Расійскі гімн можа быць забаронены на Алімпійскіх гульнях–2018

На Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі да Расіі могуць быць прымененыя штрафы ў сувязі з выкарыстаннем допінгу расійскімі спартоўцамі на мінулай алімпіядзе ў Сочы.

oly18_home_page.jpg


У тым ліку разглядаецца забарона расійскага гімну і пазбаўленне расійскіх спартоўцаў права ўдзельнічаць у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў.

Да адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у горадзе Пхёнчхан у Паўднёвай Карэі засталося каля трох месяцаў. Прадстаўнікі Міжнароднага Алімпійскага камітэту павінны вырашыць, ці будуць прымененыя санкцыі да Расіі ў сувязі з парушэннямі расійскімі спартоўцамі допінгавых стандартаў на мінулых гульнях.

Згодна з расследаваннем, у расійскай допінгавай схеме ўдзельнічалі каля 1000 спартоўцаў з 30 розных відаў спорту.

Як паведамляе New York Times, на гэтых Алімпійскіх гульнях у якасці штрафу для Расіі можа быць прынята забарона расейскага гімну, забарона расійскім спартоўцам удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця, а таксама ўдзел у алімпіядзе ў нейтральнай форме пад нейтральным сцягам.

Міжнародныя допінгавыя агенцтвы патрабуюць цалкам забараніць расійскім спартоўцам удзел у наступных Алімпійскіх гульнях. Міжнародны Алімпійскі камітэт, хутчэй за ўсё, на гэта не пойдзе.

Рашэнне аб санкцыях супраць Расіі стане вядомым 5 снежня, калі адбудзецца агульнае паседжанне кіраўнікоў Алімпійскага камітэту.

 belsat.eu