РБК: Расія хоча адмовіцца ад «гуманітарнай» падтрымкі «ДНР» і «ЛНР»

Расійскі ўраду збіраеца замест падтрымкі Данбасу скіраваць грошы на карысць фінансавання Калінінграду і  Крыму.

f27f4c39_23cf_49d6_864a_f6c44439aa0f_w1023_r1_s.jpg

Расійскае інфармагенцтва РБК паведаміла пра намеры расійскага ўраду адмовіцца ад «гуманітарнай» падтрымкі «сепаратыстаў» на ўсходзе Украіны на карысць фінансавання інфраструктуры ў Калінінградскай вобласці і акупаваным Крыме.

Урад Расіі, паводле звестак РБК, пасля нарады 1 верасня ў віцэ-прэм’ера Дзмітрыя Казака даручыў Міністэрству фінансаў «выключыць з праекту федэральнага бюджэту на 2018 год і на планавы перыяд у 2019–2020 гадах у поўным аб’ёме выдаткі на аказанне ў 2019–2020 гадах гуманітарнай падтрымкі асобным тэрыторыям». Пад «асобнымі тэрыторыямі», сцвярджае крыніца РБК, маецца на ўвазе Данбас, і такую фармулёўку нібы прапанаваў памочнік Уладзіміра Пуціна Уладзіслаў Суркоў, каб «легалізаваць» дапамогу самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР». У адкрытых крыніцах такога пункту ў расійскім бюджэце няма.

Тым часам грошы пойдуць на рэалізацыю леташняга даручэння прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева — на фінансаванне інфраструктурных і транспартных праектаў у акупаваным Расіяй Крыме і ў Калінінградскай вобласці (расійскім эксклаве за землямі Літвы, Польшчы і Беларусі), на будаўніцтва ўстановаў адукацыі і аховы здароўя, оптавалаконную лінію сувязі з Калінінградскай вобласцю праз дно Балтыйскага мора і іншае. Паводле падлікаў РБК, на гэта пойдзе 165 млрд расійскіх рублёў за тры гады (5,56 млрд беларускіх рублёў або 2,86 млрд долараў на момант публікацыі).

Адной толькі «гуманітарнай» падтрымкі Данбасу на гэта не хопіць, сярод іншых крыніцаў разглядаюцца падвышэнне акцызаў на бензін і скарачэнне субсідыяў на чыгунку. Але і «гуманітарная» падтрымка — не адзіны канал фінансавання «сепаратыстаў»:

«Фінансаванне „ДНР“ і „ЛНР“ цалкам засакрэчанае, апісваецца сакрэтнымі пастановамі (распараджэннямі) ураду, закрытымі радкамі ў бюджэце, — піша РБК са спасылкай на ананімную крыніцу. — Няясна, што разумеецца пад выдаткамі на „гуманітарную падтрымку“, але, хутчэй за ўсё, гэта толькі адзін з некалькіх каналаў фінансавання „ДНР“ і „ЛНР“».

 www.svaboda.org