«Мэта візіту — дзяржаўны пераварот»
На гэтым тыдні, безумоўна, запаліў Казахстан — у прамым і пераносным сэнсе. Цяпер многія параўноўваюць пратэсты там, і пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе. Аднак, на мой погляд, гэтыя рэчы мала параўнальныя. Хіба што ў перспектыве — праўда, не гэтак аддаленай, як здаецца.
Асноўнае адрозненне не ў тым, што беларуская рэвалюцыя была мірнай. А ў тым, што ў Казахстане ўсё пачалося не сярод «сярэдняга класа», не са студэнтаў, прадпрымальнікаў і айцішнікаў. Незадаволенасць павышэннем цэн на газ для запраўкі аўтамабіляў вылілася на вуліцы, перш за ўсё, у нафтаздабыўным Жанаазене, які славуты сваімі пратэснымі настроямі. Гэта значыць, на вуліцы выйшлі, найперш, рабацягі. А ўжо потым да іх падцягнуліся ўсе астатнія.
Эканамічныя патрабаванні вельмі хутка перараслі ў палітычныя. Гэта паказвае, як імкліва людзі прыходзяць да першакрыніцы сваіх праблем.
Зразумела, Казахстан — гэта вялікі ўрок для Лукашэнкі. Сітуацыя, у якой Назарбаеў вырашыў «сысці, не сыходзячы», прызначыўшы з выгляду слабога пераемніка ў выглядзе прэзідэнта Такаева, таксама адыграла сваю ролю. Фактычна, у Казахстане была сітуацыя двоеўладдзя, калі Назарбаеў, як яму здавалася, кантраляваў галоўнае ў краіне — сілавыя структуры, а Такаеў адказваў за ўсё астатняе. Але ўлада, асабліва ў аўтарытарных краінах, такая штука, якой раздваенне проціпаказана. І ў выніку сілавікі, нават калі і атрымлівалі нейкія каманды на «купіраванне» пратэстаў, аказаліся ў разгубленасці. З аднаго боку, ёсць Такаеў, які юрыдычна з’яўляецца прэзідэнтам, і імкнецца да мірнага вырашэння канфлікту — гэта паказвае і «адкрутка» павышэння цэнаў на газ, і адстаўка ўрада. А з іншага, быў Назарбаеў, які, нібыта, і павінен быў аддаваць загады сілавікам, але… Дзе ён быў? Пра яго нічога не было чуваць. І сілавікі, па факце, аказаліся ў сітуацыі, калі яны вымушаныя былі толькі адказваць на дзеянні пратэстоўцаў, якія станавіліся ўсё больш жорсткімі.
Насамрэч, пры належным камандаванні «купіраваць» пратэст уласнымі сіламі яшчэ ў зародку для Казахстана было нескладана і цалкам у гістарычным духу тамтэйшай улады. У 2011 годзе страйкоўцаў у тым жа жа Жанаазене проста расстралялі. Пры адпаведных загадах і рашучых дзеяннях казахстанскія сілавікі цалкам маглі справіцца з пратэстамі — у тым жа Актобе яны нават вызвалілі мясцовую адміністрацыю, захопленую пратэстоўцамі. Аднак на ўсё гэта наклалася тая самая «сітуацыя двоеўладдзя».
Такаеў вельмі пісьменна скарыстаўся сітуацыяй і правёў сваю аперацыю па «выключэнні» клана Назарбаева. Ён хутка прыбраў з адказных пасадаў сваякоў і «агентаў уплыву» Назарбаева, і нават пасунуў самога Елбасы з пажыццёвай (як таму здавалася) пасады сакратара Савета Бяспекі. Фактычна, «вуліца» дала Такаеву шанец на захоп улады, і ён ім скарыстаўся, пачаўшы «чыстку» назарбаеўскіх кадраў.
Для гэтага спатрэбіўся час, і ў гэты час «пацаны з раёнаў» зладзілі хаос і марадзёрства ў Алматы. Але гэта яшчэ раз паказвае хісткасць пазіцыі «былых прэзідэнтаў», якія ніяк не могуць расстацца з уладай, і ўтрымліваюцца за яе пасінелымі пальцамі. І відавочны прыклад таго, як лёгка ў сістэме двоеўладдзя ігнаруюцца ўсе «гарантыі» былым кіраўнікам. Асабліва, зноў падкрэслю, — у аўтарытарных сістэмах.
