, каманда Макрона рэалізуе праграму ўльтраправых. На працягу многіх гадоў Марын Ле Пэн і яе ксенафобская партыя «Нацыянальнае аб'яднанне» выступае за адмену грамадзянства па праве нараджэння на карыбскіх і афрыканскіх тэрыторыях Францыі. У гэтым плане рашэнне пра прынцып атрымання французскага пашпарта на Маёце хутчэй трук з мэтай перамагчы ўльтраправых на чэрвеньскіх еўрапейскіх выбарах. Для гэтага Макрон пачаў пераймаць некаторыя ідэі Марын Ле Пэн у надзеі перавабіць частку яе выбаршчыкаў.
По матэрыялах французскай прэсы