Роберт Брус — легендарны кароль Шатландыі

25 сакавіка беларусы адзначылі адну з важнейшых дат у сваёй гісторыі. Роўна 107 год таму ў Мінску дзеячамі нашага адраджэння была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але гэтая дата з’яўляецца святам не толькі для беларусаў.

Роберт Брус, кароль Шатландыі

Роберт Брус, кароль Шатландыі

Існуе народ, чыя гісторыя шмат у чым падобныя да нашай, і якому, як і нам, прайшлося прайсці праз шматлікія выпрабаванні, каб захавацца і не знікнуць пад націскам больш моцнага суседа. І які таксама адзначае вялікае нацыянальнае свята ў гэты дзень.

25 сакавіка 1306 года ў старажытнай сталіцы свайго народа, Скуне, быў каранаваны каралём Шатландыі Роберт І Брус.

Пачатак гісторыі

Будучы кароль нарадзіўся ў 1274 годзе. Ён быў унукам іншага Роберта Бруса, няўдалага прэтэндэнта на карону Шатландыі ў 1290/92 гадах, і сынам яшчэ аднаго Роберта Бруса, (так, гэтае імя было вельмі папулярнае ў іх сям’і). Яго маці, Марджары, графіня Карык, дала свайму сыну старажытнае гэльскае паходжанне. З боку ж бацькі ён быў нашчадкам Давіда І Святога, знакамітага шатландскага караля і рэфарматара.

Выхаваны ў замку Тэрнберы, малады лорд быў тыповым прадуктам свайго арыстакратычнага паходжання. Для свайго часу ён быў добра адукаваны, свабодна размаўляў на гэльскай, шатландскай і нармандскай французскай. І, добра ведаючы свой радавод, без сумневу, быў перакананы ў праве сваім і сваёй сям'і на карону Шатландыі.

У 1295 годзе ва ўзросце 21 года Роберт прыняў тытул графа Карыка. З гэтага моманту хіба і пачынаецца яго шлях да ўлады, а Шатландыі — да незалежнасці. Але першыя яго крокі цяжка назваць патрыятычнымі. Роберт і яго бацька падтрымалі ўварванне англійскага караля Эдуарда I у Шатландыю ў 1296 годзе, спадзяючыся атрымаць карону пасля падзення правіўшага тады краінай Іаана Баліёля. Уварванне скончылася так, як і хацелі Брусы. Эдуард даволі хутка перамог, а Баліёль адправіўся ў выгнанне.

Але вось толькі надзеі іх на карону не спраўдзіліся. Як і трэба было чакаць, прагны да ўлады і зямель Эдуард сам абвясціў сябе каралём Шатландыі, фактычна далучыўшы гэтым яе да англійскай дзяржавы.

Роберт Брус. Рэканструкція твару

Роберт Брус. Рэканструкція твару

Пачатак барацьбы

У 1297 годзе Брус, раззлаваны ўчынкам Эдуарада і падбадзёрваны біскупам Уішартам з Глазга, падняў сцяг паўстання ў Ірвіне, адным з гарадоў на заходнім узбярэжжы Шатландыі.

Трэба дадаць, што, нягледзячы на англійскае панаванне і, што больш важна, сімпатыі Папы Рымскага да Англіі, шмат хто з шатландскіх святароў адкрыта выступалі супраць англічан і марылі аб свабодзе для сваёй радзімы. 

Аднак паўстанне гэтае даволі хутка правалілася. Шчыра кажучы, гэта аказалася даволі ганебным мерапрыемствам. Гаворка ідзе не пра адсутнасць адвагі ў шатландцаў, — з ёю акурат было ўсё ў парадку. Але ўсе сабраўшыяся лорды так адчайна перасварыліся з нагоды таго, хто з іх будзе камандаваць аб'яднанымі сіламі, і якім павінен быць план бітвы, што аб тым, каб выступіць адзіным фронтам, не магло быць нават і гаворкі. Ганарлівыя горцы ўпарта адмаўляліся ісці ў бой, калі войска будзе ўзначальваць не ўласна ён, а нехта іншы. Таму яны папросту… здаліся.

Усё гэта стала прычынай, па якой Брус адсутнічаў у бітве пры Стэрлінг-Брыдж, дзе Уільям Уолэс, шыкоўна зыграны ў вядомым фільме Мэлам Гібсанам, перамог армію англічан. 

