Навукоўцы і дзеячы культуры заклікаюць ЕС стварыць універсітэт для расіян і беларусаў
Больш за паўсотні вядомых прадстаўнікоў навукі і культуры з Еўропы і ЗША падпісаліся пад адкрытым лістом, які заклікае Еўрасаюз і яго дзяржавы перагледзець і актывізаваць сваю ўсходнюю палітыку, асабліва ў дачыненні да Расіі і Беларусі.
«Выкраданне і арышт журналіста Рамана Пратасевіча. Атручанне і зняволенне палітыка Аляксея Навальнага. (…) Арышты і катаванні соцень мірных дэманстрантаў. Гэта змрочнае меню дзяржаўнага гвалту, якое расійскія і беларускія ўлады прапануюць свайму насельніцтву», — цытуе аўтараў ліста «Радыё Свабода».
«Палітычныя лідары ўсяго свету асуджаюць гэты гвалт. Эксперты сочаць за парушэннямі правоў чалавека, унутранага заканадаўства і міжнародных дамоў. Але закрыцця паветранай прасторы, байкоту і заяў аб падтрымцы недастаткова. Нам патрэбны цэласны падыход, які дапаўняў бы традыцыйную палітыку, далучаючы грамадзян, а не ўрады, ствараючы новыя магчымасці, а не абмяжоўваючы ўсталяваныя адносіны — прапаноўваючы пернік, а не толькі бізун», — пішуць яны.
«Паколькі колькасць нявінна арыштаваных і катаваных расце з жахлівай хуткасцю, мы настойліва заклікаем нашых палітычных лідараў выйсці за межы выказвання салідарнасці, — адзначаюць падпісанты адкрытага звароту. — У цяперашняй сітуацыі мы заклікаем вас перанакіраваць частку замарожанай дапамогі ЕС на падтрымку грамадзянскай супольнасці, адукацыі і мабільнасці. (…) Нам трэба ствараць магчымасці для моладзі Расіі, Беларусі і іншых аўтарытарных краін. Нам трэба стварыць маякі надзеі для наступнага пакалення».
Спасылаючыся на мінулы досвед стварэння такіх транснацыянальных вышэйшых навучальных устаноў, як Еўрапейскі ўніверсітэцкі інстытут, Цэнтральнаеўрапейскі ўніверсітэт, Еўрапейскі ўніверсітэт Віядрына ў Франкфурце, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, аўтары ліста падкрэсліваюць, што Еўрасаюзу цяпер неабходна стварыць новы Усходнееўрапейскі ўніверсітэт, размешчаны ў адной з дзяржаў ЕС.
«Мы, ніжэйпадпісаныя навукоўцы і дзеячы культуры, вітаем дзяржаўныя і прыватныя ініцыятывы, накіраваныя на фінансаванне і размяшчэнне такой вышэйшай навучальнай установы. (…) Мы накіруем нашы інтэлектуальныя рэсурсы, досвед і лідарства на стварэнне такога ўніверсітэта», — заключаюць яны.
Сярод падпісантаў ліста: расійскі пісьменнік Дзмітрый Быкаў; брытанскі журналіст Эдвард Лукас; гісторык з Гарвардскага ўніверсітэта Сяргей Плохій; гісторык з Йельскага універсітэта Цімаці Снайдэр; польская пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Вольга Такарчук; філосаф Славой Жыжэк.