Руская праваслаўная царква не лічыць мэтазгодным існаванне ўкраінскай дзяржавы
Расійскія вайскоўцы - міратворцы, а іх "місія" пакліканая гарантаваць жыхарам Украіны права на самабытнасць. Пра гэта заявілі ў Рускай праваслаўнай царкве, куды ўчора звярнулася УПЦ Маскоўскага патрыярхату з просьбай паўплываць на рашэнне кіраўніцтва Расіі аб увядзенні войскаў у Украіну.
Як паведамляюць расійскія СМІ, у прэс-службе РПЦ заявілі, што "рускі народ - падзеленая нацыя на сваёй гістарычнай тэрыторыі, якая мае права на ўз'яднанне ў адзіным дзяржаўным целе". "Будзем спадзявацца на тое, што місія расійскіх воінаў па абароне свабоды і самабытнасці гэтых людзей і самога іх жыцця не сустрэне жорсткага супраціўлення, якое прывядзе да буйнамаштабных сутыкненняў", - дадалі ў расійскай царкве.
Нагадаем, учора УПЦ Маскоўскага патрыярхату папрасіла патрыярха Кірыла паўплываць на Пуціна, каб пазбегнуць вайны. "Калі Масква ўвядзе войскі, украінскі і расійскі народы акажууцца
ўцягнутымі ў братазабойчую вайну", - напісаў месцаблюсціцель УПЦ МП Ануфрый.
Учора Савет Федэрацыі РФ ухваліў ўвод арміі Расіі на тэрыторыю Украіны. Раней за адпаведнай санкцыяй да Cавету Федэрацыі звярнуўся расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, матывуючы гэта
"экстраардынарнай сітуацыяй" ва Украіне, пагрозай жыцця грамадзянам Расіі і асабістаму складу Узброеных сіл РФ ва Украіне.
Перад гэтым у шэрагу рэгіёнаў Украіны прайшлі акцыі пратэсту людзей з заклікам аб далучэнні да Расіі. Сярод арганізатараў пратэстаў - маргінальныя прарасійскія арганізацыі. Акрамя таго, як
высветлілася, удзел у правакацыях прымалі грамадзяне Расіі, якія штурмавалі дзяржаўныя будынкі.
Краіны - члены НАТА заявілі аб неабходнасці экстранай нарады з нагоды дзеянняў Расіі супраць Украіны. Неабходнасць правядзення сустрэчы на дадзены момант выказалі Вялікабрытанія і Літва.
Генеральны сакратар НАТА заклікаў Расію адмовіцца ад замахаў на Украіну.