Здаецца, для Роберта з’явілася добрая магчымасць заявіць пра сябе. Далучайся да пераможнага войска, абвяшчай сябе каралём — і наперад. Але тут выявілася асцярожная натура Бруса. Замест таго каб далучыцца да Уоллэса, ён вырашыў заставацца ў ценю, жадаючы пабачыць, як падзеі будуць развівацца далей.

Менавіта дзякуючы гэтаму яго не было падчас бітвы пры Фолкерку, дзе Эдуард I разграміў армію Уолэса. Хутчэй за ўсё, асцярожнасць гэтая выратавала тады будучаму каралю жыццё.

Уільям Уолэс: рэальны выгляд і «кіношны» персанаж

Уільям Уолэс: рэальны выгляд і «кіношны» персанаж

Працяг барацьбы

Ішоў 1304 год. Вайсковыя паразы і жорсткія рэпрэсіі практычна знішчылі любую апазіцыю англійскай уладзе. Яны ж фактычна паклалі канец надзеям на магчымаю рэстаўрацыю Баліёля, на якую да гэтага часу яшчэ спадзяваліся шмат хто з шатландскіх лордаў. Шчыра кажучы, звергнуты былы кароль і сам не надта хацеў вяртацца ў Шатландыю з утульнай Францыі, і зноў увязвацца ў барацьбу. 

Такім чынам Роберт Брус паступова становіцца галоўным прэтэндэнтам на шатландскую карону. І ён пачынае шукаць хаўрусаў. 11 лютага 1306 года ён сустрэўся з Джонам «Рыжым» Комінам у царкве Грэйфрайарс у Дамфрысе. Комін быў прадстаўніком якраз той партыі, якая падтрымлівала Баліёля, і супраць якой у свой час выступіў Роберт разам са сваім бацькам.

Вядома, адносіны паміж гэтымі двума цяжка было назваць добрымі. 

Мы не ведаем, што яны абмяркоўвалі, але ўспыхнула спрэчка, мячы былі аголеныя, і Брус закалоў Коміна наўпрост перад галоўным алтаром храма. Забойства гэта, як мяркуюць, не было спланаваным, а было справакавана цяжкімі характарамі і даўняй антыпатыяй суразмоўцаў. Аднак адбылося яно ў царкве, што лічылася на той час двайным злачынствам. У выніку Брус быў адлучаны ад царквы і абвешчаны па-за законам.

Уільям Уоллэс

Уільям Уоллэс

Новая параза, выгнанне і пачатак легенды

Але шляху назад ужо не было. Ён добра разумеў, што Эдуард не даруе яму падтрымку Уолэса ні пры якіх абставінах. Брус звяртаецца да старога знаёмага, біскупа Уішарта з просьбай адпусціць яму грэх забойства ў святыні. Біскуп выконвае просьбу будучага караля, але з умовай, што той працягне барацьбу. І ён яе працягнуў. 

25 сакавіка 1306 года Роберт Брус, сёмы Лорд Аннандэйл, граф Карык, карануецца як Роберт І, кароль Шатландыі. Гэта быў наўпроставы выклік Эдуарду. Рубікон быў пяройдзены.

Але карона каронай, а краіну сабе яшчэ трэба было адваяваць. Брус збірае новае войска і зноў рушыць на вайну. І гэта абарочваецца новай катастрофай. У чэрвені таго ж года неарганізаваныя войскі Бруса былі нагалаву разбітыя англічанамі пры Мэтвэне. Адзін з яго братоў быў забіты, а яго сёстры, жонка і дачка былі схопленыя і зняволеныя ў турму.

Сам Брус паспеў збегчы на гэльскі захад, дзе доўгі час хаваўся на востраве Ратлін, ля берагоў Ірландыі і на Гебрыдскіх астравах. Менавіта тут ён уваходзіць у легенду як пазбаўлены ўлады кароль, які хаваецца ў гарах і пячорах і які церпіць дзеля сваёй нацыі.

Адна з найбольш вядомых легенд была пазней апісана Вальтарам Скотам, аўтарам сусветнавядомага «Айвенга». Паводле яе, Брус, хаваючыся ад ворагаў у нейкай пячоры, доўга назіраў за павуком, які ўпарта спрабаваў забрацца па сцяне, каб пачаць плесці сваё павуцінне. Штораз павук саслізгваў з камення. Але ўрэшце яму ўсё ж удалося ўчапіць нітачку за нейкі ўступ. У праз нейкі час павуцінне было гатова. 

