Могуць з’явіцца прамыя рэйсы паміж Расіяй і Грузіяй

У Маскве і Тбілісі дапускаюць магчымасць аднаўлення прамых авіязносін. Але гаворка ідзе не толькі пра самалёты. Што б гэта значыла?

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Авіязносіны паміж Грузіяй і Расеяй спынілася ў 2019 годзе. Падставай паслужылі масавыя пратэсты ў Тбілісі пасля з'яўлення дэпутата Дзярждумы Сяргея Гаўрылава ў грузінскім парламенце. У адказ на грамадскі скандал Масква ў аднабаковым парадку адмяніла авіязносіны.

Пасля так званай "ночы Гаўрылава" прайшло чатыры гады. Цяпер у сталіцах дзвюх краін лічаць, што прыйшоў час аднавіць прамыя рэйсы.

Пры гэтым у самой Грузіі менавіта на гэты конт няма адназначнага стаўлення. Рашэнне пра аднаўленне авіазносінаў падтрымлівае ўрад.

"У Расійскай Федэрацыі пражывае каля мільёна нашых суграмадзян, этнічных грузін. Рашэнне, прынятае ў 2019 годзе, вельмі ўскладніла іх умовы і становішча. Калі палёты будуць адноўленыя, то гэта важна для нашых суграмадзян і будзе толькі вітацца", — заявіў старшыня "Грузінскай мары" Іраклій Кабахідзэ.

Крытыкі кіроўнай партыі палічылі такую заяву недапушчальным палітычным рэверансам перад Масквой і абвінавацілі ўлады ў "калабарацыянізме з Расеяй у авіяцыйнай сферы".

Прафесар дзяржаўнага ўніверсітэта Іллі (Тбілісі) Гія Нодзія лічыць, што аднаўленне прамых рэйсаў — гэта сімвалічны жэст Масквы. "З пункту гледжання Крамля, Тбілісі захоўвае нейтралітэт у дачыненні да расейскай вайны супраць Украіны і тым самым паводзіць сябе добра. За гэта Грузію вырашылі "ўзнагародзіць", — тлумачыць палітолаг “Нямецкай хвалі”.

З асуджэннем выступіла і прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі, якая не валодае ў парламенцкай рэспубліцы дзейснымі рычагамі ўлады. "У той час, калі ўсе нашы краіны-партнёры словам або справай выказваюць максімальную салідарнасць з самаадданай барацьбой Украіны, на маю думку і на думку большай часткі грузінскага грамадства, пазіцыя ўрада і кіруючай партыі, мякка кажучы, незразумелая", — гаворыцца ў заяве Зурабішвілі.

Прэзідэнт заклікала не толькі не аднаўляць авіязносіны, але і зрабіць больш жорсткімі правілы знаходжання расіян у Грузіі. Паводле апытанняў, 78% насельніцтва Грузіі выступае за ўвядзенне візавага рэжыму паміж краінамі. Нягледзячы на гэта, урад у Тбілісі не плануе якія-небудзь абмежаванні, як гэта нядаўна зрабіў Казахстан. Апазіцыя ж папярэджвае, што свабодны ўезд расейцаў без дбайных праверак можа пагражаць бяспецы краіны, бо сярод уязджаючых таксама могуць быць прыхільнікі Уладзіміра Пуціна.

Хоць Грузія і галасавала за міжнародныя санкцыі супраць Расеі, ад увядзення ўласных нацыянальных санкцый урад у Тбілісі ўстрымаўся. За такую пазіцыю грузінскія ўлады ўдастоіліся хвалы ад расейскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, які адзначыў "мужнасць" грузінскага кіраўніцтва, "якое не паддаецца ціску Захаду".

Гія Хухашвілі, былы дарадца Бідзіны Іванішвілі, якога шмат хто ў краіне ўважае за нефармальнага лідара, мяркуе, што прадстаўнікі кіроўнай партыі першапачаткова зрабілі стаўку на Маскву: "На іх думку, Расея — усемагутная краіна, якая пераможа Украіну. Яны выбудоўваюць сваю палітыку на такім прагнозе, а Масква такія моманты не прапускае".

Свой нейтралітэт грузінскія ўлады таксама тлумачаць эканамічнымі інтарэсамі. Па даных Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі (Грузстат), пасля пачатку расійскай агрэсіі ў Украіне ВУП Грузіі павялічыўся на 10 працэнтаў, а курс лары б'е рэкорд за рэкордам. Эканамісты тлумачаць беспрэцэдэнтны рост наплывам плацежаздольных расейцаў у краіну.

Палітолаг Нодзія агучвае падобныя асцярогі. "Цяпер Лаўроў і Пуцін задаволеныя, але як толькі Грузія зробіць крок у бок, прыдумаюць, што грузінскае віно не адпавядае санітарным стандартам і ўвядуць эмбарга, як гэта бывала ў мінулым", — нагадвае палітолаг.

Як бачым, у той час як шматлікім беларусам у Грузіі робяцца перашкоды, якія тлумачаць саўдзелам Беларусі ў вайне ва Украіне, самі расіяне, магчыма, змогуць больш камфортна і часта падарожнічаць у Грузію.