Расія: На дызайнера, якому зламалі нагу перад акцыяй 27 ліпеня, завялі справу

Дызайнер Канстанцін Канавалаў быў брутальна затрыманы падчас прабежкі 27 ліпеня ў цэнтры Масквы за некалькі гадзін да пачатку акцыі пратэсту. Пры затрыманні яму зламалі нагу, а цяпер завялі адміністрацыйную справу па артыкуле аб удзеле ў няўзгодненым мерапрыемстве.

4bd139bd_c22a_4476_b1e2_459fa3476b40_w1023_r1_s.jpg


Як паведаміў Канавалаў Радыё Свабода, пра гэта яму сказаў па тэлефоне ўчастковы ўпаўнаважаны паліцыі.
Канавалаў быў першым затрыманым 27 ліпеня ў Маскве. Ён здзяйсняў ранішнюю прабежку па цэнтры горада, фатаграфуючы пры гэтым паліцэйскіх, якія сабраліся каля мэрыі для разгону акцыі пратэсту. У самой акцыі з-за затрымання дызайнер не ўдзельнічаў. У бальніцы пасля затрымання Канавалаву дыягнаставалі пералом нагі. Ён заявіў, што мае намер выйсці на наступную акцыю пратэсту на мыліцах.


Усяго 27 ліпеня ў Маскве былі затрыманыя больш за 1300 чалавек, некалькі дзясяткаў пры гэтым атрымалі траўмы. Улады ахарактарызавалі падзеі ў цэнтры Масквы як масавыя беспарадкі. Узбуджана крымінальная справа, па якой ужо арыштаваныя некалькі чалавек. Людзі выйшлі ў цэнтр Масквы на няўзгодненую акцыю ў знак пратэсту супраць адмовы ў рэгістрацыі незалежных кандыдатаў у дэпутаты Масгардумы.