Расія. Дальнабойнікі Пецярбурга лічаць, што ўлады абвясцілі ім вайну

Актывісты пратэстаў паведамляюць у "Твітэры", што калоны дальнабойнікаў Курска, Белгарада, Цверы, Валгаграда, Растова-на-Доне, Дагестана ўжо выехалі ў Маскву, дзе 29 лістапада намечана агульная акцыя пратэсту.



d5b28018_8a4c_48ff_8c23_168a08f38fb2_w640_r1_s_cx0_cy12_cw0.jpg

У розных гарадах Расіі працягваецца агульнанацыянальная акцыя кіроўцаў-дальнабойнікаў, якія пратэстуюць супраць увядзення з 15 лістапада платы за праезд вялікагрузных фур па федэральных трасах (сістэма "Платон").

Адзін з арганізатараў акцыі ў Пецярбургу Сяргей Гуляеў напісаў у "Твітэры", што сустрэча прадстаўнікоў пратэстуючых з міністрам транспарту РФ Максімам Сакаловым ніякіх вынікаў не дала. Па словах Гуляева, дальнабойнікі лічаць, што ім абвясцілі вайну.

"Мы лічым, што ўвядзенне чацвёртага "пабораў" за 13 гадоў мае адзіную мэту: прыбраць з рынку перавозак індывідуальных прадпрымальнікаў, вызваліўшы сектар для 2–3 буйных перавозчыкаў, зрабіўшы іх фактычна манапалістамі ў гэтай сферы", — гаворыцца ў рэзалюцыі мітынгу. На акцыі прагучала і патрабаванне адстаўкі "ліберальнага ўрада Мядзведзева".

Буйная акцыя дальнабойнікаў адбылася ў Кіраве, дзе на мітынг выйшлі больш за 500 чалавек. Прысутныя прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем адмяніць сістэму "Платон" як незаконную. Рэзалюцыю накіравалі прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву і іншым чальцам кіраўніцтва краіны.

Пасля рэгіянальных акцый пратэсту, якія з пачатку лістапада прайшлі ў больш чым 20 рэгіёнах краіны, у тым ліку Маскве і Санкт-Пецярбургу, актывісты з розных рэгіёнаў дамовіліся каардынаваць дзеянні.

Як паведамляецца на сайце "Рускі манітор", 24 лістапада дальнабойнікі выпусцілі агульны маніфест, у якім утрымліваецца ў тым ліку патрабаванне адстаўкі прэм'ера Мядзведзева. У выпадку адмовы ўладаў выканаць іх патрабаванні, кіроўцы пагражаюць блакаваць федэральныя трасы, перашкаджаць працы сістэмы "Платон" і працы перавозчыкаў, якія выкарыстоўваюць гэтую сістэму, а таксама блакаваць усе перавозкі ў Маскве.

Цюменскі аўтааматары пачынаюць акцыю легкавых аўтамабіляў у падтрымку дальнабойнікаў.

Паводле www.svoboda.org