Служба аховы дзяржмяжы Літвы фіксуе рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы беларусамі

Служба аховы дзяржмяжы Літвы заяўляе, што па гуманітарных прычынах у краіну ўжо прыбылі каля 350 грамадзян Беларусі.

1559641799_2.jpg


Пра гэта паведамляе партал Delfi са спасылкай на кіраўніка ведамства Рустамаса Любаеваса.

«За ўвесь перыяд са жніўня па 20 снежня на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі па асаблівых гуманітарных прычынах з дазволу міністра ўнутраных спраў прыбылі 347 грамадзян Беларусі, 74 грамадзяніна звярнуліся за прытулак», — сказаў Любаевас на прэс-канферэнцыі.

У той жа час, па яго словах, у Польшчу перабраліся 606 беларусаў, а за прытулкам звярнуліся 127.

З панядзелка Беларусь увяла забарону на выезд з краіны для сваіх грамадзян, матывуючы гэта барацьбой з каронавірусам. Аднак, паведаміў Любаевас, сітуацыя кардынальна не змянілася: узначальваемая ім служба з лістапада фіксуе рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы, таксама працягваюць паступаць просьбы аб прытулку.

«Цяпер складана ацэньваць, ці дазволяць грамадзянам Беларусі выязджаць з краіны, каб звяртацца па прытулак або па гуманітарных прычынах, аднак у перыяд з 1 лістапада па 20 снежня ўзрасла колькасць выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі прыбываюць на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі не праз дзяржмяжу, баючыся праверак на пунктах кантролю, з просьбай аб прытулку. Можна прагназаваць, што такія выпадкі будуць здарацца часцей», — выказаў меркаванне чыноўнік.

Ён адзначыў, што, улічваючы гэтыя тэндэнцыі, прымаюцца дадатковыя меры: узмоцнены кантроль і нагляд на межах, пры неабходнасці можа быць прыцягнута больш супрацоўнікаў.