Кшыштаф Занусі расчараваны прысудам Сянцову

Вядомы польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі выказаў расчараванне прысудам свайму ўкраінскаму калегу Алегу Сянцову. Сянцоў асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі нібыта за падрыхтоўку тэракту.



alieh_siancov.jpg

У размове з карэспандэнтам "Радыё Свабода" Занусі заявіў, што судовае рашэнне не спрыяе даверу ў дачыненні да Расіі. Па яго словах, гэта дрэнна для краіны, дрэнна для юрыспрудэнцыі і дрэнна для культуры.

Рэжысёр лічыць, што расійскі суд не выклікаў даверу і не пераканаў грамадскую думку ў справядлівасці свайго рашэння, а гэта вельмі небяспечна.

«Думаю, што палітыкі, да якіх мы, кінарэжысёры розных краінаў, звярталіся, у такія моманты павінны асабліва ўважліва прагледзець і праверыць тое, што робіцца, тое, што адбываецца. Таму што страта даверу ў дачыненні да краіны і яе судоў — гэта вельмі небяспечна», — заявіў Кшыштаф Занусі.

 

Кшыштаф Занусі — лаўрэат галоўнага прыза Венецыянскага кінафестывалю «Залаты леў» (фільм «Год спакойнага сонца», 1984), уладальнік мноства міжнародных і нацыянальных узнагародаў.

Аўтар фільмаў «Дотык рукі», «Чалавек з далёкай краіны», «Брат нашага Бога», «Жыццё як смяротная хвароба, якая перадаецца палавым шляхам», «Персона нон-грата» і шмат якіх іншых.

www.svaboda.org