У Расіі «Массандру» прыраўнялі да «Крыжачка»
Расія не прызнае прадукцыю Массандры віном, а называе «вінным напоем». З-за гэтага Массандра стала неканкурэнтаздольнай на рынку Расіі, а з-за анэксіі Крыма для Массандры зараз цалкам зачынены і замежны рынак. Гендырэктар Массандры Мікалай Бойка распавёў, з якімі цяжкасцямі сутыкнулася вінаробнае прадпрыемства пасля анэксіі Крыму.
У Расіі крымскія віна прызналі «вінным напоем» з-за спосабу мацавання, растлумачыў ён. «Мы мацуем свае віны хлебным або бураковым спіртам, гэта, па расійскіх нормах, вінны напой. Уяўляеце, наш сусветна вядомы «Мускат белый красного камня» — гэта вінны напой! Наш гонар — кагор «Южнобережный», мадэра «Массандра», херас «Массандра» — гэта ўсё вінныя напоі! Наш чырвоны партвейн «Ливадия» — любімы партвейн Мікалая II — стаў вінным напоем!», — кажа Бойка.
Гэта абавязвае Массандру адпаведных чынам пазіцыянаваць свой прадукт: пісаць «вінны напой» на этыкетцы, хоць большасць вінаў робяцца па класічных, акадэмічных тэхналогіях ужо больш за сотню гадоў.
Прадукцыя Массандры стала неканкурэнтаздольнай. Расія не зацікаўлена ў прысутнасці на рынку вінных напояў, таму акцызны збор на іх вышэй, чым на віно, прыкладна ў 50 разоў. «Сусветныя стандарты дазваляюць нам выкарыстоўваць цяперашнія тэхналогіі мацавання. Мы адпраўляем віно па ўсім свеце — і ні ў каго не ўзнікае пытанняў да нашага спосабу мацавання. Ні на аўкцыёне Sotheby's, ні на Christies, ні на Heritage, ні на Bonhams, ні на таргах у Японіі, ні на конкурсе ў Сеуле — нідзе нікога гэта не бянтэжыла!», — распавёў Бойка.
«Мы выклалі сітуацыю ў лістах, у яе ведаюць на самым высокім узроўні. У сувязі з Массандрой трэба будзе вырашыць цэлы шэраг пытанняў — напрыклад, федэральны мы суб’ект ці крымскі. Спадзяюся, усе гэтыя пытанні будуць вырашаны», — дадаў гендырэктар Массандры.
Акрамя гэтага, для прадукцыі вінаробнага прадпрыемствы з-за канфлікту паміж Украінай і Расіяй зачынены рынак далёкага замежжа. «Мы адпраўлялі віна на Усход — у Кітай, Японію, Інданезію, Карэю, Непал, на Тайвань — кантэйнерамі праз Адэсу і далей морам. Цяпер гэты шлях зачынены, мы шукаем новыя», — дадаў Бойка.
Нагадаем, пасля акупацыі Крыму расійскімі ваеннымі нелегітымная ўлада АРК 16 сакавіка правяла незаконны рэферэндум і заявіла, што амаль 97% грамадзян, якія прынялі ў ім удзел, прагаласавалі за далучэнне Крыма да Расіі. Праз два дні прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і акупацыйныя ўлады Крыма і Севастопаля падпісалі дагавор паміж РФ і Рэспублікай Крым пра прыняцце Крыма ў склад Расіі і аб стваррэнні ў складзе РФ новых суб’ектаў. Яшчэ праз некалькі дзён Савет Федэрацыі Расіі аднагалосна ўхваліў анэксію Крыму. Практычна ўсе краіны свету не прызналі тэрытарыяльнага падзелу Украіны і асудзілі дзеянні Крамля.