Новая зброя Расіі: рэальнасць ці крамлёўскі блеф?

Летась маскоўскае тэлебачанне паведаміла гледачам, што Расія з'яўляецца адзінай краінай, здольнай ператварыць Злучаныя Штаты ў «радыеактыўны попел». На гэтым тыдні два пракрамлёўскія каналы паказалі, якой зброяй Масква можа гэта зрабіць.



882060ce3670733c282_w640_r1_s.jpg

Фота AFP

На працягу некалькіх секундаў 10 лістапада праграмы вечаровых навінаў паказалі дакумент з выявамі і дэталі меркаванага расійскага атамнага падводнага беспілотніка, які будзе запушчаны з падводнай лодкі, што атрымала назву Статус-6. Было сказана, што беспілотнік — яшчэ на чарцёжнай дошцы, і на ягоны выпуск спатрэбіцца мінімум 10 гадоў, і ягоная мэта — «удар па важных эканамічных аб’ектах праціўніка ў прыбярэжных раёнах.» Такія напады, як мяркуецца, будуць ствараць «зоны радыеактыўнага забруджвання, шырока непрыдатныя для ваеннай, эканамічнай ці іншай дзейнасці на працягу доўгага перыяду часу.»

Крэмль хутка заявіў пра памылку. Прэс-сакратар прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што канал НТВ памыліўся, распаўсюдзіўшы «сакрэтныя дадзеныя» ў сваіх перадачах, і што ўлады прымуць захады, каб падобнае больш не паўтарылася. Але некаторыя назіральнікі падазраюць, што гэтая заява не выпадковая: і адбылася адмысловая «уцечка інфармацыі» Адносіны паміж Расіяй і Захадам, якія знаходзіліся на ўзроўні часоў халоднай вайны ў выніку ўварвання Масквы ва Ўкраіну, яшчэ больш драматызаваліся ў выніку новай ролі Расіі ў грамадзянскай вайне ў Сірыі, дзе Масква наносіць паветраныя ўдары па суперніках свайго хаўрусніка Асада. Дакумент, паказаны на НТВ і Першым канале, быў зняты падчас сустрэчы Пуціна і расійскімі вайсковымі кіраўнікамі у чарнаморскім курорце Сочы 10 лістапада.

«Расія з'яўляецца адзінай краінай у свеце, якая можа рэальна ператварыць Злучаныя Штаты ў радыеактыўны попел», — сказаў Дзмітрый Кісялёў у часе штотыднёвага шоў у сакавіку 2014 году, праз некалькі месяцаў пасля таго, як Пуцін прызначыў яго кіраўніком дзяржаўнай медыя-кампаніі. У апошні час сам Пуцін не саромеўся нагадваць Захаду і свету пра ядзерную моц Расіі.

Рыторыка не засталася незаўважанай у ЗША. Міністр абароны ЗША Эштан Картэр заявіў 7 лістапада, што «ядзерная бразганне зброяй Масквы ўздымае пытанні аб прыхільнасці расійскага кіраўніцтва да стратэгічнай стабільнасці, павагі да нормаў у дачыненні да прымянення ядзернай зброі».

Назіральнікі разышліся ў ацэнках адносна рэпартажу тэлеканалаў — або было гэта наўмыснай уцечкай інфармацыі з мэтай запалохаць Злучаныя Штаты, або — ніякіх падобных распрацовак увогуле не існуе, і запушчаная з тэлеэкранаў інфармацыя — блеф.

Дэвід Акс, які напісаў пра новую зброю артыкул для выдання The Daily Beast, пераклад якой публікуе «Інапрэса», заўважае:

«Праблема вось у чым. Мы ніяк не можам дакладна даведацца, ці існуе такая зброя на самой справе ці, гэта проста медыяправакацыя, якая прымушае думаць, што ў арсенале расійскага прэзідэнта з'явілася новая небяспечная цацка. Калі гэта праўда, тады Расія — першая краіна, пра якую вядома, што яна вось-вось абзавядзецца зброяй, якае далёка не так разбуральна, як атамная бомба, аднак можа распаўсюджваць смяротную радыяцыю на вялікія плошчы, робячы іх нежылымі. Калі ж гэты аб’ект — фальшыўка, ён — свежае папаўненне ў доўгім спісе крамлёўскіх містыфікацый у СМІ».

 

Іншага меркавання прытрымліваецца амерыканскі каментатар Фрэнк Шулер, чыю нататку цытуе маскоўскі «Камерсант»:

«Я не думаю, што гэта палітычная рыторыка. Ці будзе гэта канцом ўсіх дамоўленасцяў з Расіяй? І ці дажывем мы ў такой сітуацыі да нармальнага завяршэння працэсу скарачэння ўзбраенняў у адпаведнасці з дзейнай дамовай?»

 

Расійскі каментатар Валерый Філатаў трымаецца наступнай думкі:

«Гэта стары гэбэшны прыём — выдаваць жаданае за сапраўднае. Расія спрабуе дубляваць дзеянні ЗША 30-ці гадовай даўніны. Тады, у выніку „уцечкі“ сакрэтнай інфармацыі аб некалькіх элементах праграмы зорных войнаў, амерыканцы загналі СССР на такі віток гонкі ўзбраенняў, ад якой у Саюзу развязаўся пупок. Зараз Расія спрабуе рабіць аналагічнае, не разумеючы таго, што ЗША робяць стаўку на іншае. Яны спецыялізуюцца на зборы інфармацыі і на якасным аналізе яе. <...> [Пуцін] толькі задумвае блефануць, а амерыканцы ўжо ведаюць, на чым ён гэта будзе рабіць. Адсюль і адсутнасць гістэрыі ў заходніх СМІ з нагоды „уцечкі“. Нічога геніяльнага Расія стварыць не можа, бо адрэзаная ад самых перадавых тэхналогіяў».

 

Фёдар Кліменка:

«У Крамлі пагражаюць Амерыцы „цуд-зброяй“, для чаго была пушчана ў ход адкрыта зрэжысаваная „ўцечка“ інфармацыі, аб нейкай супертарпедзе, якая можа знішчыць узбярэжжы ЗША. Падобна на тое, што ў крамлёўскай шушары ўсё зусім дрэнна, раз у ход пайшлі падобнага роду „выпадковыя уцечкі“ у паўночнакарэйскім стылі: „Не падыходзь, я псіхічны, у мяне бомба ёсць“. Пры гэтым, усе разумеюць, што кліент спрабуе ўзяць публіку на понт, а можа нават і папрасіць грошай і жратвы. Прынамсі, у КНДР, гэтым з поспехам займаюцца на працягу апошніх 20 гадоў».

 

www.svaboda.org