Куды перанесці сталіцу Літвы?

У суседняй дзяржаве зноў паднялася хваля спрэчак — ці не варта перанесці сталіцу з Вільні ў Каўнас?

vilnjus1.jpg

Ролю трыгера дыскусіі ўзяў на сябе журналіст Андрус Ужкальніс, які апублікаваў правакацыйны тэкст пад характэрнай назвай: «Вільнюс больш не падыходзіць на ролю сталіцы. Давайце перанясем яе ў Каўнас». У артыкуле аўтар у васьмі пунктах паспрабаваў аргументаваць, чаму Літве неабходны перанос сталіцы.

Па-першае, Вільня, якія б гіпермаркеты і хмарачосы ні рабілі цяперашнія архітэктары, усё роўна застаецца старым горадам. Свой унёсак робіць і савецкая архітэктурная спадчына, якая дасталася Вільні як былой сталіцы Літоўскай ССР. Каб пазбавіць Вільню савецкага шарму, трэба знесці наступныя аб’екты — аэрапорт, парламент, будынак ураду, нацыянальную бібліятэку, тэатр оперы і балета, цэнтральныя кінатэатры, шматлікія рэстараны, музей сучаснага мастацтва, нацыянальную мастацкую галерэю, міністэрства замежных спраў, міністэрства аховы здароўя, міністэрства эканомікі і гэтак далей. Натуральна, па шматлікіх прычынах дэмантаж пералічаных помнікаў савецкага мінулага проста немагчымы. Таму ў горадзе, як адзначае Ужкальніс, адчуваецца атмасфера архаікі, якая выклікае ў жыхароў пачуццё стомленасці і адсутнасці аптымізму.

Аднак сітуацыя на самай справе яшчэ горшая. «Тэрмін прыдатнасці (Вільні) скончыўся», — ставіць дыягназ аўтар. Звяртаецца ўвага на хранічнае пытанне вывазу смецця, на тое, што цэнтральныя вуліцы горада не адпавядаюць крытэрыям нармальнай камунікацыі. Лепшы прыклад — нядаўні візіт караля Нідэрландаў. Каб не шакаваць манарха станам сталічных вуліцаў, яго адразу павезлі ў Каўнас. Не кажучы пра тое, што віленскі грамадскі транспарт — «музей металалому». «Сёння ганарыцца Вільняй было б непаразуменнем. Гэта тое ж самае, што выхваляцца, што жывеш у кантэйнеры для смецця», — піша журналіст.

Таксама сталіца яму не падабаецца за адсутнасць нармальнай адміністрацыі, пра што сведчыць няздольнасць мэрыі Вільні спыніць працэс разбурэння гары Гедыміна — сімвала літоўскай незалежнасці. Не здольны вільнюскі муніцыпалітэт за амаль 30 гадоў вырашыць і праблему пабудовы нацыянальнага стадыёна. У Каўнасе ж такіх негатыўных рэчаў няма. Акрамя таго, Каўнас пазбег настолькі моцнай саветызацыі. Тут, маўляў, задае тон прыгожая архітэктура міжваеннага перыяду, у тым ліку стары прэзідэнцкі палац.

lithuania_3_004.jpg

Напрыканцы Андрус Ужкальніс зазначае, што ўвогуле не бачыць перспектыў для горада на Віліі. Хіба што на яго частцы можа працаваць парк забаў. Астатнюю частку Вільні прапануецца забудаваць прадпрыемствамі шкоднай хімічнай прамысловасці і засеяць рапсам, а таксама пабудаваць турму ЦРУ каля аэрапорта.

Вельмі агрэ­сіўны і правакатыўны тэкст Ужкальніса адразу знайшоў чытача. Тым больш, што нефармальнае супрацьстаянне паміж Каўнасам і Вільняй працягваецца, напэўна, з 1940 года. Тады літоўскі ўрад пасля 20 гадоў знаходжання ў Каўнасе пераехаў у Вільню. Для шматлікіх жыхароў Каўнаса цяперашняя сталіца — гэта не літоўскі горад, а нейкі маленькі Вавілон. У сваю чаргу, вільнюсцы трымаюць Каўнас за бензакалонку на трасе на Клайпеду.

Рэакцыя на прапанову журналіста вельмі цікавая. Напрыклад, яе віталі некаторыя віленскія рускамоўныя. Для іх публікацыя Ужкальніса — негалосны акт капітуляцыі літоўскай нацыяналістычнай грамадскасці, якой так і не ўдалося зламаць «славянскую карму» Вільні. Магчыма таму некаторыя літоўскія патрыёты асудзілі тэзісы артыкула. На іх думку, аўтар грае на руку польскім шавіністам, якія заўжды марылі «аджаць» Вільню.

Некаторыя каўнасцы, хаця і пагаджаюцца з думкамі публіцыста, асцярожна ўспрымаюць праект Каўнаса як сталіцы. Маўляў, як бы ўсе праблемы Вільні ні сталі праблемамі Каўнаса. Праўда, проста так статус сталіцы вільнюсцы наўрад ці аддадуць. «На самай справе, Каўнас — гэта самая сапраўдная шэрая і невясёлая вёска, населеная русафобамі. Ніколі і ніякая архітэктура аблезлага Каўнаса не параўнуюцца з архітэктурай Вільні», — піша адзін патрыётаў цяперашняй сталіцы.

Адначасова гучаць і свежыя прапановы на гэты конт. Напрыклад, на форумах паўстала фракцыя аматараў Шаўляя. На іх думку, горад павінен прыняць статус сталіцы, паколькі, у адрозненне ад Вільні, знаходзіцца адносна далёка ад Астравецкай АЭС. Плюс — побач з Шаўляем знаходзіцца база NATO. З гэтым варыянтам не пагаджаюцца клайпедцы, якія маюць свой забойны аргумент: «Сталіцы ўсіх нармальных краін Балтыкі знаходзяцца ля мора. Адназначна Клайпеда». Ёсць і больш экстравагантныя прапановы. Так, узгадваюць, што ў краіне назіраецца шалёны адток моладзі за мяжу. Таму аптымальным рашэннем было б перанесці сталіцу Літвы ў Дублін (Ірландыя сёння стала галоўным накірункам для літоўскіх працоўных мігрантаў).

Акрамя ўсяго, не выключана, што скандальная публікацыя — фрагмент рэкламнай кампаніі каўнаскага мэра Вісвалдаса Маціёшайціса. Апошні лічыцца адным з фаварытаў на пасаду прэзідэнта на хуткіх выбарах. Ужкальніс за кошт параўнання квітнеючага Каўнаса і бруднай Вільні па сутнасці намякае, што краіне патрэбны такі лідар, як Маціёшайціс. Калі гэта версія сапраўдная, то перанос сталіцы літоўцам наўрад ці пагражае. Цяперашнія дэбаты — гэта тонкі піяр каўнаскага бургамістра.

Нарэшце, магчыма, прычына з’яўлення артыкулу значна больш банальная. Каментатары не выключаюць, што днямі ў віленскім тралейбусе Андруса злавілі злыя кантралёры. Вось той і абрынуўся на Вільню.