Навумчык: Пра талерантнасць
Недальнабачнасць еўрапеўцаў у міграцыйнай палітыцы яшчэ прывядзе да страшных наступстваў, упэўнены журналіст Сяргей Навумчык.
Ведаеце, у чым розніца паміж інтэграцыяй эмігрантаў-мусульманаў у ЗША і ў Еўропе? Выхадзец з Пакістана, трапляючы ў Нью-Ёрк, наймаецца на цяжкую працу, укалвае з 6 раніцы да 20 вечара, каб яго сын скончыў універсітэт, а народжаны ўжо ў Квінсе ці Бронксе ўнук — хто ведае, можа і сэнатарам, а нават і прэзідэнтам ЗША. Ну, наконт унука-прэзідэнта — можа і мара, а вось бачыць ужо сына інтэграваным у амерыканскае грамадства — рэальная мэта. І, як правіла, яна ажыццяўляецца.
Амерыка — гэта плавільны кацёл, які перамешвае нацыі і ў выніку інтэгруе іх у грамадства. І пры гэтым падтрымліваюцца нацыянальныя традыцыі (у чым можна пераканацца штогод на фестывалях ля беларускай царквы на Атлантык-авеню ў тым жа Нью-Ёрку), піша Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале.
Іншая справа — да прыкладу, у Германіі. Тут чалавек сядзе на «сацыял», праўдамі-няпраўдамі перавязе мала што бацьку-маці, але і братоў-сясцёр, і стрыечных братоў-сясцёр, і траюродных братоў-сясцёр. І яны таксама сядуць на «сацыял». Без усялякага жадання бачыць свайго сына высокакваліфікаваным хірургам, а ўнука — дэпутатам Бундэстага ці федэральным канцлерам. Увогуле без імкнення інтэгравацца ў германскае грамадства інакш, чым у якасці атрымальніка фінансавай дапамогі. Але з вялікай прагай ператварыць тэрыторыю вакол сябе ў герметычную супольнасць, якая, у ідэале, будзе жыць па законах шарыята.
Я, вядома, утрырую і надзвычай згушчаю фарбы — выхадзец з Емена ў Мюнхене можа імкнуцца інтэгравацца ў германскае грамадства ўжо ў першым пакаленні, а пакінстанец з Бостана ў трэцім пакаленьні — рыхтавацца пакараць «няверных» піратэхнічным спосабам. Але тэндэнцыі менавіта такія.
У адрозненне ад ЗША, Заходняя Еўропа так і не здолела вырашыць праблему міграцыі з мусульманскіх краін. Нават наблізіцца да яе вырашэння. Затое дзесяцігоддзямі тых, хто заклікаў да ўзважанай міграцыйнай палітыкі, хто папярэджваў пра тое, што ідэя мультыкультуралізму хаця і прыгожая, але ў выпадку свайго правалу небяспечная (ці мала было ў гісторыі прыгожых ідэй, якія ў выніку праводзілі да катастроф!) — гэтых людзей абвінавачвалі ў лепшым выпадку ў непаліткарэктнасці, у горшым — у празаізме.
Ды іх «левакі» папросту цкавалі. Палітыку ўсумніцца публічна ў слушнасці міграцыйнай палітыкі Меркель у якім-небудзь 2015 годзе было ўсё роўна, што прабачце, на дыпламатычным прыёме памачыцца на сценку.
Я не быў прыхільнікам колішняга прэзідэнта Чэхіі сацыяліста Мілаша Земана. Але мне імпануе яго пазіцыя, выказаная колькі гадоў таму, калі Брусэль настойваў, каб Чэхія прыняла колькі там дзясяткаў тысяч мігрантаў-мусульманаў.
Земан адказаў прыблізна так: «У Чэхіі няма мячэцяў і няма сродкаў, каб будаваць мячэці, таму вернікі-мусульмане будуць пакутаваць, а нашы сэрцы праз гэта — разрывацца. Але мы гатовы прыняць удвая болей уцекачоў з хрысціянскіх краін».
Слова сваё Земан стрымаў: Чэхія прытуліла шмат беларусаў пасля 2020-га і пасля 2022-га — рэкордную сярод еўрапейскіх краін колькасць украінцаў (у прапорцыях да колькасці насельніцтва).
Тое, што «мульці-кульці» ў Еўропе пацярпеў татальны крах, прызнаюць, здаецца, усе (за выключэннем зусім ужо зацятых «левакоў»). Але ці змянілася хоць што-небудзь?
Сёння многія, каментуючы яўрэйскія пагромы ў Амстэрдаме, па-ранейшаму баяцца адкрыта сказаць пра паходжанне і пра веравызнанне тых, хто гэтыя пагромы ўчыняў. Бо абвінавацяць у расізме.
Пагромы ў Амстэрдаме могуць быць толькі пачаткам катастрофы. Калі Еўропа заканадаўча не замацуе іўдэйска-хрысціянскія каштоўнасці як адзін з дзяржаватворных базісаў («левакі» дамагліся, што яны былі выключаныя з канстытуцый некаторых краін), — праз 20-30 гадоў у ёй запануюць аятолы.
Яны ўсім нам нам даходліва прадэманструюць рэлігійную талерантнасць, правы ЛГБТ, гендарную роўнасць і шматквецце культур.