Захоплены цярпеннем і ўпартасцю маленькага павучка, Брус зразумеў, што адчайваўся дарма, і што трэба быць такім жа нястомным, як і гэты павук, і тады ў яго ўсё атрымаецца.

Эдуард І

Эдуард І

Партызанская вайна і перамога пры Бэнакбёрне

Менавіта тады Брус вырашыў змяніць тактыку. Ён аказаўся прыроджаным партызанскім камандзірам. Яго атрады не ўступалі ў вялікія сутычкі з англічанамі, а палілі іх гарнізоны і невялікія замкі тых лордаў, якія перайшлі на бок Эдуарда. Паступова ўсё больш простых шатландцаў пачалі прыходзіць да яго як да адзінай надзеі на выратаванне ад англійскай тыраніі. Армія пачала расці. 

Ён ужо мог даць адкрыты бой асобным атрадам акупантаў. Так ён атрымаў перамогі над англічанамі пры Глен-Тролі і Лаўдон-Хіле ў 1307 годзе. У 1308-м ён разбіў фракцыю Коміна пры Інверары і ўзяў Абердзін, усталяваўшы такім чынам кантроль над Шатландыяй на поўнач ад Пэрта і Дандзі. Пасля гэтага Роберт вылучае ўльтыматум застаўшымся прыхільнікам Баліёля — яны альбо далучаюцца да яго, альбо пазбаўляюцца сваіх маёнткаў.

Гэта былі жорсткія часы. Ён бязлітасна душыў тых, хто выступаў супраць яго арміі, прымушаючы іх адпраўляцца ў выгнанне. Але ён таксама ведаў, як узнагародзіць тых, хто пераходзіў на яго бок. Усё больш і больш лордаў са сваімі людзьмі станавіліся часткай вызваленчай арміі Роберта.

І гэта не маглі не заўважыць у Лондане. Разгневаны Эдуард I вырашае канчаткова закрыць праблему Шатландыі і рушыў у паход на поўнач, каб сцерці нарэшце мяцежнікаў з твару зямлі раз і назаўжды. У гэтым пафасным паходзе англійскі кароль, уласна кажучы, і гіне, так і не дасягнуўшы сваёй мэты.

Яго пераемнік Эдуард II быў слабахарактарным і не ішоў ні ў якае параўнанне са сваім бацькам. Пабаяўшыся, што ён не зможа перамагчы шатландцаў, альбо наўпрост стаміўшыся ад цяжкасцей паходу, малады кароль павярнуў войска назад.

Разумеючы гэта, камандзіры Бруса прыступілі да новай хвалі смелых набегаў на застаўшыяся ў Шатландыі англійскія гарнізоны. Спачатку яго войскі ўзялі замак Роксбург. Затым захапілі Эдынбург.

І тут ужо нават слабавольнаму Эдуарду II нічога не заставалася, як адрэагаваць. У 1314 годзе ён павёў велізарныя сілы да мяжы з Шатландыяй. Два войскі сустрэліся непадалёк ад рэчкі Бэнакбёрн.

Бітва адбылася 23 чэрвеня і цягнулася два дні. Шатландцы цалкам разграмілі значна больш моцную, як здавалася адразу, армію англічан. Эдуард II ледзь выратаваўся. Фактычна Брус паўтарыў той самы подзвіг, які Уільям Уолэс зрабіў ля маста Стэрлінг 17 гадоў таму. 

Перамога пры Бэнакбёрне азначала дэ-факта вызваленне Шатландыі ад англійскай акупацыі і аднаўленне яе незалежнасці.

Цяпер Брус амаль цалкам кантраляваў краіну. Аднак гэтага была недастаткова. Незалежнасць Шатландыі і яго каранаванне ўсё яшчэ не былі прызнаныя ані Англіяй, ані Папам Рымскім, а гэта было неабходна, калі ты хацеў, каб цябе прызналі у хрысціянскім свеце.

Партрэтная скульптура ў грабніцы Эдуарда II у Гластэрскім саборы (XIV стагоддзе)

Партрэтная скульптура ў грабніцы Эдуарда II у Гластэрскім саборы (XIV стагоддзе)

Уварванне Эдуарда Бруса ў Ірландыю 

Каб зрабіць новага англійскага караля больш згаворлівым, шатландцы вырашаюць адкрыць другі фронт. Родны брат Роберта, Эдуард, высаджваецца ў Ірландыі. Ён заклікае ірландцаў паўстаць супраць праўлення англічан. 

