Новы зялёны курс
27–29 сакавіка ў Бруселі адбыўся Кангрэс Еўрапейскай партыі зялёных, на якім была прадстаўлена праграма да выбараў у Еўрапарламент.

27–29 сакавіка ў Бруселі адбыўся Кангрэс Еўрапейскай партыі зялёных, на якім была прадстаўлена праграма да выбараў у Еўрапарламент.
Паралельна святкавалі 20-ю гадавіну з’яўлення ў Еўрапарламенце першага дэпутата ад зялёных. З гэтай нагоды арганізатары зрабілі маленькі фільм «Дваццаць гадоў зялёных у
Еўрапарламенце», які прадэманстравалі ўдзельнікам канферэнцыі. Фільм — нарэзка ролікаў пра розныя акцыі і справы дэпутатаў з фракцыі зялёных — глядзеўся на адным дыханні.
Зялёныя, традыцыйна звязаныя з багемным і артыстычным светам, яўна перанялі ў прадстаўнікоў мастацтва здольнасць арганізоўваць хэпінінгі.
Вось дэпутаты-эколагі, нацягнуўшы на твары аднолькавыя маскі, пратэстуюць супраць закону, які дазваляе кланаваць людзей. Вось апранутыя піратамі, яны са сцягамі «Вясёлы
Роджэр» скачуць па холу ў знак пратэст супраць легалізацыі гена мадыфікаваных раслін. Вось атакуюць Нікаля Сарказі за тое, што ён пагадзіўся ўдзельнічаць у адкрыцці «камуністычнага
шоу на касцях тыбетцаў» (так зялёныя называлі Алімпіяду ў Пекіне).
Арыгінальнасць падыходаў зялёных да палітыкі праяўляецца і ў афіцыйных дакументах. Папросту на Кангрэсе была прадстаўлена праграма зялёных да выбараў у Еўрапарламент, якія прызначаныя на пачатак
лета.
Праграма, якая называецца «Новы зялёны курс», безумоўна, — своеасаблівы адказ на актуальныя выклікі, перш за на крызіс. Галоўны тэзіс зялёных — цяперашні крызіс не
ёсць выключна эканамічным. Абвал выкліканы праваламі ў экалагічнай і сацыяльнай палітыцы. Па сутнасці, на думку зялёных, гэта абвал усёй сістэмы, якую пабудавалі старыя партыі. У сітуацыі, калі
назіраецца калапс старых дактрын, час звярнуцца да новых, напрыклад, да мадэлі сацыяльна-экалагічнага грамадства, якую і прапагандуюць зялёныя.
Бачанне бліжэйшай будучыні ў зялёных вельмі радыкальнае.
Паспрабуем уявіць, што ў 2009 годзе ў выніку перамогі зялёных на выбарах у Еўрапарламент будзе прыняты «Новы зялёны курс». Што будзе праз 50 гадоў пасля гэтага?
Да 2050 года еўрапейцы цалкам адмовяцца ад ўжывання вугалю, нафты і атамнай энергетыкі. На
той жа час маштабы выкідаў СО2 вернуцца на ўзровень 1990 года — іншымі словамі, скароцяцца на 80 працэнтаў у параўнанні з 2009-м. Інвестыцыі ў зялёную эканоміку дазволяць стварыць
мільёны працоўных месцаў. Паўсюдна будзе прадавацца выключна чыстая і здаровая ежа — следства спецыяльна прынятага закону. Нормы супраць брудных прадуктаў выклічуць рост экалагічнага
фермерства. Працаваць на падобных прадпрыемствах вельмі добра: жанчыны і мужчыны атрымліваюць роўны аклады. Няма ніякай дыскрымінацыі з-за таго, што ў цябе іншы колер скуры або этнічнае паходжанне.
Людзі працуюць без страху, што іх прадпрыемства можа кожную хвіліну зачыніцца з-за краху нейкага банку. Увесь банкаўскі сектар знаходзіцца пад кантролем ураду ЕС. Чыноўнікі жорстка кантралююць працэс
выдачы крэдытаў. З-за палітыкі ЕС банкірам выгадна рабіць галоўныя інвестыцыі ў распрацоўкі новых тэхналогій. ЕС таксама актыўна падтрымлівае такія сферы, як ахова здароўя, адукацыя, дапамога
пенсіянерам.
Што да самога ЕС, то канструкцыя яго інстытутаў радыкальна змянілася. Еўрапейскую камісію будзе абіраць сам парламент. Усе рашэнні, якія прымае ЕС, празрыстыя (зараз зялёныя вельмі крытыкуюць
цяперашняга кіраўніка Еўракамісіі Мануэля Барозу за тое, што даў згоду на транзіт праз ЕС вязняў тайных турмаў ЦРУ).
Застаецца дадаць, што прыязджаць у зялёную Еўропу іншаземцам будзе вельмі лёгка. Працэдура выдачы віз стане максімальна простай, а калі хтосьці захоча застацца працаваць у ЕС, то аўтаматычна атрымае
роўныя правы з тубыльцамі. Тым больш, Еўропа працягвае працэс пашырэння на Усход.
Наколькі рэальна зялёная утопія, галоўнымі фішкамі якой ёсць буйныя інвестыцыі ў новую энергетыку, што, у сваю чаргу, немагчыма без павышэння ролі і дэмакратызацыі Еўрасаюзу?
Праблема зялёных у тым, што адказам на крызіс стаў рост у масавай свядомасці еўрапейцаў сімпатый да пратэкцыянізму і патрабавання вяртання да мадэлі нацыянальнай дзяржавы. Нямецкія левыя нават
патрабуюць, каб Германія выйшла з ЕС. Міф аб жыццяздольнасці нацыянальнай дзяржавы гучыць больш-менш рэалістычна, а вось лозунг паскоранай еўрапейскай інтэграцыі пакуль мала каму зразумелы. Слова
«Еўрасаюз» часцей выклікае асацыяцыю з бандай бюракратаў, якія ні за што не адказваюць. Зламаць стэрэатыпы будзе цяжка.
Як бы тое ні было, адно прыемна: пра Беларусь зялёныя не забываюць. Еўрадэпутат Рэбека Хармс, адказная за атамную палітыку, раскрытыкавала планы будаўніцтва новых АЭС ва Усходняй Еўропе. Іншы зялёны
парламентарый Даніэль Кон-Бендыт заявіў, што для зялёных не можа быць ніякіх кампрамісаў, калі мова ідзе пра правы чалавека ў Беларусі.