«Мы не можам будаваць сцены». Дэпутат Еўрапарламента абяцае наладзіць адносіны з Беларуссю
Як вядома, вось ужо некалькі гадоў Беларусь адгароджаная ад сваіх заходніх суседзяў плотам на мяжы, і гэтая фізічная ізаляцыя мае таксама свой працяг і на іншых узроўнях — палітычным, сацыяльным і г. д. Ці ёсць шанец гэта выправіць?
З 6 па 9 чэрвеня праходзілі выбары ў Еўрапейскі парламент. Літоўскі дэпутат Вальдэмар Тамашэўскі, абраны ў кіраўнічы орган ЕС у Брусэлі, абяцае палепшыць стасункі з Беларуссю. «Мы не можам не мець ніякіх адносінаў», — гаворыць ён, дадаючы, што «мы не можам будаваць сцены».
«Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сем'яў» (ВАПЛ-СХС) атрымалі 5,67% галасоў і заваявалі адно месца ў ЕП. У Брусель адправіцца кіраўнік руху Вальдэмар Тамашэўскі, піша «Літоўскае радыё».
«Мы значна павялічылі наш вынік у параўнанні з мінулымі выбарамі, калі ў нас было 5,3% [галасоў] (...) Мы выйгралі выбары ў чатырох муніцыпалітэтах», — так пракаментаваў ён вынікі выбараў.
Дэпутат падкрэсліў паляпшэнне адносінаў з Беларуссю як адну з самых важных рэчаў, якія зробіць, паколькі Беларусь, паводле слоў Тамашэўскага, «вельмі блізкая Літве краіна».
«Мы былі адзінай дзяржавай на працягу стагоддзяў, мы вельмі блізкія народы ў плане культуры, у плане генафонду, у нас не можа не быць ніякіх адносінаў», — кажа ён.
«Нельга, каб сем'і, якія жывуць у суседніх краінах, не размаўлялі адна з адной. Сітуацыю неабходна мяняць, а гэта складана. Але любыя змены пачынаюцца з абмеркавання і патрабаванняў. Мы павінны біць сябе ў грудзі і прызнаць, што наша палітыка была памылковай. Мы штурхнулі Беларусь у абдымкі Крамля. Гэтую краіну трэба набліжаць да Еўропы, а не аддаляць. Гаворка ідзе не пра глабальную палітыку, а пра жыццё сем'яў. Людзі павінны хадзіць на пахаванні і сустракацца са сваімі блізкімі», — перакананы Тамашэўскі.
Палітык дадае, што нават у сённяшняй сітуацыі вайны каналы сувязі паміж краінамі павінны працаваць.
«Вядома, што падобныя каналы паміж ЗША і Расіяй існуюць дагэтуль. Гэта азначае, што памежныя пераходы павінны быць не закрытыя, а адкрытыя. Прыцягваць на свой бок трэба добрым прыкладам, а не ўзвядзеннем сцен. Нават у самых цяжкіх сітуацыях неабходна дамагацца добрых перамен. Як паляк з віленскага краю, я катэгарычна супраць падзелу палякаў па абодва бакі мяжы. Размовы пра рэжымы і дэмакратыю — гэта проста размовы, калі цяпер пакутуюць сем'і. Гэта не забароненая тэма, а наша гісторыя», — заяўляе ён у інтэрв'ю LRT.lt.
У якасці іншых кірункаў працы ЕП ён вылучае «палітыку ўмацавання традыцыйнай сям'і» і прасоўванне хрысціянскіх каштоўнасцей.
Тамашэўскі таксама нагадвае, што ў ЕП ён працуе ў групе па сувязях з Беларуссю.
«У мяне вялікі досвед, я добра ведаю гэтую краіну і ведаю, як рэгуляваць сітуацыю. Я прыкладу максімум намаганняў для выпраўлення сітуацыі», — абяцае ён.
Адносна планаў на будучыню Тамашэўскі гаворыць, што на дадзены момант партыя рыхтуецца да парламенцкіх выбараў.
«Людзі ў Літве чакаюць перамен, мы спадзяемся, што на выбарах у Сейм не будзе абуральных парушэнняў закону. (...) Мы будзем змагацца за большую разнастайнасць у Сейме, за большае прадстаўніцтва. Нядобра, што ў нас вельмі высокі парог на выбарах у Сейм, у некаторых краінах ён значна ніжэйшы — 2-4%», — адзначае Тамашэўскі.
На пытанне, што стала ключом да поспеху, дэпутат адказвае, што, акрамя ўпартай працы, ВАПЛ-СХС карысталася вялікім даверам выбаршчыкаў.
«Гэта дало выдатны вынік. Давер заваёўваецца, калі быць палітычна актыўным і клапаціцца пра правы кожнага выбаршчыка. Цэнтральныя ўлады робяць выгляд, што не бачаць праблем, якія мы падымаем, але мы былі сярод тых людзей, якія пакутуюць, мы часта сустракаліся, напрыклад, на літоўска-беларускай мяжы. Гэта тычыцца не толькі перадвыбарчага перыяду, але і ўсіх гадоў», — адзначыў ён.
Еўрапейскі Саюз і іншыя заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць Беларусі за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў, жорсткае падаўленне прадэмакратычных пратэстаў і арганізацыю крызісу мігрантаў супраць краін Балтыі і Польшчы. У выніку таго, што беларускі рэжым перавозіць і выштурхвае праз мяжу мігрантаў, краіны Балтыі і Польшча ўсталявалі загароды на сваіх межах з Беларуссю.
На працягу ўсяго тэрміну кіравання рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае інструменты палітычнага пераследу ў мэтах гвалтоўнага ўтрымання ўлады. Актыўныя палітычныя апаненты дыктатара былі забітыя ці зніклі без вестак, а многія актывісты, праваабаронцы і незалежныя журналісты падвяргаліся крымінальнаму пераследу па сфабрыкаваных справах і катаваннях.