Папу не запалохаць!
Частка польскага грамадства стала ахвяраў паранойі наконт магчымых вылазак экстрэмістаў падчас ліпеньскага візіту Папы Рымскага ў Кракаў. Ці трэба чакаць тэрактаў у Польшчы?
Папа Францыск збіраецца ў Кракаў па важных справах. 25–31 ліпеня старажытная сталіца Польшчы прымае Сусветныя дні моладзі (SDM) — зборы маладых каталікоў, якія адбываюцца кожныя 2–3 гады. Нягледзячы на тое, што практыка правядзення SDM узнікла не так даўно (першыя Дні моладзі адбыліся ў 1985-м з ініцыятывы Папы Яна Паўла ІІ), мерапрыемства карыстаецца вялікім інтарэсам. Апошнія Сусветныя дні моладзі ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра ў 2013-м наведала больш за 3,7 мільёна чалавек.
Што тычыцца Кракава, то тут спачатку чакалі больш за два мільёны пілігрымаў. Аднак цяпер арганізатары агучваюць больш сціплую лічбу — 1,5–1,8 мільёна. Скарачэнне колькасці патэнцыйных удзельнікаў SDM тлумачыцца дзіўным культуралагічным феноменам: грамадства ахоплена чуткамі, што кракаўскія Дні моладзі не абыдуцца без нейкіх правакацый і нават замаху на пантыфіка.
Цяпер ужо цяжка сказаць, хто першым запусціў гэтыя чуткі ў польскае інфармацыйнае поле, аднак дзякуючы жоўтай прэсе яны выйшлі ў топы. Прычым канспіралогія будуецца на самых экстравагантных фактах. Напрыклад, адно бульварнае выданне сцвярджае, што слова «Кракаў» усё часцей ужываецца ў лексіцы інтэрнэт-карыстальнікаў Сірыі, Іраку і Саўдаўскай Аравіі. Гэта, маўляў, натуральна сведчыць пра тое, што армады фундаменталістаў ужо рушылі ў накірунку Польшчы. Іншае выданне смакуе «навіну» пра тое, што дасюль не вызначана канкрэтнае месца сустрэчы Папы з вернікамі. Гэта спісваюць таксама на пагрозы тэрактаў.
Цяжка сказаць, наколькі такія спекуляцыі знайшлі масавага адрасата, калі б ход арганізацыі SDM не крытыкавалі вядучыя апазіцыйныя СМІ. Зараз Польшча перажывае этап моцнай грамадскай канфрантацыі, калі літаральна ўсе з’явы жыцця трактуюцца як праява палітычнага маркетынгу. Сусветныя дні моладзі, відавочна, — вельмі добры шанец для ўрадавай партыі «Права і Справядлівасць» прапіярыцца і кансалідаваць электарат, што, у сваю чаргу, не падабаецца апазіцыі.
Напэўна таму ў ліберальных СМІ можна сутыкнуцца з пасажамі наступнага кшталту: «Спрэчкі наконт месца сустрэчы Папы з вернікамі. Невялікая колькасць добраахвотнікаў. Адсутнасць жылля для паломнікаў і супрацоўнікаў паліцыі. Зварот да жыхароў, каб тыя ўзялі вернікаў па сваіх хатах. Так выглядае падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі, якія плануецца правесці ў канцы ліпеня ў Кракаве. Гісторыя падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі з'яўляецца прыгожай метафарай польскай пасрэднасці і трыумфу прынцыпу «неяк яно будзе». Прычым да гэтага часу ніхто не ведае, хто будзе плаціць за ўсё гэта» ("Polityka").
Найбольш радыкальныя апазіцыянеры з сайтаў атэістаў увогуле пужаюць жыхароў Кракава жудаснымі катаклізмамі. Па іх разліках, два мільёны пілігрымаў за чатыры дні ў сталіцы Малой Польшчы пакінуць пасля сябе 48 мільёнаў літраў урыны, што ўшчэнт разбурыць мясцовую каналізацыю.
Праўда, жахі пра каналізацыю мала каго турбуюць, у адрозненне ад тэмы тэрарыстаў. Інсінуацыі на гэтую тэму настолькі моцныя, што некаторыя вернікі сапраўды пераглядзелі свае планы на карысць таго, каб застацца дома. «Gazeta Wyborcza» цытуе ксяндза Яраслава Станішэўскага, аднаго з арганізатараў SDM, які кажа, што ў некаторых парафіях колькасць жадаючых наведаць Кракаў скарацілася ў сярэднім на 65–70 працэнтаў. Тая ж тэндэнцыя назіраецца і сярод іншаземцаў. Праўда, тут сваё важкае слова сказаў эканамічны крызіс. Квіток да Польшчы і аплату за пакет паслуг (ад 200 да 700 злотых) у краінах Трэцяга свету дазволіць сабе можа не кожны.
Што да фобій палякаў, як прызнае той жа ксёндз Станішэўскі, у большасці выпадкаў за рашэннем застацца дома стаяць бацькі, якія хвалююцца за дзяцей. Каб заахвоціць пілігрымаў, выкарыстоўваецца незвычайны аргумент: «Сусветныя дні моладзі — гэта сустрэча з Богам, а ён ёсць лепшай гарантыяй бяспекі».
Акрамя нябесных сілаў, пілігрымаў будуць ахоўваць і зямныя. На ахову SDM збіраюцца мабілізаваць сем тысяч паліцэйскіх, тры тысячы жаўнераў і дзве тысячы патрульных з муніцыпальнай паліцыі. Сілам правапарадку будуць дапамагаць яшчэ сем тысяч пажарных, скаўтаў, сяброў розных грамадскіх службаў. Адным словам, няма падстаў сумнявацца ў словах урадавага чыноўніка, які гарантуе: «Любыя вернікі, вы ў бяспецы».
Для таго, каб праводзіць Дні моладзі насуперак плёткам пра тэрарыстаў, у Ватыкана ёсць важны аргумент. Гэта гісторыя арганізацыі SDM у канадскім Таронта ў ліпені 2002-га, калі ўся планета яшчэ жыла ўспамінамі пра трагедыю 9/11. Тады таксама шмат казалі пра магчымасць тэрактаў. Папе нават прапанавалі адмовіцца ад правядзення акцыі. Аднак Ян Павал ІІ быў рашуча супраць. «Мы хочам сабраць людзей для таго, каб пабудаваць цывілізацыю дабра і прабачэння. Нельга адмаўляцца ад гэтага. Тыя, хто вагаецца, я вас запэўніваю, што бяспека з'яўляецца прыярытэтам для нас», — заявіў пантыфік і выправіўся ў Канаду.
У сувязі з апісаным эпізодам, няма сумневаў, што Папа Францыск у ліпені наведае Кракаў. Што тычыцца праблем бяспекі, то іміджавы кошт мерапрыемства для польскага ўраду, думаецца, прымусіць спецслужбы прыняць усе неабходныя захады.