Павераную ў справах дыппрадстаўніцтва Беларусі ў Чэхіі выклікалі ў чэшскае МЗС
Намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Ян Кагоўт выклікаў у МЗС павераную ў справах (chargé d’affaires) дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі Вольгу Філімончык для тлумачэння абставін дэпартацыі старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Уладзіміра Базанава.
З улікам дыпламатычнага пратакола, падрабязнасці сустрэчы МЗС Чэхіі не паведамляе.
Ян Кагоўт паведаміў Вользе Філімончык пра заклапочанасць, якую выклікае сітуацыя ў Беларусі, дзе працягваюцца «недапушчальныя рэпрэсіі ў дачыненні да звычайных людзей, прадстаўнікоў апазіцыі і незалежных СМІ», а таксама «штучна створаная хваля мігрантаў на мяжы з ЕС, за якую Беларусь нясе поўную адказнасць».
У аўторак, 30 лістапада, Уладзімір Базанаў і яго жонка былі на некалькі гадзін затрыманыя паліцыянтамі аддзялення Мараўска-Сілезскага краю, бо прыбылі ў горад Опава, дзе было запланавана правядзенне кваліфікацыйнага матчу жаночых каманд футбольнага чэмпіянату свету, без неабходных для знаходжання ў Чэхіі дазвольных дакументаў. У дадатак муж і жонка парушылі дзеючыя ў краіне супрацьэпідэміялагічныя меры. Яны мусілі пакінуць Чэхію 1 снежня.
У сувязі з тым, што адбылося, у МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Пётр Галакса. Пасля гэтага прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз паведаміў, што знешнепалітычнае ведамства «запатрабавала ад чэшскага боку адпаведных тлумачэнняў».
Раней у інтэрв'ю выданню «Deník N» міністр замежных спраў Чэшскай Рэспублікі Якуб Кулганек паведаміў, што Уладзіміру Базанаву «няма чаго рабіць у краіне, бо ён уключаны ў санкцыйны спіс саюзнікаў Чэхіі». Уладзімір Базанаў з'яўляецца актыўным прыхільнікам аўтарытарнага Аляксандра Лукашэнкі, пераабранне якога на прэзідэнцкую пасаду не прызнаецца Еўрапейскім Саюзам.
radio.cz