Люстрацыя для Беларусі: трэба фіксаваць факты правапарушэнняў

У Беларускім Доме ў Варшаве прэзентавалі кнігу, у якой прадстаўлены праект ачышчэння ўладаў, як абавязковай умовы пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі.

img641_704x1024.jpg


Прадстаўнік ініцыятывы “Люстрацыя для Беларусі” Валянціна Свяцкая зазначае, што гэта вельмі важна пашыраць інфармацыю пра патрэбнасць люстрацыі:
— Гэта свайго роду падручнік. Трэба весці інфармацыйную працу, таму што само слова люстрацыя, у першую чаргу азначае «»ачышчэнне». І трэба, каб пераважная большасць беларусаў зразумела, што без такога ачышчэння нейкіх крокаў да лепшага не можа быць. Нейкіх дэмакратычных пераменаў у краіне не можа быць без гэтага самага ачышчэння.
Адмысловым госцем прэзентацыі стаў намеснік дырэктара Люстрацыйнага Бюро Інстытута Нацыянальнай Памяці Польшчы Радаслаў Пэтэрман. Гісторык распавёў пра досвед Польшчы. Радаслаў Петэрман адзначыў, што Інстытут нацыянальнай памяці паўстаў толькі ў 1999 годзе, то бок праз дзесяць гадоў пасля пераменаў у Польшчы, а сама люстрацыя аказалася справай не аднаго пакалення:
— Патрэбна два-тры пакаленні, каб выйсці. Нашыя дзеці ўжо думаюць інакш, інакш глядзяць на многія рэчы, а мы, саракагадовыя, пяцідзесяцігадовыя надалей ментальна застаемся ў гэтай таталітарнай сістэме. Без праверкі асобаў, якія займаюць грамадскія пасады, няма шанцаў на правільнае дзеянне дэмакратыі. Але нам нельга блытаць гэта з помстай. Праверка — гэта не помста. Мы проста правяраем, ці хтосьці не мае элементаў шантажу.
Таксама на прэзентацыі выступіў кандыдат на прэзідэнта ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў. Палітык зазначыў, з люстрацыяй трэба быць асцярожным, бо немагчыма будзе знесці ўвесь кадравы апарат. Аднак само правядзенне люстрацыі неабходнае і стане пытаннем нацыянальнай бяспекі:
— Гэта вельмі складаная тэма. Мы бачым, што ў Польшчы нешта змянілася толькі праз 10 гадоў, пасля таго, як яны змянілі камуністычную ўладу. Я згодны з дырэктарам Пэтэрманам, што ёсць пытанне нацыянальнай бяспекі. І гэта павінна быць галоўным. У нашай сітуацыі я думаю, што гэта сапраўды будзе галоўным, таму што мы геаграфічна знаходзімся ў вельмі небяспечным месцы. Астатняе трэба вырашаць. Адно, трэба зараз казаць, што злачынствы будуць пакараныя. Але люстрацыя і развітанне з мінулым – гэта розныя рэчы.У нас пасля камуністычнага рэжыму прыйшоў рэжым Лукашэнкі. Вось нам трэба будзе думаць, што рабіць з гэтым. Сапраўды, трэба даваць адзнаку, і савецкаму рэжыму, і лукашэнкаўскаму. І з гэтага пункту гледжання рухацца далей. Гэта пытанне складанае, але з другога боку, яго трэба цяпер уздымаць і абмяркоўваць.
Вацлаў Арэшка з ініцытывы “Люстрацыя для Беларусі” дадаў, што пагроза магчымай люстрацыі ўжо цікавіць беларускіх чыноўнікаў. На думку грамадскага дзеяча, вельмі важна, каб дзяржаўныя службоўцы ўсведамлялі, што ў будучыні ім могуць нагадаць пра іх незаконныя дзеянні:
— З аднаго боку для нас важна, каб гэтыя людзі адчувалі сваю адказнасць. З другога боку, мы думаем, што не варта ствараць сістэму запалоханасці ў грамадстве. Той, хто працуе сумленна, выконвае свае абавязкі, яму нічога не пагражае. Пагражае таму, хто пры гэтым рэжыме несумленны. Я думаю, яны вельмі цікавяцца гэтым пытанням. Удзельнікі ініцыятывы “Люстрацыя для Беларусі” заклікаюць людзей усялякімі спосабамі фіксаваць факты правапарушэнняў прадстаўнікамі ўлады і аддаваць доказы праваабарончым арганізацыям “Вясна” і “Беларускі Хельсінскі камітэт”.
Грамадзянам варта самім захоўваць інфармацыю, бо дакументы з дзяржаўных архіваў могуць быць знішчаныя, гаворыць Вацлаў Арэшка:
— Менавіта грамадскія архівы могуць адыграць пры магчымай люстрацыі вялікую ролю. Афіцыйныя архівы КГБ, пракуратуры могуць быць падчышчаны. І ў мяне ёсць такое падазрэнне, што ўжо чысцяцца. Тое ж датычыць і савецкіх архіваў, наўрад ці ў нас многія дакументы захаваліся. Таму гэтыя архівы важныя для тых, хто так ці іначай заангажаваны ў праваабарончую ці апазіцыйную дзейнасць. Трэба інфармацыю захоўваць.
Паводле "Радыё Рацыя"