«Людзі плакалі, калі бачылі, як вялікі савецкі монстар падае на калені за 12 секунд, як і ўся старая сістэма»
Вырашальны крок да канчатковага ўмацавання незалежнасці, рэальнага заканчэння савецкай акупацыі, падзея, без якой уступленне Латвіі ў Еўрапейскі Саюз і NATO было б немагчымым — так характарызуецца вывад расійскай арміі з Латвіі 23 кастрычніка 1999 года. Прыгадаем хроніку падзей 90-х гадоў, а таксама надзвычайна прыгожую акцыю падрыву савецкай РЛС «Скрунда».
Асноўная частка войска Расіі, мілітарысцкая спадчына былога СССР, пакінула Латвію ў апошні дзень лета 1994 года. Прайшло тры гады з часу, як Расія вызнала аднаўленне незалежнасці краін Балтыі, але амаль ва ўсіх уездах Латвіі працягвалі перабываць скопішчы ў памеры тысяч і дсясяткаў тысяч расійскіх вайскоўцаў. Галоўным прыярытэтам знешняй палітыкі Латвіі сталі намаганні па дасягненні як мага хутчэйшага вываду агрэсарскіх войскаў па-за межы краін Балтыі. Гэта было не толькі сімвалічнае пытанне годнасці і бяспекі, але і неабходная ўмова інтэграцыі краіны ў заходнія структуры, у прыватнасці NATO і ЕС.
Дакладную колькасць савецкіх войскаў, дыслакаваных у Латвіі пасля аднаўлення нацыянальнай незалежнасці, вызначыць не ўяўляецца магчымым, але паводле розных крыніц можна казаць пра лічбы ад прыкладна 50 да 100 тысяч акупантаў.
Інфармацыя, даступная на сайце Музея акупацыі Латвіі, паказвае, што паводле ўліку частак войскаў СССР Народным фронтам Латвіі, у верасні 1991 года на тэрыторыі Латвіі знаходзіліся тры дывізіі, сем брыгад, пяць асобных палкоў і тры ваенныя вучылішчы, якія абслугоўвалі некалькі сотняў вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі краіны.
19 сакавіка 1992 года Расія вывела з Салацгрывы (горад на ўзбярэжжы Балтыйскага мора) невялікае падраздзяленне радыётэхнічнай супрацьпаветранай абароны, надаўшы гэтаму факту даволі шмат увагі ў якасці так званага «жэсту добрай волі». Аднак насамрэч, як высветлілася пазней, Масква да таго часу ўжо пачала вывад з Латвіі куды больш значных ваенных рэсурсаў.
«Насамрэч ні мы, ні замежныя ваенныя эксперты не ведалі, што найважнейшая зброя, ядзерная зброя, у прыватнасці тактычная ядзерная зброя, была вывезена ўжо ў пачатку 1992 года, калі перамовы аб вывадзе войскаў яшчэ не пачаліся», — сцвярджаў тагачасны міністр абароны Талаўс Юндзіс у інтэрв'ю парталу LV. Гэта адыблося праз тое, што расійцам бракавала персанала для абслугоўвання ядзернай зброі: пасля аднаўлення незалежнасці завозіць новых спецыялістаў у Латвію было немагчыма.
Расія выказала гатоўнасць вывесці войскі да канца 1994 года, калі краіны Балтыі будуць гатовы дамовіцца па дзевяці пытаннях, сярод якіх былі патрабаванні захаваць некаторыя стратэгічныя аб'екты, вырашыць пытанне аб кампенсацыі за нерухомую маёмасць, пакінутую расійскімі акупантамі, забяспечыць гарантыі сацыяльна-прававой абароны і асабістых правоў вайскоўцаў, ваенных пенсіянераў і членаў іх сем'яў. Найбольш цікавы пункт гучаў такім чынам: «не прад'яўляць іскі аб кампенсацыі ўрону, прад'яўленыя Савецкаму Саюзу за перыяд з 1940 па 1991 год»!
Падчас перамоў у Юрмале, Крэмль настойваў на тым, што хоча захаваць радыётэлескоп у Ірбене да 1997 года, ваенна-марскую базу ў Ліепаі да 1999 года і радыёлакацыйную станцыю ў Скрундзе аж да 2003 года. Усе гэтыя аб'екты мелі стратэгічнае значэнне для Расіі, асабліва лакатар «Скрунда», задачай якога было своечасова папярэдзіць аб набліжэнні балістычных ракет.
У патрабаванні аб вывадзе расійскіх войскаў Латвію падтрымаў шэраг уплывовых заходніх дзяржаў, перш за ўсё ЗША і Скандынаўскія краіны, а таксама міжнародныя арганізацыі накшталт ААН, у якія Латвія паспрабавала ўступіць адразу пасля аднаўлення незалежнасці.
У лютым 1992 года ў Рызе сустрэліся латвійская дэлегацыя на чале з дзяржаўным міністрам Янісам Дзіневічам і расійская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні ўрада Сяргеем Шахраем. Абодва бакі вызналі, што Узброеныя сілы былога СССР, дыслакаваныя ў Латвіі, павінны быць прызнаныя замежнымі ўзброенымі сіламі, якія падлягаюць вываду з тэрыторыі іншай суверэннай дзяржавы. Тым не менш, Расія хацела як мага даўжэй захаваць у Латвіі свае войскі, ваенныя аб'екты, а таксама так званых ваенных пенсіянераў.
4 траўня 1995 года адбыўся самы светлы момант у гісторыі барацьбы за вывад расійскіх войскаў — у раней згаданым комплексе РЛС «Скрунда» быў урачыста падарваны будынак радыёлакацыйнай станцыі «Дар’ял». Паглядзець на выбух прыйшлі тысячы жыхароў незалежнай дзяржавы, а ў сродках масавай інфармацыі эпічныя кадры акцыі змагання за свабоду ўбачыў практычна ўвесь свет. Будынак РЛС упаў за 12 секунд, пакінуўшы за сабой 470 тысяч тон смецця. Выбух суправаджаўся спецыяльна складзенай кампазіцыяй «Liberatio» Зігмара Ліепіньша.
«Людзі плакалі, калі бачылі, як вялікі савецкі монстар падае на калені за 12 секунд, як і ўся старая сістэма», — піша журналістка Дайна Тафелберга на партале «Kurzemnieks».
Што да далейшых дзеянняў наконт поўнага вываду войска з краіны, латвійскі бок заняў даволі мяккую пазіцыю, паколькі не хацеў псаваць першапачаткова адносна пазітыўную атмасферу перамоваў, праз што, на думку латвійскіх аналітыкаў і гісторыкаў, краіна была вымушана заплаціць непрапарцыйна высокую цану за вывад расійскіх войскаў.
Латвія пагадзілася на захаванне комплексу РЛС «Скрунда» да 1999 года, не атрымала кампенсацыі за шкоду, нанесеную арміяй навакольнаму асяроддзю, і ўзяла на сябе неабгрунтаваныя сацыяльныя гарантыі для расійскіх ваенных пенсіянераў. Вялікая колькасць былых акупантаў і членаў іх сем'яў з расійскай свядомасцю прывяла да сур’ёзнай бяды ў выглядзе расколу латвійскага грамадства, негатыўныя наступствы якога адчуваюцца да гэтага часу. Тым не менш, 23 кастырычніка 1999 года Латвія ўздыхнула глытком волі — апошні расійскі вайсковец пакінуў межы краіны.