Тут трэба ўзгадаць, што па маці браты Брусы мелі гэльскія карані. Таму Эдуард абвясціў, што ідзе вызваляць «нашу нацыю» (маючы на ўвазе як шатландцаў, так і ірландцаў) ад англійскага праўлення. Яго падтрымаў адзін з самых магутных уладароў Ірландыі, Домнал мак Брыян Уа Нейл, сваяк Роберта і Эдуарда па матчынай лініі. 

Здавалася, усё павінна скласціся добра для шатландцаў у гэтай экспедыцыі. Але у рэальнасці яна абярнулася катастрофай. Войска Эдуарда была разбіта, а сам ён загінуў у 1318 годзе. 

Аднак сама гэтая задума паказвае, наколькі амбіцыйнай была сям'я Брусаў. Напад на Ірландыю, якая знаходзілася пад кіраваннем Англіі, з першага погляду выглядаў толькі як тактычны крок з мэтай падзяліць англійскія сілы, пераключыць іх увагу на суседні востраў і такім чынам адцягнуць яе ад Шатландыі. 

Але, зыходзячы з усяго, у Эдуарда Бруса былі даволі сур'ёзныя планы кіраваць у будучыні Ірландыяй як яе кароль. І ці спыніліся б браты Брусы на Ірландыі і Шатландыі? Ці не стаў бы, напрыклад, Уэльс іх наступнай мэтай, і ці не ўбачылі б мы праз нейкі час свайго роду Аб'яднанае кельцкае каралеўства?

Але гэта ўжо крыху іншая гісторыя. Вернемся да нашых падзей.

Данфермлінскае абацтва, дзе пахаванае цела караля Шатландыі

Данфермлінскае абацтва, дзе пахаванае цела караля Шатландыі

Незалежнасць і смерць

Атрымаўшы паразу ў Ірландыі, Роберт I актывізаваў намаганні па дасягненні згоды з Папам Рымскім. У канфлікце Англіі і Шатландыі папства заняло паслядоўную праанглійскую пазіцыю, адлучыўшы Роберта Бруса і яго прыхільнікаў ад царквы і адмовіўшы яму ў прызнанні яго каралём Шатландыі. Аднак на бок свайго манарха зноў стала шатландскае духавенства.

У 1320 годзе шатландскія святары апублікавалі Арброцкую дэкларацыю, у якой абвяшчалася права народу Шатландыі на незалежнасць, што ўнікальная з’ява для тых часоў, і абгрунтоўвалася права Бруса на карону. Унікальнасць дакументу была ў тым, правам на незалежнасць і яе абарону, паводле яго, валодае сам шатландскі народ, а не яго кароль.

Папства праігнаравала Дэкларацыю, прызнання не адбылося. Брус, які не меў сілаў на працяг вайны і на той час ужо сур'ёзна хворы, заключыў 13-гадовае перамір'е з Эдуардам II, ведаючы, што сам ён напэўна памрэ да яго заканчэння. 

Аднак чарговы раз удача раптоўна яму ўсмяхнулася. У 1328 годзе Англія трапіла ў крызіс пасля звяржэння і забойства Эдуарда II. Скарыстаўшыся момантам, Брус пачынае ўварванне ў паўночныя землі Англіі, пагражаючы далучыць іх да Шатландыі. 

Знясіленая Англія не мела сілаў на чарговы паход, і ўрад новага караля Эдуарда III быў усё ж такі змушаны нарэшце юрыдычна прызнаць каралеўскую ўладу Бруса і незалежнасць Шатландыі. 

Праз год, дамогшыся нарэшце свабоды для сваёй краіны і народу, кароль Роберт І Брус памірае. 

На гэтым гісторыя англа-шатландскага супрацьстаяння не скончылася. Наперадзе было яшчэ шмат войнаў, хаўрусаў і здрад. Але ў памяці нашчадкаў Роберт Брус застаўся легендарным каралём, нязломным змагаром за волю і свабоду Шатландыі.

Цела яго было пахаванае ў Данфермлінскім абацтве, а сэрца — у Мелроўзскім абацтве на мяжы. На невялікім надмагільным камні былі выбітыя словы: «Без свабоды не будзе спакою высакароднаму сэрцу героя».

Глядзіце таксама