Для прывядзення сітуацыі ў краіне да ладу Токаеў запытаў умяшання АДКБ. Таксама тактычна слушны ход: цяпер усе непазбежныя ахвяры «антытэрарыстычнай аперацыі» будуць спісаныя не на казахстанскіх вайскоўцаў, а на «прышлых» АДКБшнікаў. Што дае пэўную гарантыю адсутнасці «вендэты» ў дачыненні да сілавікоў Казахстана. Так, АДКБ пагадзілася адправіць туды не сілы аператыўнага рэагавання (КСАР), а толькі «міратворчы кантынгент». Юрыдычна гэта розныя рэчы, «міратворчы кантынгент» павінен ахоўваць аб'екты інфраструктуры. Але па факце вельмі цяжка ўстрымацца, калі ў цябе шмаляюць з ружжаў, што здабылі ў кармах узбраення ў папярэднія дні. Не для таго ў Казахстане рабавалі паліцэйскія ўчасткі, каб ствалы залежваліся без справы.
Ад Беларусі ў сілах АДКБ прысутнічаюць віцебскія дэсантнікі і некаторыя падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый. ССА былі задзейнічаны ў разгоне беларускіх пратэстаў. І цяпер яны на ўласнай скуры адчуюць вынікі сваёй жа «абароны канстытуцыйнага ладу». Іх неаднаразова папярэджвалі, што менавіта палітыка Лукашэнкі па ўступленні ў арганізацыі кшталту АДКБ і іншыя «саюзныя» справы можа прывесці да іх адпраўкі ў «гарачыя кропкі». Праўда, ніхто не думаў, што гэта здарыцца так хутка, але ім цяпер можна сказаць: «За што змагаліся, на тое і нарваліся».
Дай Бог, канешне, каб усе вярнуліся жывымі і здаровымі, але час і сілавікам падумаць пра тое, што яны рабілі, робяць і будуць рабіць у будучыні. Калі, канешне, думаць ёсць чым.
Высноў з сітуацыі ў Казахстане можа быць шмат. У першую чаргу — для беларускай улады і сілавікоў. Ці будуць зробленыя гэтыя высновы, вядома, вялікае пытанне, таму што, як паказала практыка, нашы ўлады не могуць зрабіць высновы з самых відавочных рэчаў. У прыватнасці — прызнаць свае памылкі і наладзіць дыялог з грамадствам. Бо ў Казахстане, як і ў Беларусі, была цалкам знішчаная сістэмная апазіцыя, якая мела б хоць нейкі ўплыў на пратэстоўцаў. У выніку атрымалася, што ў час стыхійнага пратэсту проста няма з кім было размаўляць аб стабілізацыі сітуацыі. І атрымалася тое, што атрымалася. Улагоджваць натоўп было няма каму.
А самая цікавая рэч па сітуацыі ў Казахстане — у тым, што пра кіраўніка сілавікоў Назарбаева ад пачатку пратэстаў да іх кульмінацыі не было чуваць роўненька нічога. Такое ўражанне, што Назарбаеў быў першым чалавекам у краіне, якому раней за ўсіх адключылі сувязь і інтэрнэт. Пяць дзён пратэстаў, і адзіная навіна, якая з’яўляецца пра тамтэйшага «прэзідэнта АМАПу» — тая, што ён гатовы вылецець у Расію «на лячэнне». Гэта вельмі паказальны факт: чалавек, які думаў, што кантралюе ў краіне ўсё, аказаўся проста адрэзаны не толькі ад прыняцця рашэнняў, але, падаецца, і ўвогуле ад інфармацыі пра тое, што адбываецца.
Раней мы казалі, што «колькасць месцаў у прэзідэнцкім самалёце абмежаваная», і на ўсіх яго не хопіць. Аднак можа здарыцца і так, што месца ў прэзідэнцкім самалёце не хопіць і самому экс-прэзідэнту.
Кажуць, што ў такіх сітуацыях трэба шукаць тых, каму гэтая сітуацыя выгадная. Пакуль што найбольш «плюшак» з пратэстаў у Казахстане атрымаў яе прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, які з «вясельнага генерала» становіцца паўнавартасным кіраўніком краіны. А ўсе байкі пра тое, што выступы казахаў інспіраваныя «знешнімі сіламі», не цягнуць нават на канспіралогію. Так, магчыма, інспіраваныя, але зусім не знешнімі…